Сваё прафесійнае свята энэргетыкі адзначаць  22 снежня. На Каляды і Новы год – ад 25 снежня да 7 студзеня – забяспечваць бесперабойную работу электрасетак яны, як заўсёды, будуць ва ўзмоцненым рэжыме.

“Да святаў энэргетыкі рыхтуюцца загадзя, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” начальнік Маладзечанскага гарадскога РЭС Андрэй Гарбачэўскі. – Праводзім праверку закрытых размеркавальных прыстасаванняў, трансфарматарных падстанцый, паветраных ліній. Ліквідуем усе недахопы, каб праблем з  энэргазабеспячэннем падчас святкаванняў не было”.

Па словах Андрэя Гарбачэўскага, выпадкі, калі перад самым Новым годам у кватэрах маладзечанцаў знікала святло, здараліся, але электрыкі выпраўлялі паломкі аператыўна.

Звычайна пасля напружанага навагодняга дзяжурства ў рабоце энэргетыкаў наступае зацішша. Пасля святкавання людзі дні тры-чатыры быццам бы спяць. Званкоў ні з прыватных кватэр, ні ад арганізацый не паступае.

Андрэй Гарбачэўскі раіць жыхарам шматкватэрных дамоў: калі раптам вы адчулі пах гару, убачылі, што міргае лямпачка, трэба тэрмінова выключыць усе свае электрапрыборы – камп’ютары, тэлевізары, пральныя машыны – і выклікаць аварыйную службу. У любы час сутак прыедзе дзяжурны электрык і вырашыць праблемы.

Стаж работы  начальніка Вілейскага раёна электрычных сетак Анатоля Рогача – 42 гады. Паводле яго слоў, за гэты перыяд у Вілейцы няштатная сітуацыя з энэргазабеспячэннем на Новы год здарылася толькі адзін раз. Дзесьці ў 1976 годзе згарэў трансфарматар, некаторыя вуліцы засталіся без святла, людзям прыйшлося запаліць свечкі.

Верагоднасць узнікнення нейкіх здарэнняў з энэргіяй мінімальная, кажа Анатоль Рогач. Ды на гэты выпадак дзеянні аварыйных службаў адпрацаваныя за многія гады. Дырэктар Маладзечанскіх электрасетак Сяргей Сарычаў, у структуру якіх уваходзіць і Вілейскі раён электрасетак, напярэдадні святаў падпісвае загад аб узмоцненым дзяжурстве. Акрамя аператыўна-выязных брыгад, што працуюць кругласутачна, ствараюцца яшчэ дадатковыя брыгады.

Іх работнікі падчас дзяжурства знаходзяцца дома, але павінны быць гатовыя ў любы момант па выкліку выехаць на няштатную сітуацыю, таму асабліва пасвяткаваць ім не даводзіцца. Зрэшты, адзначае Анатоль Рогач, звычайна дадатковыя брыгады энэргетыкаў не задзейнічаюць. Хапае аператыўна-выязных брыгад.

Дзень энэргетыка, які адзначаецца 22 снежня, быў зацверджаны Пастановай Савета Міністраў СССР у 1965 годзе, расказаў Анатоль Рогач. Дата выбраная невыпадкова. Менавіта 22 снежня 1920 года на VIII з’ездзе Саветаў быў прыняты план электрыфікацыі Расіі. Ад 1965 года энэргетыкі і святкуюць прафесійнае свята.

Анатоль Рогач адзначае яшчэ адну цікавую адметнасць: 22 снежня – самая доўгая ноч года. Сімвалічна для энэргетыкаў. Але ніякай сувязі са святочнай датай гэты факт не мае. Проста вось такая іранічная выпадковасць.

Вольга ЮРКЕВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Сяргей ЗЯНЬКО.