Захаваць культурную спадчыну Валожыншчыны, зберагчы беларускую культуру і беларускае слова, быць для сваіх работнікаў не начальнікам, а дарадцам і паплечнікам – такія задачы ставіць перад сабой кіраўнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенці Адамовіч, госць нумара “РГ”.

– Вікенці Мікалаевіч, у музычнай школе вучыліся па класе баяна, а ў вучылішча паступілі на дырыжорска-харавое аддзяленне. Чаму?

– Баянам я займаўся толькі тры гады. Гэтага было недастаткова, каб паступаць на аддзяленне баяна ў вучылішча. Да таго ж, на дырыжорска-харавым аддзяленні ў выкладчыцы Тамары Прончанкі была магчымасць атрымаць універсальныя веды, каб у будучым можна было выкладаць музыку і ў школе, і займацца з музычнымі калектывамі ва ўстановах культуры.

– Вучыцца было цікава?

– Час вучобы ў вучылішчы лічу адным з самых светлых перыядаў маёй біяграфіі. Я ж вясковы хлопец. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Ад ранняга дзяцінства далей Валожына нікуды не ездзіў. Карацей, “цёмны” быў чалавек (усміхаецца). А тут – Маладзечна.

Упершыню ўбачыў чыгунку і электрычку. Жыў у інтэрнаце. Набыў новых сяброў, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Таццянай Шумскай. У вучылішчы спяваў спачатку ў мужчынскім хоры пад кіраўніцтвам Таццяны Грэкавай, потым – у змешаным. Спявалі нават рэквіем Моцарта з аркестрам Рыгора Сарокі. Канешне, было цікава.

– Займаліся толькі харавымі спевамі?

     – Другая частка вучобы – фальклорны калектыў. Тады для нас гэта было новае. Кіравала калектывам Зоя Русель. Мы збіралі народныя традыцыі, абрады, ладзілі выступленні. Вёў канцэртныя праграмы, бо хлопец я гаваркі. На рэпетыцыях так выкладваліся, што ледзь падымаліся на пяты паверх інтэрната. Адзенне было ўсё мокрае – хоць выкручвай. Але нам падабалася тое, чым мы займаемся, і мы былі шчаслівыя.

– Але ж вучоба скончылася. І што было далей?

– Вучоба закончылася ў 1987 годзе, і мы з хлопцамі вырашылі паступаць у Маскоўскую кансерваторыю на ваенна-дырыжорскі факультэт. Рыхтаваліся, для гэтага нават каронкі на зубы паставілі ў маладзечанскай стаматалогіі. Дарэчы, тыя каронкі дагэтуль стаяць. Паехалі ў Маскву, падалі дакументы. І тут высвятляецца, што падчас вучобы давядзецца хадзіць строем, класціся спаць па камандзе “адбой”, а ўставаць па камандзе “пад’ём”. А мы – маладыя максімалісты! Не трэба нам той муштры. Забралі дакументы і паехалі назад. У выніку ўсе пайшлі працаваць па размеркаванні.

– Куды размеркавалі вас?

– У вёску Морач Клецкага раёна. Але працаваць там не прыйшлося. Тагачасны начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Дзмітры Грышкевіч сказаў мне: ты што, у Морач паедзеш? Вяртайся ў родную Сакаўшчыну. І я вярнуўся ў наш сельскі Дом культуры. Вось толькі там папрацаваў ад жніўня да лістапада 1987 года, і мяне забралі ў армію.

– Дзе служылі?

– Дзе толькі не служыў! Гэта былі войскі ўрадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Спачатку быў у Варонежы, у сяржанцкай вучэбцы. Потым па службе пабываў у Ленінакане, Тбілісі, Руставі, Баку. Час быў цяжкі. Армяна-азербайджанскі канфлікт, землятрус у Арменіі. Нам ставілі задачы, і мы іх выконвалі. Забяспечвалі сувязь.

Затое мы, маладыя салдаты, уволю паелі гранатаў, персікаў. Склад войска быў інтэрнацыянальны – казахі, кіргізы, бураты, літоўцы, латышы, расіяне, украінцы, рускія, беларусы. Усе – са сваім нацыянальным менталітэтам. Але ўжываліся мы добра, сябравалі. Скончыў службу восенню 1989 года сяржантам, на прапаршчыцкай пасадзе начальніка станцыі.

– А як жа з музыкай?

– Два гады падчас службы да яе не дакранаўся аніяк. А пасля вярнуўся дадому. І ад 1990 года працаваў у Сакаўшчыне ў Доме культуры, адначасова ў школе, дзе выкладаў музыку і спевы.

– Вы яшчэ і гісторык?

– На гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага завочна паступіў у 1991 годзе. Скончыў, калі ён быў ужо Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, у 1996 годзе. Пасля гэтага ў школе вёў гісторыю, спевы, грамадства, псіхолагам быў, і гадзіны ваеннай падрыхтоўкі былі таксама, вёў групу падоўжанага дня.

Вадзіў дзяцей у паходы, мы ладзілі клубы вясёлых і кемлівых, канцэрты розныя. Мае вучні не забываюць мяне і па сённяшні дзень. Тыя, хто некалі прыйшоў да мяне ў першы клас, цяпер ужо пажаніліся. Запрашалі на вяселлі. А мой вучань, тады адзінаццацікласнік Андрэй Ёда, стаў маім сябрам, а пасля – хросным бацькам майго старэйшага сына.

– Тады была яшчэ ж і клубная работа?

– Была не толькі клубная работа ў Сакаўшчыне. Мяне ўвесь час запрашалі вядучым на раённыя культурныя мерапрыемствы. Я ж малады быў, прыгажэйшы, больш было валасоў на галаве. А калі сур’ёзна, я ўдзячны лёсу за тое, што мне ўвесь час давяралі весці вялікія канцэрты.

– Хутка Новы год. Ці былі калі Дзедам Марозам?

– Сто разоў! І Дзедам Марозам з баянам, і Дзедам Марозам без баяна. І Васілісай Прыгожай, і царэўнай Несмяянай, і клоунам, і паяцам, і прытворшчыкам.

– І праз 15 гадоў работы настаўнікам і культработнікам вам прапанавалі пасаду начальніка аддзела культуры райвыканкама?

– У канцы 2004 года мяне выклікаюць у выканкам. Кіраўнік культуры раёна Сяргей Шаблыка пераводзіўся ў Мінск. Яго пасаду прапанавалі мне. Я кажу: трэба падумаць. Паехаў назад у Сакаўшчыну. Даехаў да школы, а там мяне ставяць перад фактам, што трэба вяртацца назад. Рашэнне аб маім прызначэнні было прынятае без майго роздуму.

– Адміністрацыйная работа моцна адрозніваецца ад працы на сцэне і ў класе?

– На пасадзе начальніка я ад 6 студзеня 2005 года. Прыйшлося шмат чаго вывучыць новага, без чаго працаваць немагчыма, – бухгалтэрыю, эканоміку. А ад самага пачатку нават факсам карыстацца не ўмеў.

– Што цікавага адбылося ў культурным жыцці Валожыншчыны за час вашага кіраўніцтва?

– Самае цікавае, думаю, раённы фестываль-конкурс мастацтва “Красуй, радзіма, квітней жыццё”. Ён ладзіўся ў 2004-2005 гадах да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У фестывалі ўзялі ўдзел установы культуры, прадпрыемствы, сельсаветы, сельгаскааператывы.

Праходзілі канцэрты, выставы народнай творчасці. Такі быў пад’ём творчай думкі! А гледачы не змяшчаліся ў валожынскім кінатэатры.

Для мяне ж асабіста самае цікавае тое, што я, не ведаючы добра раёна, дзякуючы сваёй рабоце, цяпер ведаю кожную вёсачку. Больш за тое – ведаю вобласць, краіну, пабываў у Маскоўскай і Ніжагародскай абласцях Расіі. І цяпер увесь час адкрываю для сябе новыя творчыя моманты, новых цікавых людзей, новыя прыгожыя мясціны.

– Ці лёгка кіраваць людзьмі?

– Напэўна, гэта самае цяжкае, што толькі можна сабе ўявіць. Цяжка кіраваць аркестрам, дзе іграюць на розных музычных інструментах, – скрыпічная група, духавая, ударная. Кожны іграе сваю партыю, а трэба, каб атрымаўся адзіны цэласны твор.

Дык вось, кожны чалавек – нашмат больш складаны механізм, на якім іграць падчас проста небяспечна. Таму для сябе я выпрацаваў галоўны прынцып узаемадзеяння са сваімі супрацоўнікамі. Гэта прынцып узаемаадносінаў не начальніка з падначаленым, а двух партнёраў, аднадумцаў, якія заўсёды раяцца паміж сабой і дапамагаюць адно аднаму.

– Значыць, як начальнік, вы ліберал, а не дыктатар?

– Канешне, я ліберал. Але разам з тым сядзець у мяне на шыі і боўтаць нагамі я не дазволю нікому. Я чалавек прамы. Для мяне белае – гэта белае, а чорнае – гэта чорнае. Гаварыць адно, думаць другое, а рабіць трэцяе не ўмею.

Хаця пасада начальніка парой не дазваляе сказаць тое, што хочаш сказаць. Трэба заўсёды думаць, каб не пакрыўдзіць чалавека. Знайсці такія словы, каб для работы ў яго выраслі крылы. Я сам такі: з мяне можна віць вяроўкі. Зраблю ўсё, што папросяць. Калі папросяць па-добраму. Калі будуць біць кулаком па стале, я таксама зраблю, але не выношу да сябе такіх адносінаў.

– Цяжка працаваць, калі ўсе адпачываюць?

– Спачатку гэта цікава, пасля – усё цяжэй, цяжэй і цяжэй. Потым даходзіш да нейкай кропкі, калі думаеш: усё, трэба кідаць! І адразу раптам разумееш, што ўжо не можаш кінуць. Не памятаю, хто напісаў, але ёсць цудоўныя радкі: “Ніхто не прымушаў. Я выбраў сам жыццё з тэмператураю кіпення”. І сёння ў культуры працуюць апантаныя людзі. Крышку вар’яты, на якіх едзе гэты свет.

– Што такое інтэлігентнасць?

– Напэўна, гэта – стан душы і нейкія асаблівыя адносіны да наваколля і да людзей. Такі цяжкі крыж – не быць эгаістам, адсоўваць уласныя інтарэсы на задні план. Не ўжываць часта займеннік “я”. Рабіць для людзей добрыя справы. Інтэлігентнасць – гэта спагадлівасць, суперажывальнасць і самаахвярнасць.

– Любіце чытаць?

– У дзяцінстве я вельмі шмат чытаў. Нават па начах з ліхтарыкам пад коўдрай. Любіў і прозу, і паэзію. Беларускіх, рускіх аўтараў. Колас, Купала, Дунін-Марцінкевіч – глыбы, якіх чытаеш і, здаецца, што пісалі яны для сённяшняга дня. У Марцінкевіча:

Сягодня ўсё інакш, змяніліся і людзі.

Сягодня спекуляцыя – хто больш здабудзе –

Валодае людзьмі. Нямецкія рахункі

Адносіны ўвялі ўжо ў іншыя кірункі…

Сягодня сэрца не шукай,

Яно ў манеце.

Паглядзіце: ён напісаў гэта ў ХІХ стагоддзі, а мне здаецца, што гэта пра сённяшні дзень.

Сумна, але цяпер больш чытаю афіцыйныя дакументы, чым літаратуру. Вось такая “дэградацыя” асобы…

– Мая калега, спартыўны журналіст, кажа, што начальнік аддзела культуры павінны быць такі мякенькі. У вас нядрэнная спартыўная форма. Калега нават цікавіцца, калі Вікенці Адамовіч скончыў займацца баскетболам?

– Я і не пачынаў. Валейболам займаўся, плаваннем, настольным тэнісам. Але на аматарскім узроўні. На спаборніцтвы па плаванні неяк ездзіў на Нарач выступаць за ўпраўленне культуры. Я ж па гараскопе рыба. Рыба, якая ў Заходняй Бярэзіне гадавалася, пачынаючы з канаваў і начовак.

Займаўся таксама турызмам. Яшчэ з часоў музвучылішча хадзіў у паходы. Цяпер дома ёсць невялічкі трэнажор. Не прамінаю і ў валейбол згуляць, калі да спартзалы дабяруся. Але на спорт часу цяпер вельмі мала. Я ж дома і за маму, і за тату пасля таго, як у 2007 годзе не стала жонкі.

– Як вы спраўляецеся пры такім напружаным графіку работы гадаваць дзяцей?

– Заўсёды спраўляецца з усім той, хто шмат робіць. Уставаць трэба раней і пазней класціся. У сваім доме ў Сакаўшчыне мне трэба паспець і каля пліты пастаяць, і ўборку зрабіць, і бялізну памыць. 10 разоў за сезон трэба скасіць пустазелле вакол дома, паглядзець за садам. Трэба, каб і халадзільнік не быў пусты, і ў склепе былі запасы. Усё гэта ў мяне ёсць. З іншай жанчынай яшчэ магу паспрачацца наконт парадку ў гаспадарцы. Саджу бульбу, вырошчваю дурніцы, слівы. Трымаю курэй і двух катоў. Так што спорту мне хапае і без валейбола.

– Мне цяжка задаваць пытанні пра ваша асабістае жыццё…

– Калі памерла жонка, я думаў, мы не зможам жыць, не вытрываем. Я бачыў, што мае хлопцы вельмі напружаныя. Ці зможа бацька замяніць маці? Але мы здолелі. Мы ўсё вытрымалі. Канешне, мне шмат хто раіць: жаніся, будзе лягчэй. Не ведаю… мы спраўляемся самі.

І потым, каб дзеці былі альбо зусім маленькія, альбо зусім дарослыя, магчыма, я і кінуўся  б у нейкія жаніцьбы. Але ж для гэтага трэба хаця б пакахаць, перабудаваць сябе. Я пакуль лічу, што не магу змяніць сітуацыю. А калі не можаш змяніць, трэба яе адпусціць. Я і адпусціў. Проста жыву. Раніцай устану, зраблю дзецям сняданак. Расстаўлю талерачкі, раскладу лыжачкі, відэльцы.

Потым яны самі ідуць у школу, самі прыходзяць дадому. Здараецца, я затрымліваюся на рабоце, таму хлопцы ў мяне самастойныя. Так і спраўляемся.

– У вёсцы, напэўна, жыць цяжэй, чым у горадзе? Не думалі перабрацца ў Валожын?

– Мне абяцалі кватэру, але я ўсё адно вясковы чалавек. Тут я і бацьку адведаю. Яму 83 гады, жыве ў чатырох кіламетрах ад мяне. Прайшоў ГУЛАГ. Як вораг народа быў асуджаны на 25 гадоў, да амністыі на рудніках правёў восем. Схаджу на магілу да маці. Яна памерла 12 снежня 2004 года. Перад самым маім прызначэннем на цяперашнюю пасаду.

А потым, я не люблю гарадоў, асабліва вялікіх. З’езджу ў Мінск – і ён забірае ўсю маю энэргію. Тады мне тэрмінова трэба вярнуцца дадому, пакорпацца ў зямлі. Што-небудзь пасадзіць альбо што-небудзь выбраць. Мая зямля дае мне сілы цягнуць гэты жыццёвы воз.

– Чаго вы ніколі не змаглі б дараваць чалавеку?

– Напэўна, я змог бы дараваць усё. Былі ў жыцці сітуацыі, калі людзі рабілі мне дрэнна, білі ў спіну. Першы тыдзень я гатовы ледзь не забіць таго, хто пакрыўдзіў. Праходзіць час, і на халодную галаву я думаю: не так усё і дрэнна. Няхай гэтаму чалавеку суддзёй будзе Бог.

– Чаго вам не хапае ў жыцці?

– Ведаеце, жыццё вельмі самадастатковае. Яно дае чалавеку ўсё. Гэта мы не кожны раз можам усё ад яго ўзяць, праходзім міма нейкіх рэчаў. У мяне ёсць дзеці, побач – добрыя людзі. І здаецца, хапае ўсяго. Не хапае толькі маці і жонкі. Той жонкі, якая была… Ды яшчэ, мабыць, вольнага часу.

– Чаго ў жыцці з лішкам?

– Турбот, работы, адказнасці за людзей і за выкананне сваіх працоўных абавязкаў.

– Што б вы пажадалі чытачам “Рэгіянальнай газеты”?

– Як начальнік аддзела культуры: захоўвайце наш вялікі беларускі пласт культуры і родную мову, абрады, традыцыі. Не дапусціце, каб здарылася так, як сказаў Мікола Шабовіч: “Няўжо настане час, і хлопчык светларусы напіша сумны сказ: “Памерлі беларусы”.

Як чалавек, я хачу, каб у людзей было больш светлага ў жыцці. І каб яны памяталі: чалавек здольны вытрымаць усё. Нават самыя страшныя выпрабаванні лёсу. А яшчэ, у кожнага павінна быць мэта ў жыцці. Адкажыце сабе, для каго вы жывяце: для сябе, для людзей, для Бога?

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Даведка “РГ”.