Спаборніцтвы на кубак завода металічных канструкцый па міні-футболе прайшоў 12-13 снежня ў спартзале фізкультурна-аздараўленчага комплексу завода. Удзельнічалі восем камандаў з прадпрыемстваў горада і раёна. Перамогу атрымалі гаспадары, каманда ЗМК.

Начальнік комплексу Уладзімір Жукоўскі расказаў у інтэрв’ю “РГ”: спаборніцтвы былі прысвечаныя 10-годдзю спартыўнай арэны прадпрыемства, якая была пабудаваная ў 1999 годзе.

Каманды былі падзеленыя на дзве групы. У групу “А” трапілі: “Маладзечнамэбля”, “Унікаб”, ЗМК, “Пуцеец”. Групу “В” склалі: “Забудова”, “Белхол”, ЖБК, “Лакаматыў”.

Па выніках групавых спаборніцтваў у паўфінал з груп выйшлі па дзве лепшыя каманды, якія занялі першыя і другія месцы. Адпаведна ў групе “А” гэта ЗМК і “Пуцеец”, у групе “В” – ЖБК і “Забудова”.

За выхад у фінал металаканструктары не пакінулі шансаў чысцінскай “Забудове”. Лік – 6:0 на карысць гаспадароў. Другі паўфінал быў больш упарты. Футбалісты ЖБК і “Пуцейца” так і не здолелі высветліць адносіны ў асноўны час гульні. Яна закончылася з лікам 3:3. Пасляматчавыя пенальці білі таксама аднолькава: па тры забітыя мячы і па два промахі. Толькі дуэль варатароў з кропкі вызначыла фіналіста. Больш дакладным аказаўся галкіпер “Пуцейца”.

Фінал ЗМК-“Пуцеец” абяцаў быць цікавым. Такім ён і стаў. Хаця спачатку здавалася, што ў гаспадароў праблем не будзе. Па ходзе гульні яны вялі 4:1. Але пуцейцы здолелі выраўняць гульню, і канцоўка атрымалася напружанай. Усё ж металаканструктары вырвалі перамогу. Лік – 6:5 на карысць гаспадароў спаборніцтваў.

Пераможцы атрымалі кубак і грашовую прэмію – 80 тысяч рублёў. Былі вызначаныя лепшы палявы гулец і лепшы варатар. Лепшым гульцом прызнаны Сяргей Корсак, які выступаў за ЗМК, лепшым галкіперам – Аляксандр Сафонаў з ЖБК.

Вынікі гульняў

Група “А”:

“Маладзечнамэбля” – “Унікаб” –  3:5

ЗМК – “Пуцеец” –                       7:4

“Унікаб” – ЗМК –                        6:8

“Пуцеец” – “Маладзечнамэбля” – 5:5

ЗМК – “Маладзечнамэбля” –        2:1

“Пуцеец” – “Унікаб” –                7:4

 

Група “В”:

“Забудова” – “Белхол” –             6:3

ЖБК – “Лакаматыў” –                 8:3

“Белхол” – ЖБК –                       0:9

“Лакаматыў” – “Забудова” –        2:6

ЖБК – “Забудова” –                    8:3

“Лакаматыў” – “Белхол” –           6:1

Сяргей ЗЯНЬКО.