У аўторак, 15 снежня, завяршыўся першы ў горадзе турнір па міні-футболе сярод дзяўчат 1995-1997 гадоў нараджэння. Пераможцамі турніру стала каманда СШ №14.

У турніры ўдзел прымалі дзяўчаты з васьмі устаноў адукацыі: гімназіі-каледжа мастацтваў, СШ №№11, 2, 8, 14, 1, гімназій №№ 6 і 7. Гульні праходзілі кожны дзень ад 5 снежня ў спартыўнай зале СШ №14.

– Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла каманда СШ №14, – расказаў “РГ” метадыст дзіцяча-юнацкай спартшколы па футболе Анатоль Ішчанка, – другое месца ў дзяўчат СШ №11, трэцімі сталі юныя футбалісткі з СШ №1. Прызёры атрымалі дыпломы і вымпелы, а каманда-пераможца – кубак і балонневыя курткі.

Галоўная судзейская калегія вызначыла лепшых гульцоў першага турніру па міні-футболе. Універсальнай футбалісткай названая Анастасія Унукоўская з каманды СШ №1, лепшым абаронцам стала Вера Станкевіч з СШ №11. Каця Філістовіч з СШ №11 прызнаная лепшым бамбардзірам, а Насця Буткевіч з СШ №14 атрымала тытул лепшага варатара.

Лепшымі трэнерамі сталі Сяргей Ляшчынскі (СШ №14), Леанід Лісота (СШ №1), Ігар Крук (СШ №11).

Наступны турнір па міні-футболе сярод дзяўчат плануецца правесці ў сакавіку наступнага года.

Надзея СТАНКЕВІЧ.