Першая электрычная сетка на тэрыторыі сённяшняга Маладзечна была змантаваная ў маёнтку Бухаўшчызна (Бухаўшчына) у канцы пазамінулага стагоддзя на паравым спіртаачышчальным заводзе ля чыгуначнай станцыі Маладзечна.

Маладзечанскія энэргетыкі на першамайскай дэманстрацыі, 1964 год.

1950 год. Работнікі вілейскай дызельнай электрастанцыі.

Афіцыйны ж юбілей – 60 год – Маладзечанскія электрасеткі адзначаюць сёлета.

Адлік сваёй дзейнасці Маладзечанскія электрасеткі (МЭС) – самае буйное энэргетычнае прадпрыемства рэгіёну – вядуць ад 28 верасня 1949 года, калі адбыўся пуск першай часткі электрастанцыі з паравым катлом “Мітчэл”, што працаваў на каменным вугалі. Турбіна фірмы “Броўн-Вавэрн” 1922 года выпуску магла выдаць магутнасць толькі ў 500 кілават.

Але задоўга да гэтага ў красавіку 1896 года ў Віленскае губернскае ўпраўленне звярнуліся дваране Вілейскага павета Іпаліт Гечэвіч (маёнтак Вязынь) і Аляксандр Любанскі (маёнтак Любань) з прашэннем дазволіць пабудаваць ім у маёнтку Бухаўшчызна (Бухаўшчына) каля чыгуначнай станцыі Маладзечна паравы спіртаачышчальны рэктыфікацыйны завод.

Атрымаўшы дазвол, яны 14 сакавіка наступнага года просяць будаўнічае аддзяленне таго ж упраўлення аб аглядзе гэтага завода, бо работы на ім былі закончаныя.

Камісія на чале з губернскім архітэктарам Полазавым канстатавала, што на заводзе без праекта і спецыяльнага дазволу было змантаванае электрычнае асвятленне.

На першым паверсе завода была ўстаноўленая дынамамашына пастаяннага току магутнасцю 3 тысячы 740 ват, якая развівала пры напружанні 110 вольт сілу току ў 34 амперы. Генератар прыводзіўся ў рух з дапамогай раменнай перадачы ад паравой машыны.

Асвятленне было ўсталяванае ва ўсіх 20 памяшканнях завода на чатырох яго паверхах і складалася з 50 лямпачак напальвання і трох дугавых. Апошнія асвятлялі тэрыторыю прадпрыемства.

Давялося гаспадарам заказваць тэрмінова ў Віленскай паштова-тэлеграфнай акрузе праект на гэтыя работы і выпраўляць хібы ў мантажы электраабсталявання.

Новая камісія пры паўторным аглядзе завода 12 лютага 1901 года заўважыла, што ў казённым вінным складзе Віленскага акцызнага ўпраўлення, што знаходзіўся побач, таксама працуе самастойная электрычная ўстаноўка.

Паравая ўстаноўка ў шэсць конскіх сіл прыводзіла ў работу дынамамашыну пастаяннага току магутнасцю 4 тысячы 400 ват для асвятлення 13 вытворчых памяшканняў і тэрыторыі завода, дзе выкарыстоўваліся 50 лямпачак напальвання і два дугавыя ліхтары.

Аляксандр Іванавіч Любанскі быў не толькі добрым гаспадарнікам, але і добразычлівым мецэнатам. На яго бровары ў маёнтку Яхімоўшчына ў 1906-1907 гадах працаваў памочнікам вінакура будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. У пачатку ХХ стагоддзя свой участак зямлі ў Вілейцы ён выдзеліў пад узвядзенне касцёла і быў старшынёй будаўнічага камітэта.

Восенню 1906 года на ўскраіне Вілейкі ён здае ў эксплуатацыю лесапільны завод, дзе таксама запрацавала малатокавая электрычная ўстаноўка ў тры кілаваты. Дзейнічала яна яшчэ і ў 50-я гады мінулага стагоддзя.
Тыя ж Іпаліт Гечэвіч і Аляксандр Любанскі ўсталявалі электрычнае асвятленне і ў сваіх маёнтках Вязынь і Любань, дзе дзейнічалі вінакурныя заводы і былі паравыя машыны.

У 1908 годзе ў мястэчку Вішнева (цяпер Валожынскі раён) была адкрытая новая запалкавая фабрыка купца Нахіма Рома, на якой пачаўся выпуск “шведскіх” запалак. Для выпрацоўкі электраэнэргіі тут прымяняўся рухавік “Электра” магутнасцю 11 конскіх сіл, які працаваў ад бензіну і газы.

Маладзечанскія электрасеткі сёння

Маладзечанскія электрасеткі (МЭС) сёння – буйное структурнае падраздзяленне Мінскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінскэнэрга”. У склад МЭС уваходзяць пяць раёнаў электрычных сетак, якія забяспечваюць электраэнэргіяй Маладзечанскі, Мядзельскі, Валожынскі і Вілейскі раёны Мінскай вобласці. Цяплом – Маладзечна і Вілейку. МЭС маюць сертыфікат сістэмы мэнэджмэнта якасці на адпаведнасць міжнароднаму стандарту ІСО 9001:2008. Агульная колькасць работнікаў ва ўсіх падраздзяленнях МЭС – 1 тысяча 463 чалавекі.

Анатоль РОГАЧ, начальнік Вілейскага РЭС.

Ад рэдакцыі. Гэта публікацыя – першая з серыі аб развіцці энэргетыкі ў нашым рэгіёне. Працяг тэмы ў бліжэйшых нумарах “РГ”.