Фінальны турнір Мінскай вобласці па валейболе сярод навучэнак сярэдніх спецыяльных устаноў прайшоў 18-20 снежня ў спартыўнай зале СШ №14. Дзяўчаты маладзечанскіх гандлёва-эканамічнага і політэхнічнага каледжаў занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Па кругавой сістэме згулялі пяць камандаў. Смілавіцкі сельскагаспадарчы каледж і Барысаўскае медыцынскае вучылішча выглядалі статыстамі. Яны занялі чацвертае і пятае месцы.

Цэнтральнай стала перадапошняя гульня турніру паміж дзяўчатамі Нясвіжскага педагагічнага каледжа і Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Да гэтай сустрэчы абедзве каманды не прайгралі ніводнага матча. У сустрэчы паміж сабой саперніцы паказалі фантастычны валейбол.

Было тут усё: і заўчасная радасць, і дзявочыя слёзы. Першую партыю маладзечанкі выйгралі з лікам 25:18. У другой нашы вядуць 20:13. Нішто, здавалася, не прадвяшчала праблем. Толькі ці то ўдача адвярнулася ад маладзечанскай каманды, ці то рана дзяўчаты супакоіліся, але валейбалісткі з поўдня вобласці вырываюць перамогу ў другой партыі з лікам 25:22.

Затым нясвіжскія дзяўчаты выйграюць і трэцюю партыю, а разам з ёй і першае месца турніру. Вельмі трапнымі былі ацэнкі аднаго з гледачоў: “Што значыць заўчасная супакоенасць!” — для Маладзечна. “Вось гэта кураж!” — для Нясвіжа.

Такім чынам, дзяўчаты гандлёва-эканамічнага каледжа занялі толькі другое месца, юныя валейбалісткі з Маладзечанскага політэхнічнага каледжа сталі трэцімі. Капітан політэхнічнай каманды Алена Клімовіч названая лепшай валейбалісткай турніру.

Сяргей ЦІМОШКА.