Субота. На Цэнтральнай плошчы Маладзечна прадаюць ёлкі. Пакуль мама з татам выбіраюць лясную прыгажуню, іх дачка лепіць снежкі.

“Кінь, – ушчувае малую маці, – а то рукавічкі будуць мокрыя”. “Не аддам снег”, – хліпае носам дзяўчынка і прыціскае да сябе белы вялікі камяк. Тое ж хацелася сказаць у панядзелак раніцай і мне, калі знаёмая, з якой разам ішлі на работу, паведаміла, што на Беларусь рухаецца нейкі спецыфічны цыклон з поўдня, які прынясе цёплае надвор’е.

“Зноў Новы год без снегу, – падумала пра сябе, – зноў на Цэнтральнай плошчы горада ёлка будзе стаяць у лужыне. І, праходзячы міма яе, хочаш ці не хочаш, а пачнеш губляцца ў часе. Маўляў, што гэта: ёлку так рана паставілі ці прыняць забыліся?

Тут жа пашкадавала каток, на якім усе выхадныя весялілася моладзь. Ён жа таксама растане! А так цікава было назіраць з акна кватэры за “фігурыстамі”, што адточвалі там свае канькі. Пад агульныя смех і тлум, што панавалі з раніцы ў нядзелю да гадзін гэтак 12 ночы, нават успомніла зімовыя забавы свайго дзяцінства.

Катка, а вырасла я ў вёсцы, у нас ніхто не заліваў. Рабіла гэта сама прырода. Як толькі ўдаралі маразы, у імгненне вока замярзаў стаў, што ў цэнтры вёскі. Вось там, расчысціўшы пляцоўку, можна было на каньках пакатацца, у хакей пагуляць, на санках пакоўзацца. Адно было небяспечна: дзялілі мы гэта месца з рыбакамі, якія, перш чым закінуць вуду, рабілі ў лёдзе лункі. Матулі і бабулі, выпускаючы з дому пагуляць, штодня ўкладалі нам у галовы адно і тое ж: на стаў не хадзіць, пра Беразіну, па берагах якой была пракладзеная лыжня, нават не думаць. Але цягнула нас на той стаў, бы смалой. Гойсалі і ля ракі. Адкуль прыходзілі з поўнымі ботамі снегу, у абледзянелых штанах, якія, калі знімеш, стаялі ля печкі, у мокрых, быццам бы толькі што выцягнутых з вады, рукавіцах.

Што такое зіма, ведаў і мой старэйшы сын. І не раз паўтараў маміны дзіцячыя подзвігі. Катаючыся з горак у парку, ламаў санкі, лыжы, набіваў шышкі, рваў штаны. Для прафілактыкі крышку падсыпалі. А пасля яшчэ суткі перажывалі, каб не захварэў. Бо не раз, распранаючыся і здымаючы мокрае, выкачанае ў снезе адзенне, быў падобны на варанага рака.

Мне здаецца, што зіма перастала быць зімою гадоў гэтак сем-восем назад. Новы год на дварэ, а ў яе ні марозу, ні снегу не дапросішся. Сыпане якую жменю ды гультуе. І няма ёй ніякай справы да таго, што канькі на паліцах ржавеюць, санкі ў падвалах сумуюць, футры моль даядае. Не будзеш жа ў іх рассякаць па вуліцы, калі тэмпература +2, а з неба лье дождж.

Гэтая самая імгла, што без перапынку сыпалася ўвесь дзень, псавала людзям настрой не раз. Некалькі гадоў таму народ, што сабраўся на Цэнтральнай плошчы Маладзечна ў навагоднюю ноч, нават не змог як след пацешыцца салютам. Неба зацягнулі шэрыя хмары, якія, расставіўшы свае чорныя лапішчы, хавалі вогненную прыгажосць.

Сёлета сіноптыкі абяцаюць на свята снег і два градусы марозу. “О, самае надвор’е, – узрадаваўся адзін знаёмы дзя-дзька, – а то як жарнула -19, я нават спужаўся. Дакладна, думаю, вушы адмарожу. Я ж люблю ў навагоднюю ноч па сваяках пахадзіць. А там, як вершык раскажаш ці песню спяеш, на-лі-ва-юць!” І з такім смакам ён гэта сказаў, што не стрымалася, каб не засмяяцца. “Бачыш, настрой табе падняў, – зарагатаў мужчына. – А гэта напярэдадні свята – галоўнае!”. Вось і вам, даражэнькія нашы чытачы, настрою! А з Новым годам павіншуемся праз тыдзень.