Кіраўніцтва футбольнага клуба “Смаргонь” абяцае 29 снежня выплаціць футбалістам зарплату за тры месяцы, нявыплачаную своечасова. Для гэтага ў адным з банкаў клуб возьме крэдыт.

Дырэктар ФК “Смаргонь” Аляксандр Лобан паведаміў пра гэта ў інтэрв’ю “РГ”. Паводле яго слоў, каб разлічыцца з футбалістамі, клуб возьме ў банку пазыку ў памеры прыкладна 160 мільёнаў рублёў. Пакуль футбалісты і трэнеры знаходзяцца ў адпачынку. Кантракты ў гульцоў заканчваюцца 31 снежня. І пакуль невядома, хто застанецца ў клубе, а хто – не.

Футбольны эксперт “РГ”, балельшчык Мікалай Кіндра расказаў нашаму выданню: прайшла нарада, на якой былі абвергнутыя размовы сярод балельшчыкаў пра тое, што клуб “Смаргонь” увогуле можа спыніць сваё існаванне. Такія размовы вяліся ў кастрычніку і лістападзе, калі канчаткова стала відавочна: “Смаргонь” развітаецца з вышэйшай лігай.

На нарадзе галоўны трэнер каманды Аляксандр Лісоўскі адзначыў, што ён будзе працаваць з камандай, набраўшы ў яе новых гульцоў, калі былыя футбалісты не захочуць прадоўжыць кантракты. Па словах трэнера, трэба будзе ўзяць шэсць вопытных футбалістаў, якія складуць касцяк каманды, яшчэ шэсць – ім у дапамогу для асноўнага саставу, шэсць перспектыўных гульцоў і шэсць маладых.

Цяпер ставіцца задача стварыць новую каманду, якой у бліжэйшы час не трэба ставіць высокіх задач. Футбалістам трэба згуляцца, для гэтага спатрэбіцца два-тры гады. Хацелася б ужо цяпер набіраць выхаванцаў мясцовай спартыўнай школы, каб балельшчыкі глядзелі на гульню сваіх землякоў. Але пакуль гэта немагчыма. Каб вырасціць дастойных уласных выхаванцаў, трэба пяць-шэсць гадоў.

Па словах Мікалая Кіндры, на нарадзе гаварылася таксама, што бюджэт ФК “Смаргонь” на 2010 год будзе адпавядаць бюджэту 2009 года. Грошай хопіць для выступлення ў першай лізе. У гэтым запэўніў прысутных старшыня савета футбольнага клуба, старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой, а таксама прадстаўнік спонсара каманды, завода “Смаргоньсілікатабетон”.

Футбалістам установяць аклады, за перамогі будуць выплачваць прэміяльныя. Калі будзе магчымасць, у выпадку ўдалага выступлення каманды, гульцам зарплату будуць павышаць. Цяпер, пакуль футбалісты ў адпачынку, яны чакаюць больш прывабных прапаноў ад іншых клубаў. Плануецца, што тыя, хто застанецца, і новыя футбалісты збяруцца разам у канцы студзеня.

Сяргей ЗЯНЬКО.