Атрыбутаў для стварэння святочнага настрою сёння безліч. Якія з іх асноўныя? Без чаго не абысціся на Новы год, каб зладзіць навагодні цуд для дзіцяці?

Што з навінак не прайшло “апрабацыю”, а што ўкаранілася ў жыццё цяперашніх малечаў? Як цяпер праходзіць падрыхтоўка дзяцей да галоўных святаў, мы дазналіся ў смаргонцаў.

Шыць, купляць ці браць напракат?

Зэканоміць на касцюме можна некалькімі спосабамі. Адзін з іх – пашыць самім. З улікам купленай тканіны гэта абыдзецца ў два разы танней за пакупку.

Тым больш, што ў Смаргоні для карнавальнага касцюма можна купіць нават пластмасавыя вочкі. Акрамя таго, касцюм можна пазычыць або набыць праз аб’яву.

4-гадовая дачка Ліны на святочным ранішніку будзе Бабкай Ёжкай.

– Такія ролі выдаваліся ў дзіцячым садку, – распавядае Ліна. – Перад кожным святам вывешваецца спіс, каму які касцюм рыхтаваць. У гэтым годзе палова дзяўчынак будуць сняжынкамі, палова – Бабкамі Ёжкамі. Дачка спачатку пратэставала супраць гэткай ролі, але потым змірылася: “Раз выхавальніца сказала, значыць буду”.

У продажы такіх касцюмаў няма, таму давялося шыць. Але шыла знаёмая, да таго ж дома знайшлася тканіна – набываць не давялося. У выніку касцюм атрымаўся бясплатны. Самі зрабілі памяло з нітак. Цяпер займаемся пошукам парыка або хусткі. Толькі дожджык яшчэ трэба набыць – тысяч 10 спатрэбіцца”.

У мінулым годзе Ліне давялося купляць сукенку, туфлі, дожджык для касцюма сняжынкі – усё гэта абышлося ў 70 тысяч.

Можна, канешне ж, узяць касцюм напракат. Калі дзяўчынцы выпадае роля сняжынкі, праблемаў з гэтым няма – у вясельных салонах дастаткова святочных белых сукенак нават для самых маленькіх. Праблема ў тым, што пракат абыдзецца хіба не даражэй за куплены касцюм. У смаргонскіх салонах кошт пракату такой сукенкі – 20 долараў.

Юлінаму сыну тры з паловай гады. У мінулым годзе ісці на Новы год у садок ён не хацеў увогуле, бо баяўся Дзеда Мароза. У гэтым годзе ўжо не баіцца, бо ведае, што Дзед Мароз носіць цукеркі. Хлопчыку набылі касцюм бычка за 35 тысяч.

– Увогуле, у Смаргоні зусім малы выбар, – кажа Юля, – але нам пашчасціла, бо сыну касцюм вельмі спадабаўся. Самыя танныя касцюмы, якія давялося сустрэць у крамах, каштавалі 28 тысяч.

Галіна мае добры досвед пераднавагодніх збораў дзіцяці. Яе сын наведвае старэйшую групу дзіцячага садка:

– У мінулым годзе мы давалі аб’яву ў газету – нам тэлефанавалі, прапаноўвалі розных персанажаў, але муж прывёз касцюм Мішкі, які прыйшоўся ўсім даспадобы. Сёлета набылі касцюм Пірата – сын некалькі дзён яго не здымаў, бегаў па кватэры. Разбег цэнаў у горадзе, з якімі сутыкалася, – ад 46 да 78 тысяч. Увогуле ж, з рук можна набыць касцюм у два разы таннейшы”.

Ізноў сняжынка?

Ірына – прадавец адной са смаргонскіх крамаў. Калі бацькі вядуць дзяцей з дзіцячага садка, то заходзяць сюды азнаёміцца з асартыментам. Пры мне дзяўчынцы, якая толькі навучылася хадзіць, мама набывае серабрыстую карону – паўнавартаснага касцюма на такую маленькую не знайсці.

– Усе касцюмы ў нас гомельскай вытворчасці, – распавядае Ірына, – каштуюць па 48 тысяч. Іх звычайна выбіраюць згодна з ролямі, прызначанымі ў садку. Часам прыходзяць са складанымі просьбамі. Як, напрыклад, нядаўна бацькі шукалі касцюм Бегемота – такую ролю далі дзіцяці для ранішніка. У нас жа звычайны хадавы асартымент – Мышаня, Пеўнік, Гномік, Тыграня, Божая кароўка, Балонка, Качаня, Далмацінец, Воўк, Кот Матроскін, Зайчык. Напісана, што касцюмы для дзяцей ад трох да сямі гадоў, але бяруць і для двухгадовых.

У гэтым годзе слабенькі гандаль. Асабліва складана з касцюмамі для дзяўчынак – іх амаль не бяруць, бо на ранішніках дзяўчынкам звычайна прызначаецца роля сняжынак. Цяпер жа і хлапечы асартымент не вельмі добра разыходзіцца – бацькі дзеля эканоміі стараюцца шыць самі.

Салодкія падарункі

У групе Лінінай дачкі летась падарункі бацькі збіралі самі і пакавалі ў аднолькавыя навагоднія скрыначкі, папярэдне падпісаныя.

– Гэта было абумоўлена алергіяй дзяцей на некаторыя прысмакі. Прычым вельмі спадабалася палітыка выхавальніц у гэтым плане: каб дзеці не зайздросцілі адзін аднаму: “Яму паклалі кіндэр-сюрпрыз, а мне не” – іх папрасілі адкрыць падарункі дома.

У гэтым жа годзе падабралася група, у якой практычна няма алергікаў. Мы проста склаліся па 10 тысяч беларускіх рублёў і набылі па 400 грамаў цукерак кожнаму – атрымалася па 8 з рэштай тысяч. Астатняе пойдзе на цукеркі для выхавальніц.

– На падарункі збіралі па 15 тысяч, – распавядае Галіна, – кіндэр-сюрпрыз і цукеркі. Я прапаноўвала варыянт з розным змесцівам падарункаў – у залежнасці ад густу дзіцяці. Але бацькі апасаюцца, што дзеці пакрыўдзяцца, убачыўшы ў іншых падарунках штосьці, чаго няма ў іх.

“Справа не ў складніках падарунка”

Валянціна – маці пяцікласніцы Алісы:

– Мы ўжо даўно нічога не збіраем у школе. Нават у малодшых класах з гэтым было складана. Два гады таму толькі бацькі падарылі дзецям на Новы год радыёпрыёмнікі з навушнікамі. Я сабрала грошы, набыла прыёмнікі – дзеці былі рады, і адна мама нават распавядала, што ходзіць з прыёмнікам на працу.

Я – за тое, каб адчуць радасць ад школы ў нефармальных абставінах. Але аднадумцаў штосьці не знаходзіцца. Тут справа нават не ў падарунках. У дачкі ўсё ёсць, але бачылі б вы, з якой радасцю яна прыносіла падораныя размалёўкі і нататнічкі. І калі б стаяла пытанне аб падарунках, я б адназначна выбрала варыянт “аднолькавыя”. Па-першае, як я казала, не ў складніках справа: не любіць мандарыны – падорыць сябру, сястры, бацьку. Па-другое – як педагог, ведаю, што лепш адсутнасць падарункаў, чым розныя, бо дзеці ёсць вельмі крыўдлівыя.

І яшчэ адзін аспект – не ва ўсіх аднолькавы дастатак і не ўсе бацькі разумеюць патрэбы сваіх дзяцей. Я сустракалася з выпадкамі, калі на ранішніках Дзед Мароз адным дарыў машынку з радыёкіраваннем, а другім – набор алоўкаў.

Я часта згадваю сваіх былых вучняў у вясковай школе – Машу і Сашу. Маша – з беднай сям’і, дзе няма за што паставіць ёлку. Кажа: “Дзеда Мароза не існуе, гэта ўсё бацькі набываюць, калі грошы ёсць”. “Як не існуе?” – абураецца Саша, сын забяспечаных бацькоў. – Мне ж прынёс новыя джынсы, машынку і цукеркі!”

Фота і відэа

На кожны ранішнік бацькі скідваюцца на відэаздымку, – працягвае Галіна спіс навагодніх расходаў. – Гэта каштуе 10 тысяч з чалавека – усяго ў групе 22 дзіцяці. Раней запрашалі і фатографа, але не вельмі спадабаўся падыход да справы – усе дзеці здымаліся з аднаго ракурсу. Цяпер вырашылі абмежавацца відэа, а фота будзем рабіць самі.

Гірлянды для садка

Акрамя таго, штогод бацькі здаюць грошы на ўпрыгожванне групы дзіцячага садка.

– У гэтым годзе таксама трэба было здаць па пяць тысяч на гірлянду для садка, – кажа Ліна. – У групу ж кожны год прыносім навагоднія цацкі, якія не б’юцца, і дожджык.

Падарункі – на дом

У Смаргоні не знайшлося “хатніх” Дзядоў Маразоў. Хіба што знаёмых можна папрасіць або хтосьці неафіцыйна падпрацоўвае падчас святаў. Ніша застаецца незакрытай, між іншым, жадаючых запрасіць у госці Дзеда Мароза хапае.

– У Дзеда Мароза з дзіцячага садка сын не верыць, – смяецца Галіна. – Кажа: “Ага, ён несапраўдны, гэта выхавальніца пераапранутая”. Затое верыць у Дзеда Мароза, які ходзіць па хатах. Да нас аднойчы такі завітаў – гэта быў мой начальнік – і падарыў прыгожую машынку, аналаг сапраўднай. Таму дамоў Дзеда Мароза мы б замовілі, толькі штосьці не чуваць апошнім часам, каб хто хадзіў па кватэрах.

Паслугай “Ліст ад Дзеда Мароза” мы ніколі не карысталіся. У якасці падарункаў там – мяккія цацкі – сын не вялікі іх аматар.

– Дзеда Мароза дадому не запрашаем і лістоў не замаўляем – кажа Святлана, бабуля пяцікласніка. – Цімур не верыць у яго гадоў з пяці: падгледзеў ў свой час, як замест Дзеда Мароза падарункі пад ёлку кладзе бабуля. Адгэтуль свае пажаданні ўнук пачаў адрасоўваць рэальным людзям.

Што пад ёлкай?

– Адным падарункам з дзіцячага садка, канешне, не абыдзешся, – кажа Галіна. – Пад ёлку сюрпрызы кладзём не толькі на Новы год і Раство. У гэтым годзе пакуль не ведаю, што будзем дарыць, бо жаданні сына кожны дзень мяняюцца.

– Дачка замовіла паравозік з чыгункай, – распавядае Ліна. – У Ждановічах такі можна набыць у раёне 40 тысяч. А ўвогуле яна марыць пра дзіцячы камп’ютар – дарослы ўжо не задавальняе, бо даведалася ў садку пра спецыяльны камп’ютар для дзетак.

Лепш індывідуальныя падарункі дарыць дома – і чым паболей, – так лічыць Валянціна. – Мы, дарэчы, пачалі ўжо, павесілі на камін панчоху, дзе дачка штодзень знаходзіць якіясьці сюрпрызы. Дзеці любяць рознае і незнаёмае. Дачка кажа: “Хутка Новы год, можа, якіх новых цукерак даведаемся?”

Святлана СТАНКЕВІЧ.