Бюджэтныя грошы, пералічаныя для выплаты зарплаты работнікам Куранецкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, прысвойвалі дырэктар і бухгалтар інтэрната. Каб атрымаць грошы, на работу супрацоўнікаў яны афармлялі фіктыўна.
Агульная сума, скрадзеная цяпер ужо былымі дырэктарам і бухгалтарам, склала 4 мільёны 122 тысячы 890 рублёў. Па прыгаворы суда Вілейскага раёна, які быў абвешчаны 27 лістапада, дырэктар інтэрната Георг Ганчар атрымаў два з паловай гады абмежавання волі, бухгалтар Ірына Каркоцкая – два гады абмежавання волі. Пакаранне яны будуць адбываць дома, без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Акрамя гэтага, Ганчар на два з паловай гады пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, Каркоцкая не зможа выконваць гэтыя абавязкі два гады. Абвінавачаныя не абскарджвалі прыгавор, і на пачатку снежня ён уступіў у законную сілу.

Схема крадзяжу грошай была простая. На работу афармляўся чалавек, які фактычна не працаваў, а зарплата яму налічвалася. Грошы забіралі сабе дырэктар з бухгалтарам.

Падсудныя цалкам прызналі сваю віну. Паводле іх паказанняў, у верасні 2007 года Георг Ганчар у сваім кабінеце дамовіўся з медсястрой дома-інтэрната аб тым, што фіктыўна аформіць яе на работу сакратаркай-машыністкай на палову стаўкі.

Зарплату за работу, якую медсястра не выконвала, яна аддавала бухгалтару Ірыне Каркоцкай, тая перадавала грошы дырэктару. Так доўжылася да чэрвеня 2008 года. За гэты час дырэктар атрымаў 928 тысяч 040 рублёў. У ліпені медсястра звольнілася з работы, а дырэктар падпісаў загад аб вызваленні яе з пасады сакратаркі.

Тады ж, у ліпені, на палову стаўкі сакратаркай-машыністкай была аформленая санітарка інтэрната. “Адпрацавала” яна на гэтай пасадзе да ліпеня 2009 года. Па той жа схеме за год Георг Ганчар атрымаў 1 мільён 977 тысяч 190 рублёў.

На пачатку 2009 года у штатны расклад дома-інтэрната была ўведзеная пасада дворніка. Ірына Каркоцкая папрасіла дырэктара аформіць на гэту пасаду яе мужа. Што і было зроблена.

Пры гэтым муж бухгалтара нават не падазраваў, што, аказваецца, працуе ў інтэрнаце дворнікам. Ад студзеня да мая 2009 года дырэктар з бухгалтарам атрымалі 1 мільён 217 тысяч 660 рублёў. Грошы пароўну падзялілі паміж сабой.

Каб забяспечыць кампенсацыю скрадзенага, суд наклаў арышт на аўтамабіль Георга Ганчара “Хундай-Лантра”, а таксама на тэлевізар “Віцязь” і халадзільнік “Атлант”, якія належаць Ірыне Каркоцкай. Але і без таго дырэктар з бухгалтарам вярнулі ўсе скрадзеныя грошы. Пасля гэтага арышт на іх маёмасць быў зняты.

Суд улічыў, што абвінавачаныя раней не былі судзімыя і станоўча характарызуюцца па месцах жыхарства і работы. Тое, што падсудныя добраахвотна кампенсавалі нанесеную шкоду, змякчыла іх віну. Суд улічыў таксама, што Георг Ганчар ваяваў у Афганістане і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а Ірына Каркоцкая выхоўвае непаўналетнюю дачку.

Пасля гэтага быў вынесены прыгавор.

Раман ФЯДУЦІК, следчы пракуратуры Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.