На вуліцы Францішка Скарыны каля васьмі гадзін раніцы 28 снежня аўтамабіль “Форд-Эскорт” на пешаходным пераходзе збіў 23-гадовую дзяўчыну.
Карэспандэнт “РГ” стаў выпадковым сведкам здарэння. Удар быў моцнай сілы. Спачатку ў прыцемку здалося, што ўдарыліся дзве машыны. Потым – рэзкі віск тармазоў і крык дзяўчыны. “Форд” спыніўся, з яго выскачыў мужчына ў камуфляжнай форме, узяў пацярпелую на рукі і панёс у сваю машыну.

Інспектар дарожна-паставой службы аддзела дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч 29 снежня паведаміў “РГ”: вадзіцель, які збіў дзяўчыну, сам адвёз яе ў бальніцу. Хаця ў такіх выпадках трэба на месцы выклікаць “хуткую дапамогу”. Па папярэдніх дадзеных, “Форд” ехаў па левай паласе руху.

На правай паласе перад пешаходным пераходам спынілася іншая машына. Можна меркаваць, што вадзіцель “Форда” з-за яе не заўважыў пешахода. Але, па словах Дзмітрыя Стасюлевіча, гэта не апраўдвае яго. Усё адно ён павінны быў спыніцца.

Інспектар расказаў таксама, што ў дзяўчыны пералом абедзвюх касцей шчыкалаткі. Нагу ёй “збіралі” пад наркозам. Апытаць пацярпелую адразу пасля здарэння было немагчыма.

Па факце здарэння міліцыя праводзіць праверку. Пасля заключэння медыцынскай судовай экспертызы будзе вырашацца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы. Калі цялесныя пашкоджанні будуць кваліфікаваныя як цяжкія, справа будзе ўзбуджаная ў любым выпаду. Калі як менш цяжкія – па заяве пацярпелай.

Сяргей ЗЯНЬКО.