Калядныя спевы.


Ламанне аплаткаў.

 

За каляднай варажбой.

 

Зорканоша ўзначальвае кампанію калядоўшчыкаў.


Цыган падбадзёрвае калядоўшчыкаў бубнам.

 

Го-го-го, каза!


Калядоўшчыкаў вітае ў хаце жыхарка Данюшава.


Добры дзень у хату!

 

Вакол каляднай зоркі.

 

“А каляда паехала далей, ніводнага двара не мінаючы, са святам усіх вітаючы!”

Атрыбуты беднай куцці

На стол кладзецца сена, якое сімвалізуе віфліемскія яслі, і засцілаецца белым абрусам. Нягледзячы на тое, што куцця завецца беднай, на калядным стале павінна быць 12 страў – але посных. Гэта – сімвал 12 апосталаў.

На нашым стале таксама стаяла 12 страў, большасць з якіх было прыгатавана па рэцэптах маёй бабулі Яніны. Выключэннем была каша-“куцця”. Традыцыі яе гатавання ў нашай сям’і не было – хіба што апошнім часам пачаў сустракацца сучасны “экспрэс”-варыянт – рысавая каша з разынкамі. Прыгатаваць куццю з сябрамі мы ўсё ж рашылі.

Такім чынам, у цэнтры стала – куцця і аплаткі. Пасля ставім белы і чырвоны кісялі, абаранкі з макам, засоленыя селядцы, журачку, вушкі з грыбамі, смажаны карп, бліны з макам, грыбныя катлеты, адвараную бульбу, пасыпаную мочанымі журавінамі, і кіслую капусту.

Некалькі заўваг да пералічаных страў. Журачкай бабуля называе суп накшталт падлівы. Гэта калька з польскай ад “журэк” – густы суп традыцыйнай польскай кухні. Журэк можна есці з варанай бульбай або грыбнымі “вушкамі”.

Белага кісялю не варта рабіць шмат. Ён – з разраду больш “дэкаратыўных страў”. Прынамсі, на нашым сямейным калядным стале. З-за спецыфічнага паху і смаку кісель мае не вельмі шмат аматараў. З такіх быў бабулін бацька, мой прадзед, таму ў іх сям’і белага кісялю варыўся цэлы саган на чатыры літры. Вядома, за калядным сталом усё не з’ядалася, але на раніцу прадзед любіў засмажыць кісель шкварачкамі і есці з бульбай або хлебам. Калі за вашым сталом не знойдзецца такіх аматараў, зрабіце невялікую місачку кісялю на ўсіх і дадайце ў яго маку з цукрам.

Вось рэцэпты нашых калядных страў. Асаблівай папулярнасцю на нашым стале карысталася куцця паводле рэцэпта гісторыка Алеся Белага – яе мы зрабілі двайную порцыю, якой да наступнага вечара ўжо не засталося.

Калядныя рэцэпты

Куцця

2 шклянкі пшаніцы, 1,5 шклянкі маку, 1 шклянка цукру, 100 г разынак, 100 г фундуку, 100 г цукатаў, 1 шклянка смятаны, мёд па смаку.

Зерне добра прамыць і паставіць на агонь. Давесці да кіпення і варыць 35-40 хвілін. Як зерне будзе гатовае, ваду зліць.

Мак заліць дзвюма шклянкамі кіпеню і закіпяціць. Паставіць астуджвацца на 2-3 гадзіны. Ваду зліць і перакруціць на мясарубцы некалькі разоў. Дадаць цукар і зноў перакруціць. Змяшаць крупы, мак, арэхі, разынкі, цукаты, смятану, мёд.

Белы кісель

Аўсяныя шматкі хуткага прыгатавання, вада.

Аўсяныя шматкі заліць вадой да верху, каб яна крыху пакрывала масу. Пакінуць на суткі ў цёплым месцы. Перад каляднай вячэрай працадзіць кісель праз марлю некалькі разоў, каб засталася толькі вадкасць. Вадкасць паставіць варыцца і ўвесь час, не адыходзячыся, мяшаць яе, каб не прыгарэла. Калі кісель пачне гусцець, зняць яго з агню, пераліць у талерку і паставіць у халоднае месца, каб застыў. Ён атрымаецца, як халоднае. Есці яго можна таксама з перацёртым макам і цукрам.

Чырвоны кісель

Журавіны, цукар, вада, крухмал.

Журавіны можна браць любыя – мочаныя, марожаныя або журавінавае варэнне. Закіпяціць ваду, кінуць у яе журавіны і пацерці. Лупіны выкінуць, дадаць цукар па смаку. Развесці крухмал у халоднай вадзе і заліць у кіпень. Варыць, перамешваючы, да патрэбнай густаты. Разліць у талеркі і паставіць у халоднае месца для застывання.

Абаранкі з макам

Абаранкі, мак, цукар, вада.

Мак перакруціць на мясарубку некалькі разоў, пакуль мак не пачне бялець. Абаранкі пакрышыць на кавалкі, заліць кіпячонай астуджанай вадой. Дадаць перакручаны мак і цукар па смаку. Маку лепш не шкадаваць: чым яго больш, тым смачней атрымліваюцца абаранкі.

Засоленыя селядцы

Для расолу: 1 л вады, 200 г солі, 3 ст.л. цукру, 3 лаўровыя лісцікі, перац гарошкам, гваздзіка, каляндра.

Расол закіпяціць і астудзіць. Астуджаным расолам заліць селядцы, каб вадкасць іх цалкам закрывала. Зверху можна прыціснуць талеркай. Пакінуць на два дні. Праз два дні селядцы дастаць, пачысціць, парэзаць, заправіць алеем, воцатам і цыбуляй.

Журачка

Сушаныя грыбы, вада, мука, перац, лаўровы ліст, цыбуля.

Сушаныя грыбы замачыць, памыць і паставіць варыць. Дадаць лаўровы ліст, перац і цэлую цыбуліну. Пасля таго, як грыбы закіпяць, крыху паварыць іх, затым дадаць муку, якую папярэдне трэба размяшаць з халоднай вадой і соллю. Уліць вадкасць у грыбы і, перамешваючы, варыць да гатоўнасці.

Вушкі з грыбамі

Для цеста: 2 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі вады, соль.

Для начынкі: грыбы гатовыя, парэзаныя, смажаная цыбуля, соль, перац.

Раскачаць крутое цеста, як для пельменяў. Выразаць шклянкай кружочкі, начыніць іх грыбным фаршам. Зляпіць кружочкі ў выглядзе пельменяў і канцы склеіць паміж самой. Адварыць да гатоўнасці. Есці з журачкай.

Бліны з макам

Для цеста: 0,5 пачкі дражджэй, 2 шклянкі цёплай вады, 3 ст.л. алею, 1-2 ст.л. цукру, мука.

Для начынкі: мак, цукар.

Змяшаць інгрэдыенты для цеста. Муку дадаваць да таго моманту, пакуль цеста не пачне крыху “адрывацца” ад лыжкі.

Мак перакруціць на мясарубку некалькі разоў, як для абаранкаў. Дадаць цукар па смаку.

На гарачую скавараду з невялікай колькасцю алею класці ўсё ў наступнай паслядоўнасці: лыжка цеста, лыжка начынкі, лыжка цеста. Абсмажыць з двух бакоў.

Грыбныя катлеты

Сушаныя грыбы, цыбуля, часнок, спецыі, мука.

Сушаныя грыбы замачыць, памыць і зварыць. Перакруціць на мясарубку, дадаць абсмажаную цыбулю, крыху мукі, часнок і спецыі па смаку. Зрабіць катлеты і абсмажыць з абодвух бакоў.

Вячэра

На стол звычайна ставіцца адзін лішні прыбор – раптам завітае які госць? Калядная вячэра пачынаецца ламаннем аплаткаў. Трэба адламаць па кавалачку аплаткі кожнага з прысутных і пажадаць чагосьці добрага. Затым – чарга куцці. Кожную страву мусіш пакаштаваць. Алкаголю на стале ў гэты вечар быць не павінна. На ноч стол не прыбіраецца. Усе 12 страў з аплаткамі павінны быць на стале да раніцы – для “дзядоў”. Сена пасля Калядаў аддаецца скаціне.

Калядкі

На раніцу можна ісці калядаваць, папярэдне падрыхтаваўшы прыкладны сцэнар і касцюмы. З апошнім праблем у нас не было. На вёсцы засталіся самашытыя кажухі і шапкі. Стракатыя хусткі былі пазычаныя ў сваякоў, маску казы планавалі зрабіць з пап’е-машэ, але з-за бракавання часу ўсё ж давялося яе таксама пазычыць.

Васьміканцовую зорку мы выразалі з вялікай кардоннай каробкі, расфарбавалі, упрыгожылі дожджыкам і прымацавалі да драўлянага шаста.

Традыцыйныя персанажы калядак – Дзед, Каза, Цыган, Цыганка, Зорканоша, Механоша, Чорт, Салдат, Бусел, Мядзведзь – усе, акрамя апошніх трох, былі ў нас у наяўнасці. Першай у кампаніі калядоўшчыкаў выступае Зорканоша. Дзед, паводле традыцыйнага сцэнару, водзіць Казу. Каза, згодна з тэкстамі песень, ратуецца ад ваўка, але трапляе да дзеда, які яе забівае. Дзед стасункуе з гаспадарамі, Каза танцуе, памірае і ўваскрасае, пасля таго, як гаспадары чым-небудзь аддзячаць калядоўшчыкам. Усе здабыткі цягне Механоша. Цыган водзіць Мядзведзя, які танцуе пад бубен і паказвае смешныя пародыі на вяскоўцаў. Цыганка танцуе і варожыць, каб “пазалацілі ручку”.

Сцэнару хопіць на 5-10 хвілінаў, тым больш, што запланаваны ход дзеянняў наўрад ці ўдасца выканаць: гаспадары звычайна ўступаюць у размову пасля першай песні. У нашым рэпертуары былі наступныя:

 

Добры вечар

 

Добры вечар табе, пане гаспадару.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

Засьцілайце столы, усе колькі маем.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

Да й кладзіце калачы сьвятое пшаніцы.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

Да й прышлі к нам жэ тры сьвяты ў госьці.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

Да й першае сьвято – Хрыстова Раджэньне.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

А другое сьвято – Сьвятога Васілля.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

А трэцяе сьвято – Сьвятое Хрышчэньне.

Радуйся! Ой, радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся!

 

(Развучыць мелодыю можна, паслухаўшы гэту песню на альбоме “Архаічныя абрадавыя сьпевы” (2002 г.) беларускага гурта Guda)

 

Нова радасць

 

Нова радасць стала, што яшчэ не бывала:

Над Бэтлеем зорка ясна свету заззяла.

 

Пастушкі з ягняткам перад тым Дзіцяткам

Упадаюць на калені для Яго ўслаўлення.

 

Дзе Хрыстос радзіўся, з Панны ўцелавіўся,

Як чалавек пялінкамі бедна спавіўся.

 

І мы ўраз спяваем, Хрыста праслаўляем,

Нараджонага з Марыі пакорна ўпрашаем.

 

Просім Цябе, Божа, просім мы, як можам:

“Дай нам ў небе жыццё шчасна, на зямлі прыгожа”.

 

(Існуе шмат варыянтаў мелодыі песні. Мы выконвалі класічны варыянт, які калісьці спявалі на касцельным хоры. Прыкладна на такі матыў спявае хор “Залатая горка” на альбоме “Святая ноч” (2001 г.)

 

Го-го-го каза

 

Го-го-го каза,

Го-го-го шэра,

Ты хадзі каза

У чыстае поле.

У чыстым поле –

Там жыта расце,

Дзе каза ходзіць –

Там жыта родзіць,

Дзе каза топ-топ –

Там жыта сем коп.

Дзе каза рагом –

Там жыта стагом.

 

Го-го-го каза,

Го-го-го шэра,

Не хадзі, каза,

Укругом сяла.

Укругом сяла

Гарныя стральцы –

Радзяцца ідці

Козаньку біці.

Козаньку біці,

Шкурку злупіці,

Шкурку злупіці,

Шубку пашыці.

Го-го-го каза,

Го-го-го шэра!

Пакланісь, каза,

Хазяіну ў ногі,

Шчэ й гаспадыні,

Шубку ўдарылі!

 

(Пад гэту песню каза скача, потым валіцца на падлогу і прыкідваецца мёртвай)

 

За гарою за крутою

За гарою за крутою

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на ўвесь свет.

 

Ой там Гасподзь арэ поле.

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на ўвесь свет.

 

Божа Маці есці носіць.

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на ўвесь свет.

 

Есці носіць Бога просіць.

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на ўвесь свет.

 

Каб з каласка была жменька.

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на ўвесь свет.

 

А з снапочка была мерка.

Шчодры вечар, добры вечар

Добрым людзям на здароўе.

 

(Беларускага варыянту гэтай калядкі не знайшлося, таму прыведзены варыянт – пераклад з украінскай. Спявалі на матыў песні “За гарою” ў выкананні ансамбля ўкраінскага фальклору “Берагіня”)

 

Калядоўшчыкі ў Данюшава

 У вёсцы Данюшава, куды мы выправіліся калядаваць, мясцовыя жыхары ніколі не сустракаліся з калядоўшчыкамі: не было такой завядзёнкі. Хіба што зусім даўно, аб чым данюшаўцы ведаюць толькі з расповедаў сваякоў, якіх ужо няма ў жывых.

Увогуле, вёска памірае, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў кіламетрах дзесяці ад Смаргоні. Сюды нават аўтобус не ходзіць. Але ёсць драўляны касцёл, куды прыязджае адпраўляць імшу ксёндз Леон з Войстама – вёскі ў трыццаці кіламетрах ад Данюшава.

Большасць хат тут выкуплена пад дачы, таму калядоўшчыкам давялося мінаць шмат двароў, дзе снежны неруш сведчыў аб адсутнасці гаспадароў.

У жылых хатах гаспадары аддзячвалі кілбасамі і грашыма і нават паклалі ў Механошаў кошык 60-градусную гарэлку на лімонных скарынках мясцовага гатунку.

Пакалядаваць па суседніх Перавозах і Смаргоні перашкодзіў дождж з галалёдам. Але будзе наступны год, на які ужо маем запрашэнні на Каляды ў Ашмяны, Залессе і Крэва.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота Андрэя РОГАЧА.