Супрацоўнікі Ашмянскай мытні 29 снежня завяршылі падлік адзення і абутку, якія 16 снежня праз пункт Каменны Лог з боку Літвы незаконна перавозіла фура “Дэу”. Кошт кантрабанды склаў 518 мільёнаў 530 тысяч беларускіх рублёў.
Намеснік начальніка Ашмянскай мытні Сяргей Собалеў расказаў “РГ”: фуру вёў з Галандыі ў Казахстан казахскі перавозчык. У суправаджальных дакументах было заяўлена, што перавозіцца адзенне, якое было ў карыстанні.

Падчас агляду грузу мытнікі знайшлі не толькі тавары сэканд-хэнда, але таксама новае адзенне і абутак, якія не былі заяўленыя ў дэкларацыі.

Пачаўся адміністрацыйны працэс, які доўжыцца на працягу месяца. Яго мэта — устанавіць вінаватых у перамяшчэнні праз беларускую мяжу кантрабанды. Кошт незадэклараванага адзення і абутку ўстаноўлены ўжо. Скончыцца справа судовым разборам.

Сяргей ЗЯНЬКО.