Упершыню вёска Хажова ўзгадваецца ў летапісах Вялікага княства Літоўскага ў 1434 годзе, калі гаспадаром быў Жыгімонт, які “дае і даруе на вечныя часы сяло Хажова Судзімонтавічу”. Пасля вёска была ва ўладанні Радзівілаў, Галаўні, Вішнявецкага, Агінскіх, графа Тышкевіча. Апошнім гаспадаром да 1940 года быў пан Эўгеніуш Хелхоўскі.

Зімовая вёска.


Віктар Нікіцяеў расказвае, што ўвесну яны садзяць агарод, летам яго даглядаюць. Таму маюць свае буракі, моркву, агуркі, цыбулю і іншую гародніну.


“Мой край у далёкім мінулым”. Так называецца адзін з раздзелаў школьнага музея.


У клас Хажоўскай школы зайшла карэспандэнт. Каб павітацца, дзеці ўсталі з-за партаў.


Хажоўская школа з музычным ухілам. Настаўніца Рудзянок Аліна з вучаніцамі 6 класа Марыяй Бычкоўскай і Інай Варакса.


У мясцовым гандлёвым цэнтры.


У вольны ад работы час такія ручнікі вышывае мясцовая жыхарка Клаўдзія Нікіцяева.


Яніна Сысун расказвае, што заўсёды перад святамі панская жонка частавала дзяцей цукеркамі. Сёння такіх смачных няма…

Што ў назве тваёй?

Раней вёску называлі Хажовая, Хашовая, Хажэва і нарэшце спыніліся на Хажове. А назва такая таму, што ў тыя часы яна размяшчалася сярод глухіх лясоў, праз якія былі пракладзеныя сцяжынкі – “ходы”. Вёска стаяла на скрыжаванні чатырох дарог, што вялі на Заходнюю Еўропу, Скандынавію, Маскву і Кіеў.

Замест роднай мовы – закон Божы

У сярэдзіне 18 стагоддзя ў графстве Хажова налічвалася каля пяці тысяч жыхароў. Было пяць цэркваў: каталіцкая, праваслаўная, татарская, уніяцкая і яўрэйская сінагога. Але не было ніводнай школы. Таму адукацыю атрымоўвалі толькі тыя дзеці, чые бацькі мелі сродкі, каб наняць на дом настаўніка.

У пачатку 20 стагоддзя тут дзейнічала царкоўна-прыходская школа, якая давала адукацыю толькі за чатыры класы. Размяшчалася яна ў пачатку вёскі. Наведвалі школу каля 100 вучняў з пяці вёсак: Хажова, Бяртошак, Ізабеліна, Мойсічаў, Слабодкі. Тут працавалі два настаўнікі. Родную мову тады не вывучалі, затое ксёндз і бацюшка выкладалі закон Божы.

У 1937 годзе пабудавалі новы двухпавярховы будынак сямігадовай школы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР навучанне праводзілася на беларускай мове і былі забароненыя ўрокі закона Божага. Падчас вайны дзеці вучыліся па хатах. У 1962 годзе была адкрытая новая школа, якая працуе па сённяшні дзень.

Падарожжа ў мінулае

У 1540 годзе віленскі епіскап Павел Гальшанскі пабудаваў касцёл. Быў ён у гатычным стылі з чырвонай цэглы і каменю. У 1887 годзе правялі капітальны рамонт. На пачатку 20 стагоддзя касцёл быў мураваны, з каляровымі вітражамі, упрыгожаны фрэскамі і мазаікай. У 1947 годзе будынак выкарыстоўваўся для калгаснага сховішча, а праз дзевяць гадоў яго цалкам разабралі.

Цяпер на месцы былога касцёла стаіць крыж. Гэта як успамін аб тых далёкіх часах, пакутах і перамогах продкаў мясцовых жыхароў у войнах. Крыху далей ад крыжа – воданапорная вежа з буслянкай. Раней там размяшчаўся замак з вялікім полем ружаў аднаго з уладальнікаў вёскі. На ўездзе ў Хажова з правага боку захаваліся рэшткі ад маёнтка апошняга гаспадара пана Хелхоўскага. Саміх пабудоваў, канешне ж, няма, але стаіць фундамент.

Калі ехаць на аўтобусе з Маладзечна, адразу за прыпынкам знаходзіцца школа. Калі ж пайсці ўперад і звярнуць управа, то ў сярэдзіне вуліцы па абодвух баках будуць могілкі. Злева каталіцкія, а справа – праваслаўныя. Хаваць памерлых там вяскоўцы пачалі яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя. А потым з’явілася яшчэ адно месца пахавання – перад уездам у вёску. Але старыя могілкі не зараслі бур’яном. Па сённяшні дзень іх даглядаюць мясцовыя жыхары.

У цэнтры Хажова стаіць помнік загінулым воінам у часы Вялікай Айчыннай вайны. А за самой вёскай на полі ёсць месца, якое жыхары называюць “Чырвоная валока”. Яшчэ ў часы ВКЛ за хажоўскія балотныя мясціны біліся браты Жыгімонт і Свідрыгайла. Было праліта нямала крыві, адсюль і назва “Чырвоная валока”. Сёння пра бітву нагадваюць курганы, што знаходзяцца на тым полі.

Вяскоўцы ўспамінаюць

Соф’я Лушчан, жыхарка вёскі Хажова, расказвае, што раней было нашмат весялей, чым зараз.

– Памятаю як у 1980-х гадах мы адзначалі провады зімы, – узгадвае жанчына. – У клуб мастацкім кіраўніком прыйшла працаваць Яўгенія Чаброўская. Менавіта яна ўсіх і падштурхнула, каб арганізаваць свята. На вуліцы было 30 градусаў марозу, а мы святкавалі Масленіцу на аэрадроме. Усе спявалі і танцавалі. І так нам весела было, што нават холад перашкодай не стаў. Раней мы заўсёды калядавалі. У касцюмах, з торбамі хадзілі па хатах і пелі валачобныя песні. А некалькі гадоў таму Хажова адзначала юбілей. Кожная вуліца рыхтавала нейкае свята па беларускіх традыцыях.

Раней і Новы год весялейшы быў. Жыхары збіраліся ў клубе і праводзілі баль-маскарад. Народ апранаўся ў розныя карнавальныя касцюмы, надзявалі маскі і пачыналася свята…

Цяпер у вёсцы такога няма. Можа, таму, што час іншы, а можа, у моладзі іншыя інтарэсы.

Клаўдзія Нікіценка таксама адзначае, што ў яе маладосці жыццё было цікавейшае.

– Кожны раз адзначалі дзень работніка калгаса, – расказвае яна, – праводзілі нямала канцэртных праграм. А зараз неяк усё абціхла. Кожны сядзіць у сваім гняздзе і нічога не хоча рабіць.

– А я памятаю, як у маладосці мы хадзілі на танцы, – кажа жыхарка Хажова Яніна Сысун. – Тады клубаў не было, і моладзь ладзіла танцы ў хатах. Ой, тады і вёска была вельмі вялікая. Належала яна пану Хелхоўскаму, і ўсе жыхары працавалі ў яго. Пан плаціў нам хлебам і зярном. Мы яму сеялі, палолі, жалі. Ды і адносіны панскай сям’і да людзей былі добрыя. Пан меў сына Юрыка і дачку Зусеньку. А на святы панская жонка заўсёды вясковых дзяцей частавала цукеркамі. Цяпер такіх смачных няма…

Хажова сёння

У Хажоўскім сельсавеце паведамілі, што ў вёсцы жывуць 573 чалавекі. Сярод іх 85 дзяцей да 16 гадоў, 346 – працаздольных і 142 жыхары пенсійнага ўзросту. Людзі працуюць не толькі на мясцовых фермах і свінакомплексе. Рабочую сілу забірае і горад. Ад Хажова да Маладзечна сем кіламетраў. Многія ездзяць на працу туды. Хто сваім транспартам, хто аўтобусам.

Сярод мясцовых славутасцяў хажоўцы вылучаюць двухпавярховы гандлёвы цэнтр і новую, амаль дабудаваную, царкву. Першы паверх гандлёвага цэнтра прапануе пакупнікам прадукты харчавання, салодкае, спіртныя напоі. А на другім паверсе размясціліся прамтавары.

У вёсцы ёсць сярэдняя школа з музычным ухілам, дзе адукацыю атрымліваюць 154 вучні. Яна нічым не адрозніваецца ад гарадскіх. Тут ёсць свой кам’ютарны клас, клас для заняткаў музыкай, жывы куток, дзе жывуць розныя жывёлы і расліны. Акрамя таго, у школе працуе невялікі музей. Там прадстаўленыя старыя прылады працы, самавары, прасы, калаўроты.

Недалёка ад школы знаходзіцца дзіцячы садок, які наведваюць 28 дзетак ад 3 да 6 гадоў. Іх прыводзяць не толькі з Хажова, але і з суседніх вёсак. Працуюць дзве рознаўзроставыя групы – “Фантазёры” і “Пачамучкі”.

У цэнтры вёскі на плошчы размешчаны Дом культуры. Тут праходзяць розныя канцэрты, святочныя ўрачыстасці. Па выхадных праводзяць дыскатэкі. Як кажа дырэктар СДК Людміла Бажко, пасля капітальнага рамонту Дома культуры, які завяршыўся ў лютым 2009 года, на дыскатэку прыходзіць вельмі мала моладзі. Можа, што апаратура пастарэла, а можа, таму, што абяцалі адкрыць кафэ-бар, ды не адкрылі. Затое ў Хажоўскім Доме культуры працуюць розныя гурткі. Па жаданні дзеці могуць займацца маляваннем, акцёрскім майстэрствам, спевамі.

Наталля Керсноўская, сакратар Хажоўскага сельвыканкама, расказала, што ў вёсцы 205 жылых дамоў і 51 належыць дачнікам. Мясцовыя жыхары трымаюць гаспадарку. Напрыклад, сям’я Нікіцяевых мае карову, чатырох свіней, ёсць і рыжы кот. Увесну садзяць агарод, летам яго даглядаюць. Таму маюць свае буракі, моркву, агуркі, цыбулю і іншую гародніну. Па словах Віктара Нікіцяева, бульбы ля дому яны не садзяць. Вырошчваюць яе на калгасным полі.

Яго жонка Клаўдзія расказвае, што ў вольны ад работы час вельмі любіць вышываць. Дома ў іх шмат розных ручнікоў і абрусаў, аздобленых яе рукамі. Яны не ляжаць на паліцах, заўсёды выкарыстоўваюцца ў быце.

Любіць вышываць і Марыя Зіноўчык. Яе сям’я ў Хажове жыве з 1996 года. Трынаццаць гадоў таму пераехалі сюды з вёскі Рубель Столінскага раёна.

Па словах сакратара сельсавета Наталлі Керсноўскай, вельмі прыгожыя аплікацыі на тканіне стварае і мясцовая майстрыха Вольга Шамшур. Ды і дом ў яе ўзорнага ўтрымання. А ўсяго ў Хажове – 10 узорных дамоў.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота Надзеі СТАНКЕВІЧ.