Яны выконваюць песні на розных мовах – беларускай, рускай, украінскай, польскай. Ёсць у рэпертуары і сюжэтныя замалёўкі, з якімі выступаюць не толькі на гарадскіх святах, але і на абласных і рэспубліканскіх імпрэзах. Яны – гэта вакальны гурт “Талака”.

Вакальны калектыў “Талака” Цэнтра мастацкай творчасці.

 

За 14 гадоў існавання “Талакі” склад калектыву змяняўся. На здымку Наталля Соніч, Анжаліка Каралевіч, Ала Аношка, Наталля Міхалёнак, Марына Юхневіч, Марына Полаз і Андрэй Дзевялтоўскі.

Калектыў быў створаны ў 1995 годзе з супрацоўнікаў Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў. Напачатку яны стваралі праграмы, сюжэтна-абрадавыя замалёўкі для выступлення на народных святах, якія праходзілі ў Маладзечне і раёне: “Кірмаш”, “Купалле”, “Каляды” і іншыя. Праз нейкі час задумаліся над саманазвай. І ў 1999 годзе сталі “Талакой”.

Рэпертуар стаў пашырацца. Цяпер у яго ўваходзяць сучасныя песні і народныя ў эстраднай апрацоўцы, сюжэтныя замалёўкі (“Вячоркі на вясковых спеўках”, “Ой на нашым кірмашы пагуляем ад душы”), падрыхтаваныя тэматычныя канцэртныя праграмы.

У “Талацэ” – восем чалавек: Ала Аношка, Ірына Шарак, Наталля Соніч, Роза Пузянкова, Ларыса Маслоўская, Анжаліка Каралевіч, Марына Полаз, Наталля Міхалёнак. Большасць спявае з дзяцінства. Хто не мае музычнай адукацыі, спявае на слых. “А слых у нашых артыстак выдатны. Яны добра “чуюць”, дзе трэба ўзяць вышэй на паўтона, а дзе ніжэй”, – расказала Марына Полаз.

“Талаку” на святы запрашаюць да сябе санаторыі, а таксама прадпрыемствы горада і раёна: камбінат хлебапрадуктаў, малаказавод, “Маладзечнаводаканал”, іншыя. На абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах (“Мінская лыжня”, “Свята чаю” ў Сілічах, іншых) даводзілася не толькі спяваць, але і быць вядучымі, а то і Цукеркамі, прынцэсамі Зітай і Гітай.

У 2007 годзе калектыву прапанавалі выступіць на свяце піва “Хмелякі” ў Краснаставе (Польшча). Маладзечанкі перад паездкай спецыяльна вывучылі і адрэпеціравалі некалькі песень на польскай мове. Першай была “Каляровыя кірмашы” (салістка Наталля Соніч). “Талака” ў Краснаставе карысталася вялікім поспехам. Пасля былі выступленні ў Востраве Мазавецкім і Закапанэ. З цягам часу калектыў наладзіў сувязь з Саюзам палякаў Беларусі. Рэпертуар стаў папаўняцца песнямі на польскай мове, і на Восьмым абласным фестывалі нацыянальных культур у Маладзечне “Талака” прадстаўляла польскую дыяспару.

Ад 1999 года калектывам кіруе Марына Полаз. Яна здаецца строгім кіраўніком: “Я прынцыпова стаўлюся і да адзення, і да культуры сцэны – а без гэтага ніяк. Наш узровень абавязвае”. Аднак іншыя спявачкі адзначылі ў першую чаргу не яе строгасць, а справядлівасць. “Нас аб’ядноўвае ініцыятыўнасць і жаданне спяваць. Маім калегам падабаецца тое, што яны робяць, таму кіраваць імі нескладана” – адзначыла Марына Полаз.

У рэпертуары “Талакі” шмат пашыраных песень, але калектыў стараецца шукаць малавядомыя. Цяпер у нечым стала прасцей: з’явіўся Інтэрнэт, дзе можна знайсці словы і ноты, а то і фанаграму. А некалі словы народнай песні “Ой, на горы два дубкі” запісвалі падчас выступлення гурту “Свята”.

Над песняй трэба працаваць, лічаць спявачкі. Перш чым браць песню ў рэпертуар, словы і ноты яны даюць аранжыроўшчыкам, якія ствараюць пазнавальны, але арыгінальны твор. Самі прадумваюць, як можна аздобіць той ці іншы твор.

Для выступленняў у калектыву ёсць некалькі камплектаў стылізаваных сцэнічных касцюмаў. А вось беларускі нацыянальны – сапраўдны, зроблены па канонах вілейскага строю.

Сола ці разам, яны могуць выканаць любую песню – вакальныя дадзеныя дазваляюць. Але ў “Талацэ” прыдзірліва выбіраюць песні для рэпертуару – першую-лепшую не возьмуць. Напэўна, таму ў іх ёсць пастаянныя слухачы, якія сочаць за выступленнямі калектыву і чакаюць іх. “Жыццё вымушае да творчага пошуку – каб слухачы хацелі нас слухаць, трэба адрознівацца ад іншых калектываў”, – кажа Марына Полаз.

Святлана ЦІШКО.

Фота з архіва “Талакі”.