Асабіста мне здаецца, што напярэдадні яго нават людзі становяцца дабрэйшымі і весялейшымі. “З Новым годам вас, шчасцейка, здароўя!” – гэта нейкі мужчынка, купляючы мандарыны, раскланьваецца перад прадаўшчыцай. Іншым разам узяў бы пакет і пасунуўся далей па сваіх справах. А тут само свята абавязвае сказаць чалавеку добрыя словы.

У магазінах народу – не прасунуцца. Усе бегаюць, нешта купля-юць, штосьці выбіра-юць. “Дзяўчынка, – просіць мужчына пакупніцу, што стаіць побач з ім, – дапамажыце выбраць духі”. “А вы каму хочаце купіць, жонцы?” – тут жа кідаецца на дапамогу тая. “Не, – смяецца дзядзька, – нявестцы”. Бойкая прадаўшчыца выставіла на прылавак флаконаў дзесяць. Зняла каўпачкі, прапанавала: “Нюхайце!” Ну, і нюхалі ж мы ледзь не ўсім магазінам. Не адправіш жа дзядзьку абы з чым.

“Ты вечна недзе ўсунешся, – ушчувае мяне сяброўка, слухаючы гісторыю пра духі”. “Хто б казаў”, – думаю пра сябе. І ўспамінаю ёй гісторыю пра ёлку.

Вечарам 29 снежня яна вярталася з работы. На цэнтральнай плошчы ўсё яшчэ прадавалі ёлкі, і жанчына вырашыла памяняць сямейныя традыцыі: замест штучнай паставіць жывую. За дзень лясных прыгажунь добра перабралі. Засталіся толькі, як яна сама казала, нейкія кволыя, нядошлыя ды аднабокія. “А вы купіце дзве, – параіў ёй прадавец, – дома лапкі ад адной адрэжаце, да другой прымацуеце, і будзе цуд, а не ёлка”.

Цэлы вечар яна рабіла гэта цуд. Адразала, прывязвала, прыбівала. А 31-га выцягвала за вушы на вуліцу і ў спешцы ставіла штучную ёлку. Бо на жывой асыпаліся амаль што ўсе іголкі.

“Затое Новы год запомніцца, – разважала за святочным сталом мая сяброўка, – не цікава ж, калі ўсё ідзе па плане. Бакалы расставіў, шампанскага наліў, салатам закусіў, тэлевізар уключыў. Божа, як сумна!”

Сумным свята і не павінна быць. Людзі гэта разумеюць. Нездарма ж, віншуючы адно аднаго, кажуць: “Вясёлых вам святаў!” А каб свята было вясёлае, патрэбна што? Правільна: добрая кампанія, прыўзняты настрой, пазітыўныя думкі, вера ў цуды і надзея на тое, што ўсе мары збываюцца. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі ты гэтага вельмі захочаш.

Не ведаю, як вы, а я люблю перад Новым годам складаць планы. А яшчэ веру ў тое, што налета будзе абавязкова лепш, чым сёлета. Паддаўшыся настрою, у 12 гадзін ночы магу нават па парожку кватэры пастукаць, клічучы ў дом здароўе, радасць і дабрабыт. Яны, напэўна, чуюць. Прыходзяць. Пасля на нейкі час прападаюць. Хаця чаму тут дзівіцца. Нас шмат, яны – адны. Вось і даводзіцца курсіраваць з горада ў горад, з дома ў дом, з кватэры ў кватэру.

Адна мая знаёмая ў навагоднюю ноч абавязкова піша зварот да Дзеда Мароза. Пад бой курантаў паперку спальвае, а попел рассейвае з балкона. Кажа, што ўслед за ім з дому выходзіць уся адмоўная энэргетыка, хваробы, няўдачы. А іх месца займаюць шчасце, спакой і здароўе.

Давайце паспрабуем і мы! І будзем у наступным годзе ўсе шчаслівыя і здаровыя.

Марына СЛІЖ.