– Пачалося мерапрыемства ў дзве гадзіны ночы, – расказвае мастацкі кіраўнік Палаца культуры Алеся Супрановіч. – Да гэтага часу на плошчы Леніна ўжо сабралася каля 600 чалавек.

Пачалася святочная праграма з віншавання Дзеда Мароза і Снягуркі. А потым, па словах Алесі Супрановіч, пачаўся канцэрт з удзелам артыстаў Палаца культуры.

– Была не проста канцэртная праграма, – кажа Алеся, – гледачы прымалі ўдзел у розных конкурсах. За перамогу ім уручалі падарункі. Вельмі спадабаўся такі нумар навагодняй праграмы, калі Дзед Мароз і Снягурка чыталі думкі віляйчан. Спецыяльная шапка, узнесеная над галовамі людзей, праз музычнае суправаджэнне вызначала, пра што марыць народ, чаго чакае ад новага года.

Акрамя таго, упершыню жыхары горада масава павіншавалі адзін аднаго з Новым годам. Алеся расказвае, што людзі вывучылі спецыяльныя “крычалкі”, якія падыходзяць іх мікрараёну, і віншавалі імі са святам жыхароў суседняга мікрараёна.

Канцэрт на плошчы закончыўся ў тры гадзіны ночы, і ўсіх прысутных запрасілі на навагоднюю дыскатэку ў Палац культуры. 400 чалавек адправіліся танцаваць. Да чатырох раніцы гучала і рэтра-музыка, і сучасныя музычныя творы.

Навагодняга салюту ў Вілейцы не было. Затое было выдатнае надвор’е і добры настрой віляйчан.

Надзея СТАНКЕВІЧ.