Бацькам, якія хочуць вырасціць чэмпіёнаў па зімовых відах спорту, не варта спяшацца і ставіць на лыжы-канькі трохгадовых малышоў. Спецыялісты рэкамендуюць улічваць узрост і фізічнае развіццё дзіцяці. 

Не спяшайцеся ставіць сваё дзіця на канькі, лыжы — усяму свой час.

Парады дае кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў фізвыхавання дашкольных устаноў Наталля Сезіна.

2–3 гады

З дзецьмі, якім яшчэ не споўнілася трох гадоў, спецыяльных заняткаў па відах спорту не варта ладзіць. Пагуляйце са снегам, вывучыце яго якасці – ляпіце снежкі, снегавіка – пакатайце малое на санках, можна нават з нізенькай горачкі.

3–4 гады

Тут забавы ўжо больш разнастайныя. Акрамя гульняў са снегам, можна вучыць дзіця вазіць за ці перад сабой санкі, удвух катаць аднаго, самастойна з’язджаць з невысокай горкі. Пакажыце, як слізгацець, стоячы на нагах, па ледзяных сцежачках (30 см на 1,5 метра). Катанне на лёдзе навучыць утрымліваць раўнавагу, дапаможа развіць каардынацыю рухаў, што спатрэбіцца і ў звычайных побытавых сітуацыях.

4–5 гадоў

Малых ужо можна вучыць з’язджаць з горкі на санках па адным і па двое, тармазіць падчас спуску, уздымацца з санкамі на горку.

Праграма “Пралеска”, па якой працуюць усе беларускія дашкольныя ўстановы, рэкамендуе ў гэтым узросце пачынаць асвойваць лыжы: здымаць і надзяваць іх, стаяць, прысядаць, слізгацець на іх пераменным крокам. Вучыцца ўздымацца на горку рознымі спосабамі, пераадольваць адлегласць не большую за 500 метраў. Заўважце, што лыжныя палкі дзецям у гэтым узросце яшчэ не даюць – так больш бяспечна: калі і паваліцца, то ў снег, а не на палку.

5-6 гадоў

Ужо можна вучыцца элементам хакея: весці шайбу, закідваць яе ў вароты, рабіць перадачы партнёру. Каб пазбегнуць траўмаў, пачніце гуляць не з шайбай, а з мячом, гумавым ці тэнісным.

Працягвайце ўдасканальваць катанне на санках. Вучыце прысядаць і ўставаць падчас слізгацення па ледзяной сцяжынцы, утрымліваючы раўнавагу – пасля гэта ўменне спатрэбіцца пры навучанні катацца на каньках. Адлегласць, якую дзіця можа пераадолець на лыжах, узрастае да 1 кіламетра.

Калі на лыжную прагулку выйшлі некалькі дзяцей, арганізуйце гульні: “Дагані”, “Прайдзі па слядах”, “Не закрані” (напрыклад, тычку варотцаў).

У дзіцячым садзе па магчымасці навучаюць дзяцей усяму гэтаму, ладзяць спартыўныя святы на адкрытым паветры, каб у гульнях і спаборніцтвах замацаваць вывучанае.

Узроставыя рэкамендацыі прыкладныя. Бацькі, ведаючы здольнасці сваіх дзяцей, наколькі ў іх развітыя каардынацыя, гнуткасць, вынослівасць і асноўныя рухі (бег, скачкі), могуць з імі і крыху раней пакатацца на лыжах ці пагуляць у хакей. Галоўнае дазіраваць нагрузку. Не забывайце таксама, што дзіця дашкольнага ўзросту трэба апранаць з улікам надвор’я, адзенне павінна быць зручным для актыўных рухаў. Сачыце за тым, каб малое не абмарозіла рукі і тварык і каб, спацеўшы, не прастыла. І страхуйце яго падчас катання на санках, лыжах і каньках.

Святлана ЦІШКО.
svecishka@gmail.com