Падрыхтоўку на новага сезона пачынае футбольная каманда “Маладзечна” 16 студзеня.

Даведка “РГ”. Дзмітры Вышынскі. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Маладзечне. Футболам займаецца з сямі гадоў. Скончыў маладзечанскую спартыўную школу. За ФК “Маладзечна” выступаў у 1994 і 1995 гадах і ў сезонах 2008 і 2009 гадоў. Акрамя гэтага, гуляў за чысцінскую “Забудову”, ФК “Смаргонь”, слонімскі “Камунальнік”. Скончыў інстытут фізкультуры ў Мінску па спецыяльнасці “настаўнік фізкультуры, трэнер па футболе”. Жанаты. Мае сына Лёшу, якому 13 гадоў, і аднагадовага сына Мішу.

=========================================================================

— Дзіма, каманда ў мінулым сезоне скончыла чэмпіянат Беларусі ў другой лізе на трэцім месцы. Як ацэньваеш выступленне?

— Каманда падабралася добрая. Ёсць у ёй і ветэраны, і маладыя футбалісты. Такі сплаў вопыту і маладосці. Думаю, што гэта і прынесла поспех. Галоўнае, што мы хацелі гуляць. Мы ведаем адзін аднаго. Ведаем, хто на што здольны.

— І ўсё ж ці маглі мы ў 2009 годзе выйсці ў першую лігу?

— Нягледзячы на тое, што склад каманды падабраўся нядрэнны, калі гаварыць пра выхад у больш высокі дывізіён, трэба ўсё ж думаць пра ўмацаванне двух-трох пазіцый на полі.

— А гэтым складам не атрымаецца?

— У мінулым сезоне ў першую лігу з другой выходзіла толькі адна каманда. Пры такім раскладзе выйсці было цяжка. Пакуль невядомы рэгламент на гэты сезон. Калі вырашаць, што сёлета будуць выходзіць дзве альбо тры каманды, — усё абсалютна рэальна.

— Задачы на выступленне сёлета ўжо ставіліся?

— Пакуль не. Усё ў поўным тумане. Старшыня райвыканкама абяцаў дапамагчы камандзе. Хацелася б, каб пытанне з гэтай дапамогай вырашылася да лютага-сакавіка. Каб заставаўся час да пачатку сезона ўзмацніць састаў. Мы спадзяёмся на дапамогу ўладаў. Каб выступаць нават не ў вышэйшай, а ў першай лізе, трэба быць прафесіяналамі. І зарабляць грошы футболам.

— А як адбываецца цяпер?

— Акрамя футбола, кожны з нашых хлопцаў недзе працуе. Аддзел спорту райвыканкама трымае сваё абяцанне па аплаце нашага харчавання і прэміяльных за перамогу. Харчаванне — гэта 350 тысяч рублёў у месяц, прэмія за перамогу — 100 тысяч. У сезон за месяц можна зарабіць 750 тысяч, калі выйграваць усе гульні. Адпаведна, у міжсезонне толькі 350 тысяч. Лічыце самі…

— А некалі гулялі ў вышэйшым дывізіёне…

— Я выступаў за каманду ў вышэйшай лізе ў 1994 і 1995 гадах. У гэтых сезонах мы займалі адпаведна чацвертае і пятае месцы. Прыйшоў у каманду 19-гадовым хлопцам. Тады за яе гулялі моцныя футбалісты: Казяк, Вяжэвіч, Акуліч, Падрэз, браты Макоўскія. Маладыя гульцы паважалі вопытных, і ў нас усё атрымлівалася.

— Цяпер маладыя паважаюць вопытных менш?

— Не скажу, што менш, але час ад часу даводзіцца дапамагчы маладому партнёру добрай “сяброўскай” падказкай. Не без гэтага. Асабліва калі, напрыклад, ты напішаш пра яго хвалебны матэрыял у газету. Тады прыходзіцца хлопца крыху апусціць, каб высока не ўзлятаў.

— А каго з маладых можаш выдзеліць?

— Ну вось. Я зараз выдзелю, ты напішаш, а пасля яны зноў зорнай хваробай захварэюць. Корсака магу выдзеліць, Космача, Нарожніка. Яны раскрыліся ў гэтым сезоне, але лічу, што цяпер сыходзіць у каманду больш вышэйшага дывізіёна ім яшчэ рана. Трэба, каб хаця б год яшчэ яны тут пагулялі. У іншай камандзе добрых “сяброўскіх” падказак будзе значна больш.

— І ўсё ж ты, штатны пенальціст каманды, дапамог Космачу стаць лепшым бамбардзірам сезона, дазволіўшы яму прабіць пенальці ў гульні з мастоўскім “Нёманам”?

— А як не дапамагчы, калі ён мой выхаванец? У Дараховіча, напрыклад, выхаванец Нарожнік. Так у нас лічыцца. Дарэчы, Дараховіч мне пасля той гульні сказаў: калі б ён не забіў, атрымаў бы ты.

— Доўга плануеш яшчэ выступаць як футбаліст?

— Год яшчэ планую дакладна. Галоўны трэнер Аляксандр Гармаза, якога я лічу сваім першым трэнерам і вельмі яму ўдзячны, надта на мяне не сварыўся ў гэтым сезоне, значыць яшчэ магу прыносіць карысць камандзе.

— А пасля заканчэння кар’еры гульца?

— Хацелася б працягваць займацца футболам. Пабыць, напрыклад, трэнерам у дарослай камандзе. Потым можна і дзяцей трэніраваць.

— Як думаеш, якія перспектывы ў развіцці маладзечанскага футбола?

— Я ўжо казаў, што шмат будзе залежаць ад падтрымкі раённых уладаў. Паглядзі, якая добрая ў нас спартыўная школа. На працягу ўжо чатырох ці пяці гадоў яе выхаванцы займаюць першыя-другія месцы на абласных спаборніцтвах ДЮСШ. Дагэтуль выхаванцы школы, якія заканчвалі яе, з’язджалі ў барысаўскі БАТЭ, мінскае “Дынама”. А хочацца, каб, як раней, школа працавала на свой родны клуб. І сёння гэта зноў пачынаецца. Мы ўжо цяпер прыцягваем да нашай каманды хлопцаў 1992, 1993 гадоў нараджэння. Абавязкова трэба гэта захаваць. Цяпер у камандзе ўсе маладзечанцы — і трэнеры, і футбалісты. І трэба, каб мясцовая ўлада нам давярала, бо мы — свае.

— Важна і тое, што гэтыя свае вярнулі на трыбуны гледачоў.

— Абавязкова на старонках газеты перадай прывітанне балельшчыкам і фанатам. Вялікае ім дзякуй за падтрымку. Менавіта дзякуючы балельшчыкам футбольны клуб “Маладзечна” па выніках сезона-2009 заняў першае месца па наведвальнасці дамашніх матчаў у другой лізе.

Сяргей ЗЯНЬКО.