Навучальны год у сапраўдных школах пачынаецца з паўтарэння пройдзенага. Мы паўтараць не будзем, а толькі дабавім яшчэ адну рысу сялянскага жыцця, характэрную для ХІХ стагоддзя.
Віншую ўсіх чытачоў школкі з пачаткам новага года.

Да адмены прыгоннага права селянін працаваў не толькі на сваёй гаспадарцы, але тры-чатыры дні ў тыдзень павінны быў працаваць на пана ці якога іншага гаспадара зямлі, на якой жыў. І жыццё сялян у многім залежала ад гаспадара: добры быў – жылося лягчэй, дрэнны і злы – зусім кепска жылося.

Да XVI стагоддзя сяляне працавалі на зямлі, і даніна гаспадару была натуральная: збожжам, мёдам, яйкамі, салёнымі грыбамі і іншымі прадуктамі ад гаспадаркі. Калі пачалі расці гарады і мястэчкі, пачаў развівацца гандаль, паны і магнаты – “постаці нашай гісторыі” – набудавалі вялікіх палацаў, а іх жа трэба неяк утрымліваць, вось тады зямля буйных землеўладальнікаў (магнатаў, манастыроў, царквы, дзяржавы) была падзеленая і створаныя фальваркі, прадукцыя з якіх прызначалася на продаж.

Фальварак – гэта нешта падобнае на маленькі калгас нашых часоў. Вось у іх сяляне павінны былі адбываць прымусовую працу і яшчэ плаціць чынш гаспадару ці дзяржаве. Сялянскія сем’і станавіліся прыгоннымі, так працягвалася амаль 300 гадоў. Гэта адрэзак нашай сумнай гісторыі, бо большасць нас з сялян, а паны ўжо даўно ўцяклі ў Заходнюю Еўропу.

Гэта быў лірычны ўступ да аповеду пра фальварак як комплекс сельскагаспадарчых пабудоў, дзе праходзіла вялікая частка жыцця сялян, якое мы спрабуем крыху пазнаць.

Тое, што бачыце на малюнку, графічная рэканструкцыя фальварка Кавалі, зробленая мной па інвентары, складзеным земскім пісарам Вілейскага павета Ігнаціем Лойкам у 1831 годзе, які адшукаўся ў архіве дзякуючы, як звычайна, Анатолю Рогачу. Фальварак арандавалі бацькі паэта Адама Гурыновіча, у ім ён нарадзіўся.

Планіроўка фальваркаў залежала ад прыродных умоў, у якіх яны знаходзіліся, але па наборы гаспадарчых пабудоў усе былі вельмі падобныя. На ўездзе ў фальварак заўсёды была вялікая брама: чым важнейшы гаспадар, тым большая. За брамай вялікі, можна сказаць парадны, двор. Вакол двара – важнейшыя пабудовы: гаспадарова хата са службовымі памяшканнямі, вазоўня, стайня, бровар і лазня. Перад хатай размяшчалі аптэчны агарод з лекавымі травамі і раслінамі.

У даўнія часы бліжэйшая аптэка і доктар былі далёка ў мястэчках ці гарадах, дарогі дрэнныя, таму пры фальварку заўсёды была знахарка, якая даглядала агарод і лячыла сялян ад усіх хваробаў.

Хата гаспадара мала чым адрознівалася ад сялянскіх, толькі ў разы два большая, на дзве палавіны. На ўваходзе былі вялікія сені, з аднаго боку пакоі сям’і гаспадара, з другога – вялікая агульная кухня і людская.

У людской жылі бабылі і кутнікі, якія працавалі ў фальварку і не мелі свайго жытла. Спалі ў той час старыя на печы, маладыя – на лавах, ложак быў толькі ў гаспадара.

Другая частка фальварка, большая, мела выключна гаспадарчае прызначэнне. Там быў калодзеж, паміж лазняй з броварам і хлявамі для скаціны, якую трэба паіць. Далей – вялікі свіран для збожжа, магазін-свіран, дзе захоўвалі збожжа на насенне, побач быў плецены хляўчук для курэй. У самым канцы – вялікае гумно, перад ім гумнішча і сажалка. Каля сажалкі ляднік, халадзільнікаў яшчэ не было.

Выклікае захапленне рацыянальнасць планіроўкі фальварка, размяшчэнне пабудоў. Возьмем сажалку. Яна рэзервуар вады на выпадак пажару, паілка для скаціны летняй парой, зімой з яе бяруць лёд для ледніка і качкам ёсць дзе ногі размяць.

Акрамя аптэчнага, ёсць яшчэ два агароды. Адзін пры хаце – для людзей, другі каля хлявоў – для жывёлы. Пад вокнамі хаты – вялікі пладовы сад. Парку няма, паркі былі ў паноў, а арандатарам і самім прыходзілася працаваць – не да забаў.

Усе будынкі знахо-дзяцца на адлегласці адзін ад аднаго – на выпадак пажару, каб агонь не перакінуўся на суседні. Такая рацыянальнасць, напэўна, складалася стагоддзямі ў залежнасці ад патрэбаў і ўмоў працы. Яшчэ ў фальварках адбываліся агульныя дажынкі, месца хапала ўсім. На гумнішчы ладзіліся танцы, а калі дождж ці холадна, то ў гумне. Пляцоўку, каб збіць пыл ад скокаў, палівалі вадой з сажалкі. Агульныя дажынкі пасля ўсёй восеньскай сялянскай працы былі клопатам і турботай гаспадара фальварка, але сяляне часцяком святкавалі і свае асабістыя. Пра іх – у наступны раз.

Заўсёды ваш – дзядзька КАПЦЮГ.