У Маладзечанскім райвыканкаме Валянціна Васільева, Элеанора Хаткевіч, Вера Стараселец і Уладзімір Іваніцкі 5 студзеня атрымалі медалі да 65-годдзя вызвалення блакаднага Ленінграда. Узнагароды ўручылі намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Сяргей Борбут, старшыня райвыканкама Генадзь Кучко і ваенны камісар Аляксандр Равуцкі. Фота Святланы ЦІШКО.

Чацвёра – Элеанора Хаткевіч, Уладзімір Іваніцкі, Вера Стараселец і Валянціна Васільева – атрымалі ўзнагароды ва ўрачыстай абстаноўцы ў райвыканкаме з рук старшыні Генадзя Кучко і ваеннага камісара Маладзечанскага ваеннага камісарыяту Аляксандра Равуцкага. Пелагеі Барталевіч, Зінаідзе Саенка, Пелагеі Сідаровіч, Анастасіі Бярозкінай, якія па стане здароўя не змаглі прыйсці ў райвыканкам, іх прывезлі дадому. Ганну Сцебіхову, якая, па словах суседзяў, на зіму паехала да дачкі ў Расію, узнагарода будзе чакаць у Маладзечне.

Юбілейныя медалі заснавалі ўлады Санкт-Пецярбурга. Імі ўзнагароджваюць тых, хто жыў і абараняў блакадны Ленінград.

Веры Барысаўне Стараселец цяпер 87 гадоў. Яна нарадзілася ў беларускім Быхаве, але дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Ленінградзе: там закончыла сярэднюю школу, там у 1939 годзе паступіла ў медыцынскі інстытут. Калі пачалася вайна, Вера Барысаўна, як і большасць яе аднакурснікаў, пайшла ў ваенкамат, каб яе ўзялі на фронт медсястрой. “Ваенкаматы тады асаджвалі натоўпы народу, – успамінае жанчына ў інтэрв’ю “РГ” – Нас не ўзялі, сказалі, што патрэбныя фельчары. Але запісалі ў будаўнічыя атрады: за горадам мы рылі акопы і траншэі, будавалі абарончыя рубяжы. Яшчэ дзяжурылі на дахах – абаранялі дамы ад запальных бомбаў”. Працавала Вера Барысаўна і ў бальніцы медсястрой. І ў 1942 годзе яе ўзнагародзілі медалём “За абарону Ленінграда”.

Людзі ў блакадным горадзе засталіся практычна без ежы. У лютым 1942 года сітуацыя з харчаваннем палепшылася, і тады рабочыя атрымоўвалі па картках 500 грамаў хлеба ў суткі, служачыя – 400. А былі месяцы, калі хлеба выдавалі па 200 грамаў і менш. Прычым дамешкі ў муцэ складалі 60%.

Вады ў дамах таксама не было – водаправодныя трубы дзе адключылі, дзе размерзліся, і ваду бралі з Нявы. Узімку выжывалі толькі дзякуючы печкам-буржуйкам: яны давалі і цяпло, і святло, і гарачую ваду. Спачатку іх палілі газетамі, часопісамі, пасля і кнігамі, мэбляй – усім, што магло гарэць.

18 студзеня 1943 года савецкія войскі прарвалі кальцо блакады. У студзені 1944 года блакада была цалкам знятая. Вера Барысаўна Стараселец закончыла інстытут і стала доктарам-тэрапеўтам. У 1947 годзе яе накіравалі ў Беларусь. Спачатку яна працавала ўчастковым доктарам у Палачанах. Пасля пераехала ў Маладзечна. Тут яна цяпер і жыве з сынам і нявесткай. У Веры Барысаўны два сыны. Ёсць унукі і праўнучка Ксюша.

Святлана ЦІШКО.