Мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны будзе створаны ў 2010 годзе ў Смаргоні.
Як паведамілі “РГ” 30 снежня ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Смаргонскага райвыканкама, скульптуры салдата і бежанца ўжо адлітыя ў бронзе. Скульптура “Крылаты геній салдацкай славы” зробленая з гліны ў натуральную велічыню, у бронзе яго адальюць на працягу студзеня.

Асноўная частка комплексу размесціцца ў парку Перамогі: кампазіцыю “Крылаты геній салдацкай славы” дапоўняць бронзавыя скульптуры салдата і бежанца Першай сусветнай. Праз увесь парк пракладуць алею, завяршыць якую павінны камень з тэкстам звароту да нашчадкаў.

Цяпер спецыялісты інстытута “Гроднаграмадзянпраект” распрацоўваюць праектна-каштарысную дакументацыю на паркавую зону -праектуюць прывязку да месца.

Другая частка мемарыяльнага комплексу складаецца з сямі памятных знакаў: яны размесцяцца на вуліцах горада па лініі супрацьстаяння і будуць адлюстроўваць падзеі менавіта на гэтым участку фронту.

Скульптуру “Праклён вайне” – уваткнуўшы штык у зямлю і ўзняўшы рукі да неба, салдат шле праклён вайне – усталююць ля аўтамагістралі Мінск-Вільня.

Аддзел па фізкультуры, спорце і турызму з дапамогай вайсковай часці і рамонтна-будаўнічага ўпраўлення ачысціў доты каля вёскі Хадакі, падрыхтаваў месца для агляднай пляцоўкі. Вясной там будуць усталяваныя шчыты, якія інфармуюць аб пачатку Першай сусветнай вайны і падзеях, што адбываліся ў Смаргоні і раёне.

Святлана ЦІШКО.

 

Даведка “РГ”. У Першай сусветнай вайне 1914-1918 гадоў удзельнічалі 33 дзяржавы і народы многіх калоній. У 1915-1918 гадах (некаторыя даследчыкі лічаць, што да 1917 года) лінія фронту пралягала праз Смаргонь – горад быў разбураны.

 

Праз увесь смаргонскі парк Перамогі, дзе ў 2010 годзе размесціцца асноўная частка мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны, пракладуць алею, завяршыць якую павінны камень з тэкстам звароту да нашчадкаў

smorgon.org.

Аб баях на Смаргоншчыне ў I сусветную вайну распавядае В.Н. ЛІГУТА, кіраўнік культурна-прасветніцкай установы “Военно-исторический центр”.