Усуботу з сябрамі праехаліся па Іжанскім сельсавеце на Вілейшчыне. Нарачанка, вёскі Засценкі, Дварэц, Курнікі, Муляры, Лыцавічы з былым фальваркам Чурлёны, Макарычы.

Занесеныя снегам дарогі не былі лепшымі для пераадолення на нашым Пасаце, але для такога віду транспарту (на здымку) снег проста неабходны. У кабінцы ледзь умясціўся вадзіцель кабылы і спадарожны раварыст са сваім веласіпедам. На фота дарога між Лыцавічамі і Макарычамі.

Замерз. У краме Лыцавічаў. Сугучча назвы вёскі і слова “лыч” тут цалкам апраўданае.

Ну колькі гэтым чыноўнікам не кажы, што Нарач у нас адна – не даходзіць. А рэчка, усё ж – Нарачанка. Шыльда ля Нарачанкі ў Іжы.

Усё, што засталося ад былога гатара (тартака, лесапілкі). Памятаю, сюды адзін за адным пад’язджалі іжанскія дзеці, цёткі і дзядзькі па пілавінне – лепшы падсціл для свойскіх кабанчыкаў. Калгасны тартак забяспечваў усю вёску гэтым эфектыўным сродкам барацьбы з гноем. А як пахла свежае пілавінне!

Побач у Нарачанцы плёхаліся краснапёркі, якіх найчасцей лавілі на караеда, якіх пад сасновай карой прывезенага на гатара лесу было дастаткова. Мы, дзеці і дзецюкі, скакалі з 2-х, 3-хметровай вышыні даху над гатарам і млынам у бурлівую ваду ракі, якая пенілася, абрынуўшыся са шлюзаў драўлянага ставу (плаціны). Цьмяныя дзіцячыя ўспаміны нагадваюць яшчэ пра тое, што генератар, устаноўлены на млыне-гатары даваў на ўсю вёску на пару вячэрніх гадзін электрычнае асвятленне.

Сёння няма ні гатара, ні млына, ні плаціны. І месца тое перасталі называць Шумам. Няма чаму шумець. І толькі ў памяці гучыць:
– Галя, дзе ж твой Геня? [у абодвух выпадках – “гэ выбухны”] – А мая ж ты Волька, зноў у Шум пайшоў купацца…
Нарачанка пад снегам.

Мае спадарожнікі Ніна і Віталь – наш гід па сучаснасці. У гэты час Пятро і Галя наразаюць сала.

Іжанскія выселкі, хутар Грабары, Грабар. Двума кіламетрамі ніжэй, пры ўпадзенні ў Нарачанку Вузлянкі – хутар Казачок. Пра яго яшчэ будзе аповед некалі пазней.

Менш за сто сорак – не дазваляецца:)

Прычым тут зона rh.by? Сам спачатку падумаў. Цяпер ведаю адказ. Калі нашы ўспаміны становяцца віртуальнымі – яны незалежна ад нас пачынаюць сваё ўласнае, самастойнае жыццё. Мае ўспаміны – частка зоны rh.by. Буды рады, калі нехта адгукнецца на гэту публікацыю.

Дарэчы,

Іжанскі рачны слоўнічак:

Гатар – тартак.
Стаў – 1) плаціна, 2) сажалка, вадасховішча, пойма ракі са стаячай перад плацінай вадой.
Джыгаць, джгаць – скакаць (у ваду) нагамі ўніз.
Даваць нурца, нурцаваць – ныраць. Толькі галавой ўніз!
Жылка – лёска.
Бродзень – браднік. Сетка на рыбу, з якой упраўляюцца трое мужчын.
Палазы – тое, што і бродзень.
Вангор (гэ выбухны) – вугор.
Сялява – усяго толькі верхаводка.
Грумель (гэ выбухны) – пячкур.
Громж, мн. грамжы (гэ выбухны) – лічынка-пескарыйка міногі ручаёвай (Lampetra planeri), лепшая прынада на вангароў, шчупакоў і іншую драпежную рыбу. Выкопваецца рукамі або шуфлем з пяску і глею з вады пры беразе рэчкі.
Жаранка – смажаная рыба. Жаранка можа быць і лясной – з грыбоў.