Так заўсёды думала, калі напярэдадні калядных святаў купляла ў магазіне ласункі для калядоўшчыкаў – чацвярых дзяўчынак і хлопчыкаў, якія два гады запар званілі надвячоркам у дзверы кватэры і песняй “Добры вечар” шчыра віншавалі гаспадароў з Калядамі. У мінулым годзе яны не прыйшлі. Пакуначак з цукеркамі і пячэннем так і застаўся ляжаць на стале. “Няма нашых калядоўшчыкаў”, – паскардзілася праз некалькі дзён мужу. “Выраслі і на дыскатэку пабеглі”, – пажартаваў ён. “На дыскатэку мо, і не пабеглі, – падумалася мне, а што падраслі і сталі саромецца, дакладна”.

“Вы памятаеце Каляды свайго дзяцінства?” Гэта я ўжо чапляюся да сваіх знаёмых і блізкіх. “А як жа! – акунаецца ва ўспаміны адна жанчына, – у мяне нават палатняная торбачка, у нас, на гомельскім Палессі, іх кайстрамі называлі, засталася. З ёй і хадзілі калядаваць ад хаты да хаты. Пераважна гаспадары давалі нам сала і кілбасы. А калі каму туды пернік які кідалі, то і наогул радасці не было канца. А яшчэ ў нашай вёсцы быў звычай зачыняць на Каляды сені. Зазяваецца гаспадар, асабліва той, што дзевак ў хаце мае, а назаўтра стогне, выкочваючы на двор калоду. Гэта моладзь вясковая так весялілася. Лічылася, чым большая калода, тым таўсцейшы і дужэйшы зяць у гаспадара будзе”.

“Ой, весела некалі ў вёсцы было! У кожнай хаце самае меншае па чацвёра дзяцей гадавалася. На ігрышча як прыйдзеш, праціснуцца няма дзе. Тое ж і ў святы. Як станем вечарам сыпацца з двароў, дык бы гарох. Весела жылі. Хораша. На Вялікдзень у валачобнікі хадзілі, зімой – калядавалі. Зробім зорку, пераапранем каго з хлопцаў у казу і пайшлі ад хаты да хаты. А людзі рады, сустракаюць, частуюць і нас, і казу. Бо дзе каза ходзіць – там жыта родзіць, дзе каза хвастом – там жыта кустом”. Гэта мая бабуля, рыхтуючы куццю, успамінала калісьці сваю маладосць.

Больш за ўсё на посным стале мне падабаліся селядцы, чырвоны кісель і абаранкі з макам. А самымі нясмачнымі здаваліся грыбная поліўка і аўсяны кісель. Не вельмі, каб цягнула і на кашу з панцаку. Ды бабуля адразу прасіла, а пасля і прыстрашвала: “З’еш хоць тры лыжачкі, а то камары летам спасу не дадуць, будуць кусаць і днём, і ноччу”. Я ёй верыла. І ела праз сілу тую кашу, запіваючы макам.

“Посную вячэру не памятаю, – гэта пра сваё дзяцінства расказвае яшчэ адна мая калега, – а вось пах страў са шчодрага каляднага стала і сёння, здаецца, казыча ў носе. А яшчэ ў дзяцінстве я вельмі баялася калядоўшчыкаў. Калі спявалі пад вокнамі, то яшчэ неяк трымалася. А калі завальвалі кампаніяй у хату, хавалася ў самы далёкі пакой. І каза ў іх была нейкая страшная, і самі вельмі шумныя”.

Калядоўшчыкі вадзілі з сабою казу не дзеля кампаніі. Лічылася, што з дапамогай жывёлы можна выгнаць са двара нячысцікаў, а таксама разлічваць у наступным годзе на прыбытак. Вось і вам, паважаныя чытачы, добрых святаў і заможнасці. І каб усюды было поўна: у шафак, кішэнях, кашальках і, канешне ж, чарках. Толькі не кожны дзень. А на свята.

Марына СЛІЖ.