У свет дзікай прыроды нават з фотаапаратам трэба ўваходзіць асцярожна, лічыцца з псіхікай жывёлы і кіравацца правілам “не нашкодзь”. А яшчэ разумець, што фотапаляўнічым адразу не станеш.

Каб дасягнуць майстэрства, спатрэбяцца гады.

Па тэхнічных магчымасцях фотапаляванне куды больш складанае і дарагое, чым паляванне са зброяй.

Тут, акрамя ўсяго астатняга, трэба дастатковае святло, адсутнасць перашкод перад аб’ектывам, а гэта могуць быць нават трава і галінкі дрэў, хуткая наводка на рэзкасць, цярпенне і ўменне дачакацца патрэбнага моманту.

Адлегласць пры гэтым, нават з сярэдняй оптыкай, павінна быць куды бліжэйшая, чым пры паляванні з ружжом.

Вераб’іны сычык.

Брат і сястрычка.

У пошуках мамы.

Усе мы вучымся

Для таго каб зняць птушку, якая па памеры будзе роўная качцы, неабходна наблізіцца да яе на 6-10 метраў.

Да казулі трэба падысці на 15-25 метраў, лася – 35-50. Зрабіць гэта не проста. Ва ўсіх жывёл органы нюху, слыху і зроку працуюць на ўсё сто працэнтаў.

Таму на першым часе ў фотапаляўнічага аб’екты атрымліваюцца дробныя, а на здымках шмат лішніх дэталяў. Але ўсе мы вучымся і з часам дасягаем першых вынікаў.

Прыгожа зняты партрэт жывёлы, яго мастацкі вобраз, можа перадаць любыя пачуцці: насцярожаную чуйнасць, нямое пытанне, трывогу, а таксама давер, небяспеку, злосць, пагрозу.

Мы стараемся спыніць імгненне і часцей за ўсё ў кульмінацыйны момант развіцця падзей зафіксаваць гэты вобраз.

Вось лісіца мышкуе, а вось ля нары гуляе са сваім патомствам, корміць яго, водзіць да ляснога ручая на вадапой, вучыць азам палявання, прыносіць напаўжывую здабычу, прывучаючы да першых крокаў самастойнага жыцця.

Далей мы бачым лісянят, што ўжо падраслі. Яны ідуць на першае палявання і ці то цікавяцца ўсім, што адбываецца навокал, ці то ўцякаюць ад птушак, якія выскокваюць пад самым носам.

Гэты калейдаскоп можа весці за сабой фотапаляўнічага круглы год. І вы будзеце адчыняць для сябе ўсё новыя і новыя старонкі непрачытанай кнігі Прыроды, дзе нумарацыя лістоў своеасаблівая і непаўторная.

Не нашкодзь!

Зняты матэрыял заўсёды ацэньваецца калегамі. Крытыкуецца, адабраецца. А ты ўжо складаеш новыя планы, думаеш, дзе правядзеш адпачынак, выхадныя, што і як будзеш здымаць.

А з часам табе наогул захочацца з’ездзіць туды, дзе ты яшчэ ні разу не быў. Сфатаграфаваць такія віды, якіх у акрузе няма і ў паміне.

Разам з сябрам вы будзеце здымаць адну і тую ж жывёліну. І ўсё адно фотаздымкі атрымаюцца розныя. Жыццё прыроды нельга паўтарыць. Як заход сонца і світанак.

Усе цяжкасці, якія сустракаюцца на шляху фотапаляўнічага, будуць толькі дабаўляць спартыўнага азарту, часам злаваць. З кожным днём вы будзеце ставіць перад сабой новую планку і старацца яе ўзяць.І ў той жа час улічваць той факт, што ў свет дзікай прыроды нават з фотаапаратам трэба ўваходзіць вельмі асцярожна і непрыкметна, у першую чаргу кіравацца правілам “не нашкодзь”.

Лепш нічога не зняць, чым пакінуць пасля сябе загубленае жыццё.

Пасля вы зразумееце, што фотапаляванне – гэта актыўны, гуманны, цяжкі і вельмі цікавы занятак, які дае масу эмоцый і радасці ад зносінаў з прыродай.

У любы час года ты можаш узяць фотаапарат і зрабіць фотаздымкі, якія пасля абавязкова захочацца паказаць людзям з надзеяй, што, гледзячы на іх, яны таксама стануць дабрэйшымі і цяплейшымі.

Зняць шолах травы і дыханне вясны

Цікавіць вас будуць не толькі звяры і птушкі. Захочацца ўбачыць, як прарастаюць скрозь старое лісце стрэлкі папараці і распускаюцца на далёкім возеры бутоны белай ліліі.

Канешне, фотаздымкі з’яў прыроды, раслін, грыбоў нельга назваць у чыстым выглядзе фотапаляваннем, але з поўнай упэўненасцю можна гаварыць, што гэтыя аб’екты з’яўляюцца неад’емнай часткай багажу фатографа-анімаліста, па прыгажосці сваёй не ўступаючы жывёльнаму свету.

І калі раней вы лёгка праходзілі міма якога-небудзь аб’екта прыроды, то цяпер будзе хацецца сфатаграфаваць яго як мага прыгажэйшым. Так, каб на здымку былі чутныя “шолах травы і дыханне вясны”.

Для гэтага вы нават звернецеся да літаратуры, каб больш даведацца пра тую ці іншую з’яву прыроды, расліну альбо жывёлу, захочаце вывучыць пытанні фотатэхнікі.

Так у вашым доме з’явяцца розныя кнігі і часопісы. Шкада толькі, што літаратуры па фотапаляванні практычна няма, хіба што выпушчаная яшчэ ў 1978 годзе кніга І. Мухіна, А. Арцюхова “Фотапаляванне”, дзе многаму можна павучыцца.

Гэтыя веды толькі ўзбагацяць ваш светапогляд, пашыраць кругагляд, дапамогуць зразумець шмат якія з’явы і падзеі ў прыродзе.

Віктар КАЗЛОЎСКІ. Фота аўтара.

Гэтага ж аўтара:

За белымі чаплямі

Жывёлы ў зоне забруджання

Каб зрабіць фота, трэба зліцца са снегам

Ля прынады ў запаведніку

Пра Віктара Казлоўска:

Выстрал, што нараджае прыгажосць