Вось так павінна выглядаць дзіцячая бальніца пасля рэканструкцыі.

Ідзе рэканструкцыя будынка маладзечанскай дзіцячай бальніцы.

“Такога ў нашай бальніцы раней не было. Прымалі толькі мам, дзеткам якіх не споўніўся год. Ды і то маленькія пацыенты ляжалі ў асобных палатах, а мамы – асобна, у агульнай палаце на верандзе”, – патлумачыў 12 студзеня ў інтэрв’ю “РГ” галоўны доктар дзіцячай бальніцы Уладзімір Шаёўка. У новым аддзяленні нованароджаных для дзяцей да 1 года ўсе палаты будуць сумесныя, адна-, двух- і трохмесныя.

Праўда, паводле заканадаўства, бясплатным харчаваннем у стацыянары забяспечваюць толькі тых бацькоў, дзецям якіх не споўнілася 5 гадоў (15 гадоў, калі дзеці – інваліды).

У педыятрычным аддзяленні, якое размесціцца ў прыбудове (там, дзе раней была кухня, харчблок), яшчэ ў снежні запрацавала ацяпленне і пачаліся аздобныя работы. Па словах Уладзіміра Шаёўкі, праз 2-3 месяцы пры належным фінансаванні яно будзе цалкам гатовае.

У лячэбным аддзяленні (вялікі корпус) заменены дах і міжпавярховыя перакрыцці, усталяваныя новыя пластыкавыя вокны, часткова зманціравана і да канца студзеня пачне працаваць ацяпляльная сістэма.

На пераходнай частцы бальніцы дабудаваны трэці паверх, дзе абуладкуюць рэнтген-кабінет, лабараторнае і фізіялагічнае аддзяленні, прыёмны пакой, кабінеты адміністрацыі.

Знесены пяць старых будынкаў, якія размяшчаліся на тэрыторыі бальніцы, – ім было гадоў па 50 і яны не падлягалі рэканструкцыі. Сярод знесеных – былое цэнтральна-стэрылізацыйнае аддзяленне. Для яго ў бліжэйшы час пачнуць узводзіць асобны будынак – дакументацыя ўжо гатовая.

Таксама ў новым двухпавярховым будынку – з лячэбным корпусам яго злучыць галерэя – размесціцца кухня.

Палова запланаванага зроблена. Засталіся аздобныя работы ў вялікім корпусе, рэканструкцыя абарончага сховішча, пральні і іншых абслуговых аддзяленняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўсталяванне новай фігурнай агароджы. Праект прадугледжвае вялікую колькасць клумбаў вакол будынка бальніцы, альтанкі, лавачкі для адпачынку малых пацыентаў.

Пакуль што хворых размяшчаюць у бальніцы №1 і №2, расказаў Уладзімір Шаёўка. У асабліва складаных выпадках – у сталічныя дзіцячыя клінікі і абласную дзіцячую клінічную бальніцу. “Хворым з замацаваных раёнаў – Валожынскага, Мядзельскага, Вілейскага – мы таксама не адмаўлялі ў шпіталізацыі”, – адзначыў Уладзімір Шаёўка.

Пасля рэканструкцыі будынка, усталявання новай мэблі і медыцынскага абсталявання бальніца зможа прыняць 100-110 пацыентаў: педыятрычнае аддзяленне разлічанае на 35 ложкаў, хірургічнае – на 40, аддзяленне нованароджаных – на 35, рэанімацыя – на 6 ложкаў.

Фінансуюць гэты праект абласны і мясцовы бюджэты. На медыцынскае абсталяванне каля 5 мільярдаў рублёў выдаткуе Міністэрства аховы здароўя. Уладзімір Шаёўка ўпэўнены, што да канца 2010 года рэканструкцыя завершыцца і бальніца прыме пацыентаў.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.