Нажом у жывот ударыла свайго 59-гадовага мужа 53-гадовая нецвярозая жанчына. Здарэнне адбылося ў іх дома ў Маладзечне каля паловы першай ночы 9 студзеня.
Начальнік дзяжурнай часці Ігар Шупенка паведаміў “РГ”: і муж, і жонка раней былі судзімыя. За нож жанчына ўзялася падчас сваркі. Пацярпелага з колата-рэзанай ранай жывата адвезлі ў бальніцу. Дактары выклікалі міліцыю.

Рана жывата — цяжкае цялеснае пашкоджанне. На месцы здарэння міліцыянеры знайшлі нож і кавалак коўдры з плямамі чырвона-бурага колеру. Жанчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Калі віна будзе даказаная ў судзе, ёй пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”.

Сяргей ЗЯНЬКО.