Ва ўсіх раёнах нашага рэгіёну на гэтым тыдні пачалася бясплатная вакцынацыя супраць высокапатагеннага вірусу грыпу H1N1.
Вакцыну расійскай вытворчасці “Інфлювір” раёны Мінскай вобласці атрымалі 8 студзеня, Гродзенскай вобласці – 12 студзеня. Яна жывая – утрымлівае аслаблены мікраарганізм, інтраназальная, г.зн. уводзіцца ў арганізм праз нос – распыляецца ў насавыя хады.
Прызначаная найперш для прафілактыкі грыпу H1N1, але, па словах загадчыцы аддзела эпідэміялогіі Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людмілы Ермачэнкі, уздымае імунную сістэму арганізма на барацьбу і супраць іншых падобных вірусаў – грыпу В, рэспіраторна-сінтыцыяльнага захворвання і іншых.
Аднаму чалавеку прышчэпку неабходна рабіць двойчы – з інтэрвалам у 10 дзён. Найперш яе атрымаюць тыя, хто забяспечвае жыццядзейнасць населеных пунктаў, – медыкі, работнікі транспартнай і камунальнай гаспадарак, электрасетак, МУС, настаўнікі.
А таксама іншыя людзі ад 20 да 49 гадоў: па словах Людмілы Ермачэнкі лістападаўскі ўсплёск захваральнасці паказаў, што найбольш схільныя да высокапатагеннага грыпу людзі менавіта такога ўзросту.
Чарговы ўздым захваральнасці медыкі чакаюць у лютым. Але ён можа здарыцца і пазней, адзначае Людміла Ермачэнка: з-за таго, што ўмяшаўся нехарактэрны для Беларусі лістападаўскі ўсплёск колькасці ВРВІ.
Святлана ЦІШКО.
Гэту тэму можна абмеркаваць на форуме.