Першы этап чэмпіянату Беларусі па спартыўнай лоўлі рыбы з лёду на зімовую блешню сабраў 9-10 студзеня на лёдзе Вілейскага вадасховішча 17 камандаў.

Аляксандр Віцюк дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай лоўлі рыбы з лёду на зімовую блешню прыехаў на Вілейскае вадасховішча з Гродна.

Спаборніцтвы прайшлі 9-10 студзеня на Вілейскім вадасховішчы і сабралі 17 камандаў з усёй Беларусі. З нашага рэгіёну не было ніводнай.

У склад каманды ўваходзяць тры рыбаловы ад 18 гадоў і старэйшыя, без абмежаванняў паводле палавой прыналежнасці. Але на Вілейскім вадасховішчы спаборнічалі толькі мужчыны. “Зімовая рыбалка — цяжкі від спорту: мароз, моцны вецер, ішоў снег. Але нягледзячы на такія ўмовы, людзі атрымоўваюць ад рыбалкі задавальненне”, — адзначыў у інтэрв’ю “РГ” Аляксандр Розін з “Аматары fishing”.

У першы і другі дзень (тур) спартсмены знаходзяцца на лёдзе па шэсць гадзін. Пераможцам туру становіцца рыбак, улоў якога важыць найбольш. Да заліку прымаліся шчупак, даўжыня якога не менш як 35 см, судак не меншы за 40 см і акуні без абмежаванняў паводле памеру. Першае месца па выніках двух дзён займае спартсмен, у якога сума месцаў найменшая. Ім стаў Вадзім Якубовіч з “Аматары fishing”. Яго калега Аляксандр Розін заняў другое месца.

Пераможцам у камандным заліку лічыцца каманда, у якой найменшая сума месцаў, занятых членамі каманды за два туры. “Аматары fishing” набралі 44 ачкі і перамаглі. Да гэтага яны двойчы спыняліся ў адным кроку да п’едэстала, на чацвертым месцы. У іх бліжэйшых сапернікаў — “Перакат-1” і “Перакат-2” — адпаведна другое (47 ачкоў) і трэцяе (55 ачкоў) месцы.

Самай вялікай злоўленай 9-10 студзеня рыбай стаў шчупак вагой каля 1200 грамаў.

“Аматары fishing” засталіся задаволеныя не толькі вынікамі спаборніцтваў, але і ўласна рыбалкай. “На Вілейскім вадасховішчы мы бываем кожны год. Увогуле ў мінчан гэта, напэўна, любімы штучны вадаём: адзін з самых вялікіх і рыбных”, — расказаў Аляксандр Розін.

Святлана ЦІШКО.

Фота Ігара МАРОЗА.