— Віталь Пятровіч, пасля ўдалага выступлення ў чэмпіянаце-2009, цяпер, у міжсезонні, ходзяць чуткі, што з каманды ў клубы вышэйшых дывізіёнаў сыходзіць ледзь не палова футбалістаў. Балельшчыкаў вельмі хвалюе: ці так гэта?

— Чуткі заўсёды хадзілі, ходзяць і будуць хадзіць. Калі каманда выступіла ўдала, на яе будуць звяртаць увагу. Але пакуль па пытаннях пераходу нашых футбалістаў кіраўнікі іншых клубаў да нас не звярталіся.

— А вы не дапускаеце, што хтосьці з хлопцаў можа весці перамовы з іншымі клубамі за спінамі трэнераў ФК “Маладзечна”?

— Скажам так: я не выключаю гэтага. Калі такое робіцца цішком, мы, зразумела, супраць. Патлумачу, чаму. І я, і Аляксандр Гармаза заўсёды казалі хлопцам: разумеем, што каманда другой лігі — трамплін для маладых футбалістаў у футбол больш высокага ўзроўню. Калі кіраўніцтва нейкай каманды праз нас, трэнераў, прапануе нашым хлопцам рост у майстэрстве і ў матэрыяльным становішчы, мы ніколі не будзем ствараць перашкодаў. Але здараецца і так: з’яўляюцца “каляфутбольныя” людзі, якія маюць сувязі ў розных клубах і прапануюць футбалістам сумніўныя здзелкі па пераходзе, спадзеючыся на гэтым зарабіць. Няхай іх дзеянні застаюцца на іх сумленні, а мы разлічваем, што нашы футбалісты будуць з намі шчырымі да канца.

— Значыць, на трэніроўцы 16 снежня ў спартзале завода металаканструкцый чакаем усіх?

— Так. Магчыма, хтосьці з хлопцаў на трэніроўцы падыдзе да нас і скажа, што хоча сысці. Пакуль пра гэта сказаў толькі Яўген Курловіч. Ён збіраецца ў мінскі МТЗ-РІПА. Але Жэня і належыць гэтаму клубу. Паехаў туды, калі яшчэ вучыўся ў спартшколе. У сезоне-2009 з-за траўмы ў склад МТЗ ён не трапіў. Мы не маглі яму адмовіць выступіць за “Маладзечна” і не памыліліся. У цэнтры згуляў здорава. Цяпер, калі ён сыдзе, яго пазіцыю могуць заняць Нарожнік, Касцюк, Вінцукоўскі. У мінулым сезоне ў цэнтры ў нас была канкурэнцыя, таму паўабарона згуляла на парадак лепш, чым годам раней.

— Дзіўна, што не было пакуль перагавораў па пераходах маладых Космача, Корсака, Нарожніка, якія значна прыбавілі ў прайшоўшым сезоне.

— Перагаворы, думаю, будуць. Каманды толькі пачынаюць выходзіць з адпачынку і пачынаюць вызначацца: хто ім трэба, а хто — не. Мы не супраць. Няхай хлопцы паедуць, паглядзяць. Дай бог, каб яны там загулялі. Але карысней для іх было б яшчэ з год пагуляць тут. Узровень другой лігі вышэйшы, чым, скажам, узровень дубляў саставаў мацнейшага дывізіёна. А сядзенне на лаўцы запасных асноўнага саставу майстэрства таксама не прыбавіць.

— Ёсць яшчэ адзін момант: а ў армію хлопцаў не забяруць, калі яны не паступяць у вышэйшую навучальную ўстанову?

— Корсак ужо вучыцца завочна ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Космач з Нарожнікам свае каледжы заканчваюць летам. Ім дадуць магчымасць паступаць у ВНУ, ніхто да зімы іх служыць не забярэ. Паступяць — праблема знімецца сама сабой. Не — у нас добрыя адносіны з нашай вайсковай часцю. Кіраўнік фізвыхавання часці сам казаў: калі ў вас ёсць хлопцы, якім трэба ісці служыць, мы забяром іх да сабе. Яны змогуць трэніравацца і гуляць.

— Пра маладых пагаварылі. Старыя таксама ўсе ў страі?

— Пакуль ніхто не казаў, што збіраецца вешаць бутсы на цвік. Ды і навошта? Вельмі добра мінулы сезон правёў Макрыцкі. У яго асноўная работа была ў дзве змены. Тыдзень — у першую, тыдзень — у другую. Такім чынам, тыдзень Віталь трэніраваўся з камандай, тыдзень — сам. А гэта значыць, ён шчыра хацеў гуляць і дапамагаць камандзе. Дараховічу сёлета споўніцца 31. Не той узрост, калі трэба заканчваць. Грыхуцік у нападзенні, упэўнены, яшчэ прынясе нам карысць. Пры фанатычных адносінах да футбола Вышынскага — яму яшчэ гуляць і гуляць. Што тычыцца Дразда, яму толькі 26 споўніцца. Пра Баламута і Сумана, якія маладзейшыя, ўвогуле не гавару.

— Вы сказалі, што ФК “Маладзечна” — трамплін у вялікі футбол. Але, думаю, балельшчыкі не згодныя мірыцца з гэтым. Ім хочацца большага. Хочацца бачыць любімую каманду ў больш высокім дывізіёне.

— Каб ставіць задачу выхаду ў першую лігу, трэба мець матэрыяльную базу. На пустым месцы нічога не расце. На жаль, цяпер няма кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія б захацелі дапамагчы клубу набыць статус прафесійнага. Ці, можа, мы з імі ходзім недзе побач, але дагэтуль не сустрэліся? Але ж каманда ўвесь час навідавоку. Хаця б дзякуючы пастаянным публікацыям пра яе жыццё ў “Рэгіянальнай газеце”. Таму мы спадзяёмся на дапамогу старшыні райвыканкама Генадзя Кучко. Ён казаў пра магчымасць такой дапамогі, калі нас узнагароджвалі бронзавымі медалямі. Мы з Аляксандрам Гармазой спадзяёмся, што ў бліжэйшы час зможам сустрэцца з кіраўніком раёна і абмеркаваць магчымыя перспектывы. Калі на гэтай размове мы разам паставім высокую задачу, які сэнс камусьці з футбалістаў пакідаць каманду?

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Даведка «РГ».