Гэта робіць мне “справаздачу” пра без карысці праведзеныя выхадныя адна мая знаёмая. “Работы дома – за месяц не ўправішся, – уздыхае яна, – але ж не будзеш на гадавое свята парадкі наводзіць. Вось і поўзалі ўсе чатыры дні ад халадзільніка да канапы. Як толькі ручка цэлая засталася ды спружыны не павылазілі. Ледзь панядзелка дачакаліся. Усе бакі адляжалі”.

“А я ў панядзелак не магла на працу ўстаць, – скарджуся ёй, – “звязалася” з серыялам “Сваты”. А ён, брадзяга, у нядзелю далёка за поўнач закончыўся. Яно, канешне, можна было б выключыць ды легчы спаць. Толькі рука не паднялася. Адзінаццаць серый “пражылі разам”. Ці ж чалавек я буду, калі Івана з Валяй у чужым горадзе адных кіну”.

Прызнацца, серыялы гляджу рэдка. А гэты, як кажуць, лёг на душу. “Во, хоць на наша жыццё падобны, – гэта ўжо мая сваячка аналізуе фільм. – А то ўключыш тэлевізар, адна раскоша кругом. Брыльянты, катэджы, крутыя машыны, ананасы, амары, кватэры плошчай па 300 квадратных метраў. Мужчыны мільярдамі варочаюць, жанчыны ў салонах прыгажосці час праводзяць. Прыгожа, канешне, але так далёка ад нас. Няўжо нельга зняць фільм пра такіх, як мы?”

Пра такіх, як мы, гэта пра людзей, якія штораніцы падымаюцца, адпраўляюць дзяцей у садкі і школы, затым ідуць на работу, пасля яе – у магазіны. Вечарам яны яшчэ ўмудраюцца адстаяць змену ля “мартэна”, так адна мая знаёмая называе газавую пліту, затым яшчэ адну – ля гладзільнай дошкі. А раніцай наступнага дня ўмеюць выглядаць “свежымі” і быць “вясёлымі”, нягледзячы на тое, што пасля працоўнага дня чакае дача, не праполаты агарод, кошык агуркоў, якія трэба замарынаваць, ці галодная жывёла.

Па падобным сцэнарыі жыла ў “Сватах” і сям’я Буцько. Тут радаваліся, перажывалі, сварыліся, жартавалі, варылі ўкраінскі боршч, рабілі нарыхтоўкі на зіму, дзяліліся апошнімі з суседзямі. І вучыліся жыць побач з інтэлігентнымі гарадскімі сватамі. Паколькі мелі адну ўнучку на дваіх.

“Мой Сяргей, – выліты Іван Сцяпанавіч са “Сватоў”, – разважае адна жанчына, якая таксама падсела на серыял. Гляджу кіно і ўвесь вечар ад смеху заходжуся. У аўтаматы ён, праўда, грошай не прайграе. Няма іх у нашай вёсцы. А вось бутэльку, калі ведае, што ў хаце ёсць, абавязкова знойдзе. Божа ж ты мой, куды я яе не хавала. І ў шафе пасярод адзення, і за кніжкамі, і ў канапе. Аднаго разу нават у бачочак з агуркамі засунула. Усё адно ўнюхаў”.

Сяргей яе не п’яніца і не абібок. На работу ходзіць, грошы нядрэнныя зарабляе. Проста час ад часу любіць “падурніцца”. І ўсім кажа, што такім чынам жонку “перавыхоўвае”. Маўляў, навошта бутэльку схавала, адна хацела выпіць? А я не такі, я з суседам падзяліўся.

Язык у яго востранькі. Калі параўнаць, то мо, нават таней заточаны, чым у таго Івана Буцько са “Сватоў”. Разабраў стары хлеў, сфатаграфаваў употайкі жонку на яго фоне. “Во, – паказвае гасцям у час застолля, – гэта ж мая на франтавым фотаздымку. Бачыце, як добра захавалася”.

Паслухала жанчыну – задумалася. Не, думаю, не раскоша раздражняе яе ў тых фільмах. Не брыльянты і не тоўстыя кашалькі з далярамі. Відаць, часам чагосьці простага хочацца і зямнога…

Марына СЛІЖ.

Кадр з фільма “Сваты”.  Фота http://inter.ua