Палонку рыхтавалі ў нядзелю 17 студзеня.

А сякерай ямчэй!

Мы на месцы.

Будзем з вэнджаным карпам.

Купацца будзем тут!

На шляху да палонкі Аляксандр Манцэвіч і Наталля Харытонава.

А вада вельмі халодная?

Джэнтльмэны і ля палонкі дапамогуць. 

Ігар Мароз і гаспадар сядзібы Леанід Шульц. У каго мацнейшыя лёгкія?!

Зх! Здорава!

Не хвалюйся, калі што, дастанем!

Марына Сліж чакае “маржоў” з лазні. Выйдуць – будзе выціраць.

Фірменныя карпы ад Шульца.

Смачна!

Ідэя ўзнікла напярэдадні. Таму час, каб прадумаць, дзе і як правесці акцыю, быў. Адразу меліся зрабіць гэта на Віліі, пазней разглядаўся варыянт Вілейскага вадасховішча. А акунуліся, у рэшце рэшт, у воды Спорні. Рэчкі, якая працякае па вёсцы Заспорня, што ў Вілейскім раёне. Побач з ёй – лецішча віляйчаніна Леаніда Шульца, які таксама вырашыў паўдзельнічаць у акцыі “Рэгіянальнай газеты”.

Першая “вылазка” на Спорню адбылася ў нядзелю, 17 студзеня. Канешне ж, рэчка была скаваная лёдам. Таму Аляксандру Манцэвічу і Ігару Марозу давялося папрацаваць і пяшнёй, і сякерай. Палонку высеклі велікаватую. З разлікам, каб у ёй маглі акунуцца чалавек гэтак пяць-шэсць. Вялізныя крыгі спускалі пад лёд.

У гэты ж дзень Аляксандр Манцэвіч адкрыў купальны сезон. Пасля расказваў, што пры тэмпературы паветра -9 вада была цярпімая. Адчуванні – “Нічога страшнага”.

На Вадохрышча, дзесьці пасля дзвюх гадзін дня, на дзвюх машынах рушылі ў дарогу. Купальшчыкаў суправаджала група падтрымкі з фотаапаратамі і блакнотамі. За бортам было -9. Надвор’е стаяла быццам бы бязветранае. Тым не менш, мароз кусаўся. Было золка.

А вось і ўказальнік “Заспорня”. Спыняемся ля самага крайняга дома. Яго гаспадар – той самы Леанід Шульц. У двары смачна пахне дымком. “Пыхкае” здароўем лазня, што “працуе” на мясцовым паліве – дрывах. Каб трапіць да яе, ідзём праз навясны масток, які крыху хістаецца. “О-ё-й”, – пішчаць дзяўчаты. Але што гэта выпрабаванне ў параўнанні з тым, якое чакае нашых смельчакоў.

Збіраемся ля лазні, пасля ўсёй кампаніяй ідзём да рэчкі. Яна ў некалькіх метрах, за агароджай лецішча. Па акуратна высечаных у снезе прыступках спускаемся на лёд. Вада ў палонцы ў асобных месцах ужо крышку паспела схапіцца лёдам. Апускаю руку – холадна.

Пакуль удзельнікі акцыі распранаюцца ў лазні, азіраемся навокал. Нічога не скажаш – прыгожа. Заўважаю птушыныя сляды на некранутым снезе, спыняюцца вочы на стромкіх соснах, што падступаюць да рэчкі, абрывістым, ахутаным снегам беразе, і зноў упіраюцца ў палонку, дзе бруіцца чарнаватая ледзяная вада.

“Вада на Спорні халодная нават летам, – быццам бы падслухаўшы мае думкі, расказвае сын гаспадара лецішча Алег Шульц, – цячэнне тут хуткае, яна ніколі не награваецца”. Не ведаю, што адчуваюць у гэты момант купальшчыкі, але мяне, калі пачынаю ўяўляць, як яны ступаюць у ваду, ажно трасе.

Тым часам з лазні раздаюцца гучныя галасы. Група падтрымкі з фотаапаратамі і блакнотамі чакае “маржоў” на беразе Спорні, хаваючы вушы ў каўняры паліто. “Не ведаю, як у цябе, а ў мяне ўжо пачынаюць прымярзаць ногі да ботаў”, – скарджуся Сяргею Зянько, які час ад часу расцірае шчокі. У гэты момант з гоманам выбягае кампанія купальшчыкаў. Ігар Мароз у гумовых шлёпанцах. Аляксандр Манцэвіч, Наталля Харытонава і Леанід Шульц – ідуць да рэчкі басанож.

Па ледзяных прыступках спускаюцца з берага да палонкі. Яшчэ секунда, і ўсе чацвёра ў вадзе. Гучнага “Ратуйце!” альбо “Ой, мамачка, дапамажы!” мы не чуем. Твары ва ўсіх вясёлыя, я б сказала, шчаслівыя. Пад гучнае “Раз, два, тры” тройчы акунаюцца ў ваду і выходзяць на бераг. “Як?” – ледзь не ў адзін голас пытаемся мы. “Нармальна!” – чуем у адказ. Гуськом, адзін за адным, нашы “маржы” бягуць у лазню. Пастукваючы нага аб нагу, мы застаёмся чакаць на беразе другога пагружэння.

“Ідзіце ў дом, пагрэйцеся, чаю папіце”, – прапаноўвае нам Алег Шульц. Дружна адмаўляемся. Калегі ў палонку з ледзяной вадой акунаюцца і не скардзяцца, а тут…

І ў той жа час цікава, што адбываецца там, у лазні. Народ трасецца ад холаду, праклінае ідэю ці ўсё ж адчувае задавальненне. Саджуся на лавачку пад дзвярыма. Па дружным рогаце разумею, што ім спадабалася.

Тым часам, як мне здаецца, мароз мацнее. Пачынаюць шумець сосны, дзесьці за сцяной лазні пасвіствае вецер. А чацвертай гадзіне дзверы яе адчыняюцца і трое нашых калег на чале з гаспадаром зноў выходзяць у двор. Ад разагрэтых целаў ідзе пар, у многіх да спіны папрыліпалі лісточкі ад бярозавага веніка. “Пасля такога пылу-жару ні за што б не нырнула ў ваду”, – думаю пра сябе і ўслед за кампаніяй бягу на бераг рэчкі.

Другое акунанне было, як мне здалося, даўжэйшае. А нашы смельчакі адчувалі сябе ў вадзе, бы тая рыба. Акуналіся з галавой. Па тры разы. А Ігар Мароз нырнуў яшчэ і “за свае ручкі, за свае ножкі, за свае нэрвы і за ўсю рэдакцыю”.

У час чаяпіцця пасля акцыі пра ўражанні ў сваіх купальшчыкаў не пыталася. Маўляў, і заўтра часу хопіць. Як кажуць, пераначуйце, асэнсуйце. Папрасіла расказаць пра тое, што адчуваў у час пагружэння, толькі Леаніда Шульца. “Было не вельмі холадна, – расказвае ён з усмешкай. – Хаця да гэтага ніколі не купаўся. Толькі некалькі разоў пасля лазні абціраўся снегам. Здаецца, было яшчэ халадней”.

“Ці нырнулі б яшчэ раз?” – задаю раніцай 20 студзеня пытанне сваёй калезе Наталлі Харытонавай. “Нырнула б, – кажа яна. – Хаця не магу сказаць, што мне было не страшна. Баялася і ў той жа час унутраны голас падказваў, што я змагу гэта зрабіць. Дагэтуль у палонцы не купалася ніколі, таму вопыту не мела. А на самой справе – усё вельмі здорава. Адчуваецца радасць жыцця”.

“З самай раніцы быў узбуджаны, – дзеліцца ўражаннямі Ігар Мароз, – і ўпэўнены, што змагу акунуцца. Калі людзі робяць, чаму я не магу гэта зрабіць. Дарэчы, я люблю абцірацца зімой снегам. Вясной пасля лазні абліваюся халоднай вадой, а летам ныраю ў гэтую самую Спорню. Магчыма, мне было лягчэй, чым іншым. Бо ведаю, якое ў рэчцы дно. Знаю, што яна неглыбокая. Вады толькі па пояс. Нейкі асаблівы настрой захаваўся па сённяшні дзень. Хаджу ўзрушаны, хочацца жартаваць, смяяцца. Звычайна я больш стрыманы. І думаю, што гэты зарад настрою і здароўя падарыла мне ледзяная вада Спорні”.

Рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч, які быў галоўным арганізатарам акцыі, кажа, што баяўся не холаду, баяўся, каб не паслізнуцца. А што адчуваў, дык гэта як снег пад пяткамі растае, а яшчэ – радасць. Ад таго, што ў гэтай палонцы не адзін. Што знаходзяцца людзі, якія не баяцца ні снегу, ні ледзяной вады.

Марына СЛІЖ.

Фота Святланы ЦІШКО і Сяргея ЗЯНЬКО.

Рэдакцыя “РГ” дзякуе Леаніду Шульцу за дапамогу ў арганізацыі і актыўны ўдзел у акцыі “Рэгіянальнай газеты”.

 

Тэму можна абмеркаваць на форуме

Відэакліп можна спампаваць з дапамогай праграмы Easy Video Downloader