Ветэраны — у страі. На першай трэніроўцы (злева направа): Сяргей Дараховіч, Віталь Макрыцкі, Дзмітры Касцюк.

 На першай трэніроўцы асаблівых задач па фізічнай і функцыянальнай падрыхтоўцы футбалістаў трэнеры не ставілі. На мэце было сустрэцца пасля адпачынку, пагутарыць, паглядзець, хто ў якім настроі знаходзіцца. Хлопцы размяліся і правялі паміж сабой некалькі двухбаковых гульняў.

На першую агульную трэніроўку ў сезоне прыехалі амаль усе. Не было траіх — Сяргея Дразда, Сяргея Корсака і Дзмітрыя Вышынскага, якія адсутнічалі па асабістых, уважлівых прычынах.

Галоўнага трэнера каманды Аляксандра Гармазу і трэнера Віталя Казяка ў гэты дзень парадавалі два факты. Першы: асноўная абойма футбалістаў, якія летась дасягнулі ў чэмпіянаце высокага выніку, на першай трэніроўцы прысутнічала. Другі: прыйшлі ўсе тыя футбалісты, якія ў мінулым сезоне ў асноўны састаў не траплялі. Гэта значыць, жаданне гуляць у іх не знікла.

“Спадзяёмся, сёлета яны пастараюцца даказаць, што маюць права на месца ў аснове, — сказаў у інтэрв’ю “РГ” Віталь Казяк. — А ўвогуле прыемна, што ўсе хлопцы займаюцца з задавальненнем. Бачна, што засумавалі па футболе. Думаем, яны гатовыя працаваць і надалей, каб выступіць у гэтым сезоне дастойна. На трэніроўку мы запрасілі таксама выхаванцаў спартшколы 1993 года нараджэння. Неўзабаве іх можна будзе прыцягваць да дарослага футбола. Няхай папрацуюць са старэйшымі партнёрамі, каб прыбаўляць у майстэрстве”.

Мэтанакіраваную падрыхтоўку да сезона каманда пачне ад панядзелка, 25 студзеня. Па словах Віталя Казяка, тыднёвы трэніровачны цыкл будзе ўключаць у сябе: трохразовыя трэніроўкі ў спартзале завода металаканструкцый, адзін дзень заняткаў у трэнажорнай зале спартшколы і двойчы на тыдзень заняткі па фізічнай падрыхтоўцы будуць праходзіць на дарожцы гарадскога стадыёна.

Пра спарынгі з іншымі клубамі пакуль не думаем. На працягу трох-чатырох тыдняў трэба аднавіць фізічныя кандыцыі. Спарынгавыя матчы плануецца пачаць праводзіць у другой палове лютага.

Не факт, што каманда ў красавіку заявіцца на чэмпіянат у тым складзе, у якім яна ёсць сёння. Пакуль толькі Яўген Курловіч знаходзіцца на зборах у мінскім МТЗ-РІПА. Але кантракт з ім яшчэ не заключаны, і не выключана, што Жэня вернецца назад.

Ігарам Нарожнікам цікавіцца наваполацкі “Нафтан”, а Сяргеем Космачам — пінская “Хваля”. “Рудзенск”, які летась выйшаў з другой у першую лігу, не супраць узмацніць свой састаў. Магчыма, трэнеры гэтай каманды звернуць увагу на маладзечанскіх футбалістаў. Аднак Віталь Казяк адзначыў: казаць, што мы панеслі нейкія страты, можна будзе толькі пасля таго, як нашы хлопцы заключаць з іншымі клубамі кантракты, пра якія гаварыць рана. Хлопцы могуць з’ездзіць на прагляд і вярнуцца дамоў. Калі раптам нехта сыдзе, будзем думаць, кім замяніць.

Сяргей ЗЯНЬКО.

На размінцы — вопытны форвард “Маладзечна” Аляксандр Грыхуцік.

На Сяргея Космача звярнула ўвагу пінская “Хваля”.

Ігарам Нарожнікам зацікавіўся наваполацкі “Нафтан”.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Страт пакуль няма, але клубы пачалі цікавіцца нашымі хлопцамі.