Тарэса Собаль зноў выбрана кіраўніком івянецкай арганізацыі неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на актывіста гэтага грамадскага аб’яднання Анджэя Пачобута.

Па яго словах, 21 студзеня ў Польскім доме ў мястэчку Івянец сабралася 157 сяброў мясцовай арганізацыі грамадскага аб’яднання і каля 100 прадстаўнікоў іншых структур неафіцыйнага СПБ. “У залу не быў дапушчаны кіраўнік лаяльнага ўладам Саюза палякаў Станіслаў Сямашка. Са 157 сяброў арганізацыі 155 прагаласавалі за перавыбранне Собаль”, — сказаў Пачобут. Па яго словах, на сходзе прысутнічалі прадстаўнікі дыпмісіі Польшчы ў Беларусі

18 снежня 2009 года ў дачыненні да Собаль была ўзбуджаная крымінальная справа. Яна абвінавачваецца ў злоўжываннях пасля атрымання ў 2004 годзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ, яшчэ да таго як гэта аб’яднанне раскалолася на дзве структуры – прызнаную беларускімі ўладамі і неафіцыйную. Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы галоўны савет афіцыйнага Саюза палякаў выключыў Собаль з саставу аб’яднання і прызначыў на 21 студзеня перавыбары івянецкай арганізацыі СПБ.

Каб не дапусціць змены кіраўніцтва, ад 19 студзеня ў Польскім доме пастаянна знаходзіліся Тарэса Собаль, лідэр неафіцыйнага СПБ Анжаліка Борыс і іншыя актывісты аб’яднання.

На працягу 21 студзеня на пад’ездах да Івянца супрацоўнікі міліцыі затрымалі 46 актывістаў аб’яднання, якія толькі да 17.40 з дапамогай польскага дыпламата змаглі дабрацца да Івянца, каб падтрымаць Тарэсу Собаль.

Паводле БелаПАН.

Фота svaboda.org