“Усё, апошняя цыгарэта, – любіць казаць у нядзелю вечарам адзін мой знаёмы, – з панядзелка не куру”.
Раніцай наступнага дня ён і сапраўды не курыць. Гадзіны дзве, пакуль не выйдзе за парог кватэры і не дойдзе да магазіна, дзе прадаюцца цыгарэты. “Ты зноў з гэтай смярдзючай соскай у роце? – абураецца вечарам жонка. – Толькі ж учора бажыўся, што з панядзелка больш ніколі ў рот не возьмеш”. “А я табе сказаў, з якога панядзелка? – абараняецца мужчына. – Можа, з наступнага”.

Божа, якая знаёмая сітуацыя. Напэўна, няма на свеце чалавека, які б не спрабаваў з панядзелка пазбавіцца ад нейкіх дрэнных звычак альбо пачаць жыццё па-новаму. “У пятніцу вечарам купіла ў кіёску штодзённік, – расказвае мне адна знаёмая, – у суботу, калі сямейства лягло спаць, зачынілася на кухні і склала план на месяц. З панядзелка вазьму ўсё пад кантроль і паспрабую перастроіць сваю сям’ю на правільны лад жыцця. А то кла-дзёмся позна, устаём таксама позна. Спазняемся, злуём адно на аднаго. Дзяцей закінулі, дом таксама. Грошы “цякуць” як скрозь пальцы вада. Карацей, наш дэвіз на бліжэйшы месяц – “Эканомія і беражлівасць”. Слухаю яе, сама сабе ўсміхаюся. Бо ўсё гэта – пройдзены этап. У панядзелак будзе ўсё так, як заўсёды.

“Калі вы вырашылі што-небудзь змяніць у сабе альбо ў жыцці сваёй сям’і, не адкладвайце на заўтра, лепш пачніце сёння”, – раяць псіхолагі. “Я так не магу, мне трэба настроіцца”, – не прымае іх довады адна мая сяброўка. І мо, ужо год збіраецца купіць абанемент у спартыўную залу. Першы раз яна вырашыла туды пайсці ў красавіку мінулага года. Пасля, падумаўшы, планы змяніла і трэнажоры перанесла на май. А там пачалася дача. “Якая спартзала, – апраўдвалася яна, – лапату ў рукі – і на градкі”. Летам іх трэба было паліваць і палоць. У жніўні перапрацоўваць ураджай на кансервы. Восенню яна захацела дастойна завяршыць дачны сезон і ўсё перад зімой прывесці ў парадак, а ў лістапа-дзе палічыла, што ў гэты час ад заняткаў спортам не будзе ніякай карысці. І калі ўжо пачынаць новае жыццё, то з новага года.

“Ну, ты ў спартыўную залу ходзіш?” – пытаюся днямі ў сяброўкі. “Планую з лютага, – адказвае жанчына. – У студзені шмат святаў было, выхадных. Вось студзень закончыцца, і з першага лютага пайду. “Я таксама схадзіла. У басейн, – расказвае мне адна знаёмая. – Два дні на рабоце ўсім расказвала, як гэта добра, карысна і класна. А прыйшла наступная субота – так і не злезла з канапы. І, ведаеш, знайшла сабе добры дзесятак апраўданняў”.

Мішка ўсе Каляды святкаваў. Адразу дома, пасля – у гасцях. У нядзелю раніцай зноў напомніў пра сябе хворы страўнік. “Дагуляўся, – паскардзіўся ён жонцы, – горкае піў, тлустае еў. З панядзелка – зноў пераходжу на аўсянку”. Вечарам яна застала яго ля міскі з халадцом. Побач стаяла яшчэ і бутэлечка з гарчыцай. “З панядзелка ні адзін нармальны чалавек новае жыццё не пачынае, – апраўдваўся муж, – сёння яшчэ паядаю, а заўтра ўжо не буду”. На наступны дзень зноў не ўтрымаўся. Адваліў кавалак мяса з салёным агурком. А ў сераду вырашыў, што дыету тую можна пасунуць яшчэ на дзён колькі. Маўляў, няма пакуль што ні характару, ні сілы волі. А як без іх падняцца над сваімі слабасцямі…

Марына СЛІЖ.