Выстава разлічаная на падрыхтаванага наведніка: не кожны чалавек гатовы да ўспрыняцця інтуітыўнага мастацтва, калі карціну цяжка суаднесці з пейзажам, партрэтам ці нацюрмортам.

“У дадзеным выпадку гэта краявіды, але асэнсаваныя крыху па-іншаму. Такое мастацтва эмацыйнае: яго можна прымаць ці не прымаць, а разумець неабавязкова, – лічыць Уладзімір Тамашэвіч. – Сувенірныя, звыклыя, карцінкі ёсць каму маляваць. Я лічу, што трэба рабіць сваё, адметнае”.

Уладзімір Тамашэвіч працуе хутка: на стварэнне адной карціны, паводле яго слоў, траціць каля двух гадзін. “Галоўнае, каб было відаць майстэрства мастака, а не тое, што ён доўга працаваў”, – лічыць ён.

На выставе прадстаўлены творы, напісаныя на працягу апошніх двух гадоў: “Марозная вёска”, “Веснавая ўзрушанасць”, “Адліга пасярод зімы”, “Блуканне ў лесе”, “Млявасць восені”. Увогуле восені прысвечана шмат карцін. “Гэта самая лепшая пара для мяне – праяўляюцца ўсе пачуцці прыроды, яе насычанасць, драматызм і прыгажосць. Толькі восенню – не вясной”, – кажа Уладзімір Тамашэвіч.

Выставу наведалі іншыя маладзечанскія мастакі. “Творы, прадстаўленыя на выставе, фармалістычныя. Я ў творчасці прытрымліваюся іншага накірунку – рэалістычнага, але і такое мастацтва мае права на жыццё. Я з прыхільнасцю стаўлюся да творчасці Уладзіміра Тамашэвіча. Адзіную толькі заўвагу магу зрабіць. Але гэта мая думка як гледача: добра было б, каб на выставе былі прадстаўленыя творы іншых жанраў, іншага накірунку, – так, па-мойму, было б цікавей. Тым больш, што ва Уладзіміра Тамашэвіча ёсць такія карціны”, – адзначыў у інтэрв’ю “РГ” старэйшы маладзечанскі мастак Кастусь Харашэвіч.

Выстава будзе працаваць да 7 лютага. Уваход вольны.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.