Папярэднія гульні кубка Мінскай вобласці па міні-футболе выйграла маладзечанская каманда і выйшла ў фінал спаборніцтваў. Турнір прайшоў 22-23 студзеня ў спартзале завода металічных канструкцый.
Акрамя гаспадароў, у нашай зоне гулялі каманды Валожынскага, Вілейскага, Уздзенскага і Мінскага раёнаў. У першы дзень маладзечанцы выйгралі ў валожынцаў з лікам 5:2 і перамаглі каманду з Узды 4:3.

На наступны дзень гаспадары не пакінулі шансаў футбалістам з Мінскага раёна — 12:0. Была таксама мінімальная перамога над віляйчанамі з лікам 3:2. Валожын аказаўся мацнейшым за Вілейку. Лік — 2:1. Месцы ў турнірнай табліцы размеркаваліся наступным чынам: 1. Маладзечна, 2. Узда, 3. Валожын, 4. Вілейка, 5. Мінскі раён.

Цяпер маладзечанцы чакаюць фінальных гульняў кубка, якія павінны прайсці ў Барысаве. Час правядзення пакуль невядомы. Магчыма, гэта будзе 6-7 лютага. Футбаліст нашай каманды Аляксандр Грыхуцік паведаміў “РГ”, што ў фінале, акрамя маладзечанцаў і барысаўчанаў, згуляюць таксама каманды з Жодзіна, Слуцка, Дзяржынска і Беразіно.

Капітан маладзечанцаў Сяргей Дараховіч назваў склад сваёй каманды, якая заслужыла права выступіць у фінале. Першая чацвёрка палявых гульцоў: Сяргей Дараховіч, Дзмітры Вышынскі, Аляксандр Грыхуцік, Сяргей Дрозд. Другая чацвёрка — Аляксандр Альховік, Сяргей Цвяцінскі, Ігар Нарожнік, Раман Вінцукоўскі. Вароты каманды абаранялі галкіперы Канстанцін Сашчанка і Антон Шчэрба.

Сяргей ЗЯНЬКО.