Доктар-кардыёлаг маладзечанскай паліклінікі №1 Эла Волкава пасля медыцынскага інстытута магла застацца ў Мінску, але не захацела – не любіць вялікі горад.

– Эла Аляксандраўна, раскажыце крыху пра сябе.

– Я маладзечанка – нарадзілася і вырасла тут. Закончыла медыцынскі інстытут у Мінску. Магла застацца ў сталіцы – была магчымасць. Але не люблю вялікі горад, мне ў ім некамфортна. Вучыцца там трэба – пытанняў няма. Але жыць і працаваць мне прасцей у Маладзечне. Ну я не ведаю, чаму – тут я нарадзілася, мне тут падабаецца, урэшце, тут у мяне мама і тата. Заўсёды лепш, калі дачка побач з бацькамі. Хаця мая дачка адразу паставіла сабе задачу перабрацца ў Мінск.

– Яна таксама медык?

– Не, Вольга закончыла Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, яна эканаміст па адукацыі. Працавала па спецыяльнасці, цяпер у дэкрэтным адпачынку. Гадуе дачку Таню. Ёй цяпер два з паловай гады.

– Чаму вы сталі медыкам? Мама была доктарам?

– Не, мама закончыла школу лабарантаў і большую частку жыцця адпрацавала ў санстанцыі. Я не скажу, што мяне на выбар прафесіі натхніў нейчы гераічны прыклад. Хутчэй метадам выключэння выбрала прафесію. Мне ніколі не падабалася педагагічная дзейнасць.

Доўгі час я збіралася паступаць на інжынера. Але ў дзевятым класе ўдзельнічала ў абласной алімпіядзе па фізіцы і зразумела, што гэта не маё, што не хачу гэтым займацца. І такім чынам вырашыла паступаць у медыцынскі інстытут. А ўжо калі рашэнне прынятае, то трэба паступаць, а прыйшла вучыцца, значыць трэба вучыцца. Тым больш, што вучыцца мне заўсёды падабалася, з першага класа.

У прынцыпе выбар аказаўся ўдалым – можа, якая рука лёсу, не ведаю. Нагрузкі былі шалёныя, але выбар зроблены і я вучылася.

– Такая настойлівасць і мэтанакіраванасць уласцівыя спартсменам. Але ж вы спортам не займаліся?

– Я за фізічную культуру. Раней, напэўна, падсвядома разумела, а цяпер ужо перакананая: спорт – гэта не здароўе. Спорт – гэта перагрузкі. Хаця я вельмі люблю глядзець па тэлевізары Алімпіяды, люблю перажываць за спартсменаў, асабліва за нашых, за расійскіх – таксама. Увогуле люблю прыгожыя спаборніцтвы незалежна ад нацыянальнасці спартсменаў. Мы разам з мужам глядзім розныя спаборніцтвы, хварэем – вельмі цікава. Наш футбол не люблю – зусім невідовішчная гульня. Хаця я гляджу чыста з пункту гледжання “захапляе ці не захапляе” – гэта муж ведае правілы, здольнасці гульцоў… Люблю глядзець сусветныя чэмпіянаты, дзе гульцы прафесійныя.

Але ўвогуле спартсмены – людзі вельмі нездаровыя. І ў спорце, асабліва сучасным, прафесійным, працуюць на мяжы чалавечых магчымасцяў, выкарыстоўваючы ўвесь рэзерв арганізма, знясільваючы яго – выціснулі і выкінулі.

Звычайнай фізкультуры цалкам дастаткова, таго, што прапануе школьная праграма. Хачу адзначыць, што некаторыя бацькі вельмі імкнуцца вызваліць дзіця ад заняткаў фізкультурай. Ну і што з яго расце? Змардаваны, кволы, пракураны чалавек. Пасля мужчынскі пол, дарваўшыся да спартзалы, пачынае качаць мышцы для прыгажосці, зрываючы сэрца. Дзяўчынкі ходзяць высокія, худыя. Каб была фігура, каб трымаўся пазваночнік, патрэбны мышцы, а яны самі сабой не адрастаюць, іх трэба трэніраваць. Нагрузка ў школе цалкам прымальная. А ў нас бацькі разважаюць так: здаецца, трошкі сэрца кальнула – ніякай фізкультуры, ляжы, не рухайся. І некаторыя мамы асуджаюць сваіх дзяцей на дыстрафію ўнутраных органаў.

А сэрца ўсё ж любіць нагрузку. Не перагрузку – нагрузку. Гэта трэніруе яго. Нават жалезную машыну пастаў і не давай ёй ездзіць – яна заржавее. Я не кажу пра сапраўды хворых людзей: яны не могуць вытрымаць такую ж нагрузку, як і здаровыя. Але нават нашых хворых, якіх аднаўляем пасля інфаркту, мы накіроўваем да інструктара па лячэбнай фізкультуры. Гэтыя элементарныя практыкаванні, дазаваная лячэбная хадзьба – спосаб выжыць, вярнуцца да нармальнага жыцця.

Поўны спакой рэкамендуецца толькі ў вострым стане. Як толькі чалавеку становіцца лепш, ён пачынае рабіць дыхальную гімнастыку. Пасля інструктар па лячэбнай фізкультуры вучыць, як варушыць нагамі і рукамі – каб хворага паставіць на ногі.

– Хворым падкажа інструктар па ЛФК. Што вы можаце парэкамендаваць большасці беларусаў?

– Звычайную хадзьбу ў тэмпе 80-90 крокаў за хвіліну. Без рэкордаў. Раней былі папулярныя бег і лазня. І тады аматары пачыналі спаборніцтвы: хто 5 кіламетраў прабег, хто 7, ці ў парылцы сядуць і чакаюць, хто першы паваліцца – астатнія, магчыма, выйдуць з яе. Гэта здзек з арганізма! Так нельга. Але прайсці 1-2 кіламетры па горадзе можа кожны. А нашы ж людзі адлегласць аднаго прыпынку стараюцца на аўтобусе праехаць. Залезуць у аўтобус, перасварацца, вылезуць памятыя, злыя – да працоўнага дня гатовы.

Гэта павінна быць нормай жыцця – 1-2 кіламетры ў дзень. А колькі маладых мужчын, якія накурацца, з уласнай машыны вываляцца, пасля да ночы пасядзяць за камп’ютарам – саб’юць усе рэгуляторныя механізмы і пачынаюць хварэць. А такімі простымі рэчамі на карысць свайму здароўю ніхто не хоча займацца. Лепш таблетку вып’юць. Уяўляеце, у большасці ёсць такое жаданне: купіць залатую таблетку, праглынуць і стаць здаровым. Так не бывае! Нас яшчэ ў школе вучылі народнай мудрасці: трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Так яно і ёсць на самой справе.

– А беларусам хочацца, каб за іх дзядзя зрабіў?

– Увогуле людзям, не толькі беларусам, хочацца мець цудадзейны сродак: махнуў рукой – усё змянілася да лепшага. Так не бывае. Я прывыкла да гэтага і ўсяго ў жыцці дабіваюся работай. І не чакаю, што само з’явіцца ці зваліцца з неба, – трэба заслужыць, зарабіць.

– Значыць, латарэі вы не купляеце?

– Чаму? Я звычайны чалавек – спрабавала купляць латарэі, але ніколі ў іх не выйгравала. Што толькі пацвярджае маю наканаванасць – усё трэба зарабіць.

– Пасля інстытута вы адразу сталі кардыёлагам?

– Я пачынала ўчастковым доктарам. Адпрацавала тэрапеўтам даволі доўга – 12 гадоў – у мяне ўжо быў пастаянны ўчастак і я яго добра ведала (успамінаючы гэты перыяд, Эла Аляксандраўна злёгку цёпла ўсміхаецца). Але перайсці ў кардыялогію нейкае падспуднае жаданне заўсёды было. Я не люблю хуткіх пераменаў, але перайшла на кардыёлага практычна ў адзін дзень. Пэўны вопыт работы, натуральна, быў. Са студэнцкай лавы вельмі цяжка перайсці на вузкага спецыяліста: спачатку трэба мець шырокі кругагляд, які пасля крыху звужаецца для спецыяльнасці. Падчас работы тэрапеўтам набываецца вопыт – у прафесіі доктара ён, а не толькі веды, мае велізарнае значэнне. Таму я вельмі ўдзячная сваім настаўнікам, старэйшым калегам, якія тады падтрымалі мяне – маладога кардыёлага – і дапамаглі.

У мяне на той момант, а было гэта ў 1993 годзе, напэўна, проста ўсё сышлося: і веды, і вопыт, і жаданне. Да таго ж была свабодная стаўка кардыёлага. Тады перайсці на кардыёлага было вельмі цяжка, цяпер – не: другая свабодная стаўка ўжо два гады пустуе, яе ніхто не хоча займаць. Таму і пацыентам цяжка атрымаць амбулаторную кардыялагічную дапамогу – у дзень на прыём пры-ходзіць да 40 чалавек.

– Які ён, ваш сярэднестатыстычны пацыент? Колькі яму гадоў, якую камплекцыю мае?

– Не магу сказаць, што гэта, як правіла, пажылыя і поўныя. Проста сярод пацыентаў больш поўных, больш курыльшчыкаў. Ёсць людзі, якія нібыта вядуць здаровы лад жыцця, але ж уплываюць яшчэ і спадчынныя фактары. Ёсць такія хваробы, прычыну якіх мы пакуль што не ведаем. Тая ж артэрыяльная гіпертэнзія. Яе называюць хранічным захворваннем з хвалепадобным цячэннем з невядомай прычынай. З невядомай прычынай – пры тым, што медыцына развіваецца.

Натуральна, большасці пацыентаў ужо ёсць 50 гадоў, але трывожыць, што стала больш маладых пацыентаў. Напрыклад, інфаркт міякарду некаторыя маюць у 29, у 30 гадоў. А гэта ўсё наша харчаванне, стрэсы. Усе заклікаюць да здаровага ладу жыцця, але мала хто прыслухоўваецца да гэтых заклікаў. Вы паглядзіце, колькі навагоднія і калядныя святы скасілі маладых людзей.

– Што значыць, “святы скасілі”?

– Памерлі. Груба кажучы, пераелі і перапілі падчас святкавання. Трэба ж глядзець, што ядзім, як ядзім. І рухацца. Цяпер з’явілася цэлае пакаленне маладых, энэргічных, паспяховых людзей, рабочы дзень якіх прахо-дзіць па схеме “дом – машына – кабінет – машына – дом”. У нашым горадзе ёсць жа басейн. А з зімой як сёлета пашанцавала! Не трэба рэкордаў – проста пакатайцеся на каньках, зрабіце хоць невялікую лыжную прагулку.

А перагрузкі! Празмерныя псіхаэмацыйныя нагрузкі прыводзяць да вострай сасудзістай паталогіі. У мяне быў пацыент, які ў вельмі маладым узросце ўзначаліў важны ўчастак работы і яшчэ сваю папярэднюю работу выконваў – натуральна, сардэчна-сасудзістая сістэма не вытрымала.

Трэба ж берагчы сябе і навакольных. А нашы людзі пачынаюць берагчыся, толькі калі ўжо нешта здарылася. Ды і то не ўсе. Прыходзіць нядаўна пацыент на прыём: малады мужчына – няма 40 гадоў, сам кругленькі, ужо мае інфаркт міякарду, а на прыём патрапіў ледзь не выпадкова. “Чаму Вы не прыйшлі да нас раней?” “А ў мяне ж нічога не баліць”, – адказвае. У яго быў інфаркт, ён ляжаў у рэанімацыі, і ў яго нічога не баліць.

– Цяпер такія тэмпы жыцця – як тут зберагчы сябе?

– Давайце сабе адпачыць. Неабавязкова ў нейкіх экзатычных краінах: найбольшая карысць ад адпачынку раўнамернага, проста ад змены абстаноўкі. Калі не адпачываць ад работы, арганізм можа не дацягнуць да адпачынку.

Дарэчы, паглядзіце, як некаторыя людзі едуць адпачываць, – з ноўтбукам. Адарвацца проста не могуць. А трэба было б пакінуць яго дома, хоць на нейкі час – даць адпачыць галаве. Цэнтральная нервовая сістэма – гэта не проста маўленне ці памяць. Гэта зладжаная работа ўсіх унутраных органаў. Калі ўвесь час парушаць гэтыя сувязі, перагружаючы вочы, памяць, эмацыйнае ўспрыняцце, то ўрэшце можна разбурыць зладжанасць. Бо нехта (я не ведаю, хто) стварыў чалавека вельмі разумна: арганізм адначасова і вельмі ломкі, але ў яго ёсць і запасныя варыянты выжывання. Таму трэба клапаціцца пра яго, не разбураць тое, што ёсць. Так, сёння медыкі нават сэрца перасаджваюць, але ж гэта ўжо крайняя сітуацыя – усё роўна сваё лепшае. Як і любы іншы орган.

– А самі медыкі – здаровыя людзі?

– Натуральна, як і іншых людзей, хваробы іх не абмінаюць. Але яны даволі хутка разумеюць, што пра здароўе трэба клапаціцца самому, не трэба чакаць, пакуль адбудзецца катастрофа. Хаця ёсць меркаванне, што дактары доўга не жывуць, асабліва хірургі. Увогуле тыя, каму даводзіцца працаваць у экстрэмальных сітуацыях, аказваць неадкладную дапамогу, дзяжурыць па начах.

Сама я не люблю хварэць, я – дрэнны хворы. Некалькі гадоў таму цяжка перахварэла на грып – мне не спадабалася: гэтая тэмпература 39, гэты жахлівы стан “узважанасці” і няпэўнасці. Пры гэтым я выдатна разумею, што адбываецца, і мне ад гэтага яшчэ горш. Не хачу больш. Так што цяпер рэгулярна прышчапляюся – мне дапамагае.

– Цяпер людзі незалежна ад узросту часта скар-дзяцца на недахоп часу. А ў дактароў якія адносіны з ім?

– Работа займае шмат часу, асабліва ў маладых дактароў – яны звычайна яшчэ недзе нешта сумяшчаюць, таму што зарплата маладога спецыяліста невялікая. У свой час і я падпрацоўвала, у тым ліку і ў медыцынскім вучылішчы – выкладала там фармакалогію. Мне гэта вельмі дапамагло ўспомніць тое, што вучыла ў медінстытуце. Бо і ў вучылішчы, і ў інстытуце так атрымоўваецца, што навуку пра лекі выкладаюць людзям, якія амаль не ведаюць хваробу. Так што мне пашанцавала.

Цяпер наша абласное ўпраўленне клапоціцца пра вузкіх спецыялістаў, бо іх мала, а задачы ста-яць новыя: актыўна развіваецца не толькі прафілактычная, але і інтэрвенцыйная медыцына. У адрозненне ад класічнай, яе методыкі дазваляюць не ўскрываць грудную клетку. Такія аперацыі робяць і ў абласной бальніцы. Інтэрвенцыйная кардыялогія – найбольш бяспечная галіна кардыялогіі, якая дазваляе не толькі палепшыць якасць жыцця, але і рэальна падоўжыць жыццё раней невылечным хворым.

За год значна ўзрасла актыўнасць кардыёхірургаў – сталі рабіць больш аперацый. Адпаведна павялічылася колькасць пасляаперацыйных пацыентаў, якіх нам трэба выходжваць амбулаторна.

– Як адпачывае ваша сям’я?

– Мой муж любіць грэка-рымскую барацьбу, валейбол, хакей. Мае разрад кандыдата ў майстры спорту па дзюдо.

Калі дача пачынаецца, то мы з ім шмат часу праводзім на свежым паветры. Для мяне самая лепшая разрадка – пакорпацца ў зямлі. Бо калі вяжу, іншым якім рукадзеллем займаюся, абсалютна не адпачываю – галава ўсё роўна працуе. Толькі калі забіраюся ў зямлю – магчыма, таму што я па задыяку Дзева, Дзевам заўсёды добра з зямлёй.

Увогуле калі мы завялі дачу, хоць убачылі, якія птушкі бываюць, як яны птушанят выводзяць – я да гэтага не ведала, проста ўвагу не звяртала. А калі нейкая новая расліна ўзыдзе, – гэта ж заўсёды добрая эмацыйная падзарадка.

Але, скажу шчыра, разуменне гэтага прыходзіць недзе пасля 30-40 гадоў. Не скажу, што мы змоладу былі фанатамі дачы. Памятаю, як мяне бабка прымушала палоць гэтыя ненавісныя градкі, кусты парэчак абіраць – усё гэта таксама было.

– Значыць, вы адпачываеце на дачы?

– Так. Зносіны з людзьмі адбіраюць вельмі многа сіл. І, прыйшоўшы з работы, гадзіну-паўтары трэба проста памаўчаць. Родныя гэта разумелі і спачувалі.

Лепш за ўсё аднаўляю сілы на дачы. Я не люблю падарожнічаць, санаторны адпачынак таксама не для мяне – напэўна, мне не хочацца адзін лячэбны працэс мяняць на другі. Трэба змена абстаноўкі. Хаця я вельмі люблю водныя працэдуры, масаж – усе немедыкаментозныя метады лячэння. Мы спрабавалі развіваць іх пры паліклініцы, але для гэтага патрэбныя і магчымасці, і кадры. Абыхо-дзімся фізіятэрапеўтычнымі мерамі, іголкатэрапіяй, лячэбнай фізкультурай. На яе, дарэчы, загнаць сучаснага чалавека вельмі складана. Вельмі складана – нашы пацыенты яе не лічаць метадам лячэння. Хаця каго ўгаворыш, той пачынае разумець карысць. Уколы і таблеткі дзейнічаюць хутчэй. Але больш трывалы эфект – ад комплекснага выкарыстання і медыкаментозных, і немедыкаментозных метадаў лячэння.

– Вы доктар-кардыёлаг. А ў жыццё пасля смерці верыце?

– Гэта не містыка – нешта такое ёсць. Але я там не была, таму проста не ведаю. Не адмаўляю і рэлігій, хаця выхоўвалася ў суровым атэізме. У мяне няма перакананасці – быць не можа. Не, любое меркаванне мае права на існаванне. Але ў гэтым пытанні я не спецыяліст.

– Значыць, вы нам не скажаце, жыве душа ў сэрцы ці ў яго іншы “дом”?

– Ведаеце, сэрца – гэта анатамічная структура. А душа, напэўна, мае некалькі складнікаў. У тым ліку вызначальнае для мяне сумленне. Сумленне дадзенае чалавеку вышэйшымі сіламі. Ён можа падумаць, ацаніць, адмовіцца ад нейкага дрэннага ўчынку. І тым не менш людзі твораць такія гадасці, якія ніводны звер не зробіць.

– Сэрца – анатамічная структура, але вось людзі кажуць – “сэрцам адчуваю”…

– Гэта проста ўстойлівы выраз. Як і “на хвіліну сэрца спынілася”. А яшчэ “отдышалось немного и сново пошло”. Сэрца не мае на гэта права.

Размаўляла Святлана ЦІШКО.

Эла Волкава (крайняя злева) разам са сваякамі ў вёсцы Саланое Жлобінскага раёна.

 

Дваюрадная сястра Элы Волкавай Таццяна (справа) жыве ў Жлобіне.

Сям’я Волкавых любіць актыўны адпачынак: з мужам Віктарам на пейнтболе.

 

Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, якія працуюць у маладзечанскай паліклініцы. Эла Волкава – у цэнтры. 1996 год.

 

Піянерка. 1970 год.

 

У 1979 годзе Эла Ярмаловіч і Віктар Волкаў ажаніліся.

 

Даведка “РГ”.