З даўніх часоў уборка збажыны з палёў была адной з важнейшых падзей для селяніна, калі не самай важнай, і суправаджалася многімі, даволі складанымі абрадамі. Ад ураджаю залежала жыццё сялянскай сям’і на працягу ўсяго года.
Сёння наш рэгіён лічыцца зонай няўстойлівага земляробства. З кліматам крыху не пашанцавала. Таму асноўная збожжавая культура на палях – жыта. А жыта – гэта хлеб. Думаю, што нездарма людзі, пытаючыся даўней адно ў аднаго пра жыццё, цікавіліся, як урадзіла жыта. Бо ёсць хлеб – будзе і жыццё.

Пакрыванне поля

У нашым паўночна-заходнім рэгіёне жыта паспявала ў ліпені, і ў кожнай гаспадарцы імкнуліся як мага хутчэй пачаць жніво, каб яно не пераспела.

Пачыналі жаць нават крыху зеленаватае жыта, думалі, што з такога будзе бялейшая мука. Калі верыць “Літоўскай гаспадыні”, то так яно і ёсць. Казалі, няхай лепей жыта даспее ў снапах, чым пераспее ў каласах.

Жалі звычайна жанчыны і дзяўчаты, таму і ў жніўных абрадах удзельнічалі выключна яны адны. Нават пры частаванні вечарам мужчынаў амаль не было. У расійскіх губернях жалі і мужчыны, напэўна, з-за пачастунку.

Па запрашэнні гаспадара раніцай, да ўсходу сонца, на поле адпраўлялася маладзіца, пераважна тая, што нядаўна выйшла замуж, у суправаджэнні маладых дзяўчат. Там нажынала невялікі снапок жыта, абвівала наміткай або ручніком і падкідала яго ўверх на радасць дзяўчатам, якія спявалі і кружыліся ў карагодзе з марамі аб дажынках.

Потым усе ішлі да гаспадара, чыё поле пакрывалі. Маладзіца падавала снапок гаспадыні, якая адорвала яе грашыма і палатном, затым усе падыходзілі да гаспадара з паклонам. Гаспадар частаваў іх, наліваў гарэлкі, запрашаў на жніво і дажынкі. Пазней, на маю думку, гаспадар сумесна са старымі і дасведчанымі сялянамі, пад кіраўніцтвам жонкі, вырашалі, у які дзень пачынаць жніво.

Зажынкі

Праз некалькі дзён пасля пакрывання поля пачыналіся зажынкі. Вечарам, перад заходам сонца, дачка гаспадара ці нявестка разам з сяброўкамі адпраўляліся на поле.

Гаспадыня забяспеч-вала іх ежай і гарэлкай. Прыйшоўшы на месца жніва і падсілкаваўшыся, дзяўчаты зразалі па каласку і завязвалі невялічкі снапок, які меў назву гаспадар-снапок.

Чаго не змаглі з’есці і выпіць, закопвалі на тым месцы, дзе было зжата жыта для снапка. Потым са снапком, акропленым гарэлкай, адпраўляліся ў хату гаспадара.

Увайшоўшы ў хату, падносілі снапок гаспадару. Той, падкінуўшы яго ўверх, ставіў на покуці пад абразамі.

Пад снапок клаў чатыры медныя манеты (залатых, напэўна, не было) і кланяўся. Затым гаспадыня адорвала ўсіх пшанічнымі булачкамі, а гаспадар частаваў гарэлкай і запрашаў на жніво.

Зажыначны снапок займаў ганаровае месца на куце, пад абразамі, да Прачыстай.

Напярэдадні свята яго абмалочвалі, і збожжа неслі ў царкву ці касцёл, каб асвяціць. Гэтым збожжам засявалі пасля свежаўзаранае для азімага жыта поле, пры засяванні званілі манетамі з-пад гаспадара-снапка.

Не будзем забывацца, што сялянам у мінулыя стагоддзі, акрамя свайго поля, прыходзілася працаваць па некалькі дзён на тыдзень на палях фальваркаў і маёнткаў.

Так жніво пачыналася, а заканчвалася абрадам і нарэшце святам – дажынкамі, аб іх у наступны раз.

Дзядзька КАПЦЮГ з Вілейкі зімнім студзеньскім вечарам 2010 года.

Больш якасны  малюнак