Дом П. Е. Шчэрбава ў Гатчыне.

Пецярбурская мячэць.

Мікола-Аляксандраўская царква в Санкт-Пецярбурге, разбурана ў 1932 г. Фота 1915 года.

Праект царквы ў гонар Феадораўскай М.Б.

Унікальным выпадкам у гісторыі культавага будаўніцтва Расіі стала адначасовая праца Станіслава Крычынскага над узвядзеннем царквы ў гонар Феадораўскай іконы Маці Божай, спраектаванай ім да 300-годдзя дынастыі Раманавых і саборнай мячэці ў Санкт-Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам пазней так сама быў ўзноўлены і рэстаўраваны буддыскі храм. Такая шматгранная дзейнасць інжынера сведчыла аб шырокім прафесійным кругаглядзе і высокім майстэрстве творца, стала сімвалам верацярпімасці таго часу.

Месцам нараджэння будучага архітэктара з’яўляецца радавы маёнтак Каськевічы ў Ашмянскім павеце. Як адзначаў у сваім даследванні знаны геральдыст дваранскіх татарскіх радаводаў С. Дзядулевіч назва дадзенага паселішча пайшла ад назвы яго першага ўладальніка Касько, які ў 1560-1580х. гадах, як мужны вайсковец служыў у пошце вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. На сённяшні час мясціна з такой назвай перастала існаваць у нашым краі, але яе яшчэ можна лёгка адшукаць, ведаючы, што з даўніх часоў яна межавала са знакамітымі Даўбучкамі.

У розных пісьмовых крыніцах і на старых гістарычных картах месцазнаходжанне Дольных Каскевіч пазначана паміж даўбучскай мячэццю і вёскай Сінькі. Па дадзеным перапісу 1931 года фальварак Каськевічы Дольныя знаходзіўся ў Маладзечанскім павеце Беніцкай гміне і складаўся з аднаго двара ў якім пражывала 8 жыхароў. У 70-я гады мінулага стагоддзя існавала Каськевічская васьмігадовая школа, якая месцілася ў хаце муллы даўбучскай мячэці. Цяпер гэты старажытны маляўнічы куток нашай зямлі ўваходзіць у межы Сінькоў. Цікавым гістарычным фактам можна зазначыць і той, што бацька ўзгаданага Касько, першаўладальніка маёнтка, Шчасны Аляшкевіч Крычынскі стаў заснавальнікам вядомага дваранскага роду Каськевічаў, гербу Каськевіч.

20 студзеня 1874 года ў сям’і тагачаснага ўладальніка Каськевіч і часткі Сяльца, генерал-маёра уланскага палка расійскага войска Самуэля Крычынскага нарадзіўся сын Стэфан ( у рускай традыцыі Сцяпан). Цікава адзначыць, што яго родная цётка Эмілія была жонкай выдатнага прадстаўніка татарскай грамадскасці міжваеннага перыяда, сенатара Рэчы Паспалітай Аляксандра Ахматовіча з Бергалішак. Праз два гады пасля нараджэння хлопчыка памірае бацька і маці, Зузанна з Талькоўскіх, другі раз выходзіць замуж за палкоўніка з роду Крычынскіх і з сям’ёй пераязджае ў Вільню, дзе пражывае на вуліцы Маставой. Тут Сцяпан набывае першапачатковыя веды, навучаецца ў віленскім Рэальным вучылішчы. Пасля заканчэння дадзенай агульнаадукацыйнай установы вытрымлівае іспыты і паступае ў Інстытут цывільных інжынераў у Санкт – Пецярбург. У 1897 годзе ён скончыў інстытут з правам на чын 10 класа, у гэтым жа годзе 16 ліпеня быў залічаны да Міністэрства Унутраных Спраў. З 1899 года працуе ва Управе неакладных збораў, а з наступнага года ў якасці галоўнага архітэктара ва Управе памежнай варты.

З пачаткам новага 20 стагоддзя наступае найбольш плённы і насычаны перыяд творчай дзейнасці ў жыцці С.Крычынскага. Будуючы праваслаўныя храмы ён дасканала вывучае набыткі старажытнарускага дойлідства і ўжо ўзгаданая царква ў гонар Феадораўскай іконы Маці Божай будуецца па ўзору растоўскага храма 15 стагоддзя. Унутраны яе інтэр’ер і роспіс былі выкананы ў ноўгародскім стылі, сцены абліцаваны светла-шэрым каменем. Недалёка ад дадзенага храма ў Санкт-Пецярбурге па праекту архітэктара была пабудавана па ўзору храмаў Старажытнай Русі царква Палесцінскага брацтва. На жаль, дадзены помнік дойлідства быў узарваны у 1932 годзе. Акрамя гэтых помнікаў дойлідам была спраектавана праваслаўная царква горада Віші ў Францыі, храм-помнік у Лібаве, праваслаўныя цэрквы ў Александраве і ў Пецярбурге, на вуліцы Чайкоўскага ў доме вялікай княгіні Вольгі Аляксандраўны.

У 1909 годзе камітэтам па будаўніцтву саборнай мячэці у “Паўночнай сталіцы” быў набыты ўчастак зямлі на вуглу Кранверкскага праспекта і Вуглавога перавулка. Для знаёмства з праектамі мячэцей С.Крычынскі здзейсняе падарожжа ў Самарканд. Пабудаваная саборная мячэць мела 43 метра даўжыні і 31 метра шырыні, а вышыня кожнага з двух мінарэтаў складала больш 52 метраў. Служба ў ёй пачалася толькі у 1920 годзе і працягвалася да 1939 года. З 1941 па 1951 у мячэці знаходзіўся склад медыкаментаў, з 1956 яна зноў была перададзена вернікам.

Вывучаючы еўрапейскія напрацоўкі ў будаўніцтве навучальных і медыцынскіх устаноў, знаёмячыся з сусветным вопытам будаўніцтва у архітэктурным стылі “мадэрн”, архітэктар у розныя часы наведвае Італію, Германію, Францыю, Швецыю, Фінляндыю. Пасля вяртання з паездак Сцяпан Крычынскі праектуе будынкі Палетыхнічнага інстытута у Іркуцку, камерцыйнага вучылішча ў Пецярбургу на тэрыторыі Пуцілаўскага завода і ваеннага вучылішча ў Краснадары. Ім таксама праектуюцца бальніца ў Самары, ствараецца праект горада-сада ў Краснадары, будынак Міністэрства урада Сербіі, шэраг іншых грамадскіх пабудоў.

Шмат праектаў майстра так і засталіся не рэалізаванымі, аднак дастатковая іх колькасць захавалася да сённяшніх дзён. Гэта будынак Управы памежнай варты з унутранай царквой на вуліцы Краснага Курсанта у Санкт- Пецярбургу, будынак Коннага двара і побач з ім пабудаваны велічны палац Варанцовай- Дашковай у Шувалаўскім парку пад Пецярбургам, дом мастака Шчэрбава ў Гатчыне пабудаваны ў стылі “мадэрн”, будынак Харавога дома ў вёсцы Сябрэніцы Наўгародскай губерні… Працуючы ў 1920-1922г. у тэхнічным аддзеле Народнага Камісарыята замежных спраў па яго праектах праведзены рэстаўрацыі будынкаў германскага і шведскага пасольстваў. У 1918-1920 гг. С.Крычынскі жыў у Краснадары, Петраградзе , Геленджыке. Быў прафесарам архітэктуры ў Кубанскім палітэхнічным інстытуце, з’яўляўся дэканам архітэктурнага факультэта гэтай навучальнай установы. З 1921г. выкладаў у Інстытуце грамадзянскіх інжынераў, а з 1922 года працаваў начальнікам Архітэктурна-будаўнічага ўпраўлення ў Петраградзе.

Памёр Сцяпан Крычынскі пасля цяжкай хваробы, невылечнага у той час цукровага дыябету, 9 жніўня 1923 года і быў пахаваны на Волкаўскіх могілках побач з магілай цесця, вядомага рускага пісьменніка Глеба Іванавіча Успенскага. Пасля смерці архітэктара засталіся ў сям’і жонка Марыя Глебаўна з роду Успенскіх, сыны Глеб і Барыс, дачка Ірына.

Нам невядома, ці наведваў С.Крычынскі месца свайго нараджэння ў сталым узросце, але неаднойчы ён вяртаўся ў сваё радавое гняздо хоцьбы ў думках і даследваннях. Сведчаннем чаго стала напісанне працы “Гісторыя архітэктуры і архітэктура замкаў 14 – 16 стагоддзяў Ашмянскага ўезда Віленскай губерні”, у якой ён аддаў даніну павагі былым сваім родным мясцінам з іх цудоўнымі помнікамі абарончага дойлідства. Знаёмства з творчай спадчынай гэтай неардынарнай асобы і далейшы пошук малавядомых звестак біяграфіі прыбліжае памяць пра жыццё Сцяпана Крычынскага да нашчадкаў. Сапраўды, гісторыя – гэта сустрэча людзей праз стагоддзі!

Уладзімір ПРЫХАЧ.