У 3 000 долараў ацаніла свае паслугі па незаконным афармленні зямельнага ўчастка ва ўласнасць мінчанкі старшыня Алёхнавіцкага сельвыканкама Алена Шумская.

Спіртныя напоі, якія былі знойдзеныя і канфіскаваныя ў Алены Шумскай.

Чыноўніцу суд прызнаў вінаватай у атрыманні хабару, падбухторванні да перадачы хабару і махлярстве. Адбываць пакаранне Алена Шумская будзе ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пяць гадоў яна не зможа займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распараджальнымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.

Суд Маладзечанскага раёна вынес прыгавор 6 студзеня. Абвінавачаная не стала яго абскарджваць, і 17 студзеня прыгавор уступіў у законную сілу.

Пасля таго, як міліцыя правяла аператыўныя дзеянні па выяўленні факта хабарніцтва, крымінальную справу ўзбудзіла пракуратура Маладзечанскага раёна. Следства вёў старшы следчы пракуратуры Вадзім Шукрынаў. Ён устанавіў, што старшыня сельвыканкама спрабавала за хабар перадаць жыхарцы Мінска (назавём яе Наталля) дзяржаўны зямельны ўчастак у Алёхнавічах для будаўніцтва жылога дома. Пры гэтым мінчанка не мела ні патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ні права на атрыманне ўчастка.

Вырашыць гэту праблему Алена Шумская абяцала Наталлі за 3 000 долараў ЗША. Сказала ёй пра гэта ў сваім службовым кабінеце 16 мая 2009 года. Аднак старшыня баялася атрымліваць наяўныя грошы з рук у рукі, таму загадала сваёй кліентцы адкрыць у банку рахунак, пакласці на рахунак грошы, а ёй, Алене, перадаць банкаўскую картку і назваць пін-код для доступу да грошай.

Далейшыя падзеі развіваліся наступным чынам:

9 чэрвеня

Узгаднілі месца размяшчэння зямельнага ўчастка. У гэты ж дзень старшыня сельвыканкама атрымлівае ад Наталлі банкаўскую картку з залічанай на яе першай часткай хабару – 1 000 долараў ЗША.

15 чэрвеня

Алена Шумская кажа Наталлі, што хабар – спіртное і прадукты – таксама трэба даць работнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, якія будуць рабіць дакументы па ўчастку.

16 чэрвеня

Наталля перадае Алене пакет з прадуктамі і спіртнымі напоямі. У пакеце: бутэлька вермута “Марціні Б’янка”, бутэлька гарэлкі “Аквадзіў”, каробка цукерак “Камунарка”, бляшанка кавы “Якабс-Манарх”. На агульную суму 96 960 рублёў. Старшыня не збіраецца нікуды перадаваць пакет і прысвойвае яго. Гэтыя дзеянні следства пасля расцэніць як падбухторванне да перадачы хабару і махлярства. Суд пагодзіцца са следствам.

22 чэрвеня

Алена Шумская асцярожная. Яна не рызыкуе здымаць у банкамаце грошы сама. Просіць аб гэтым свайго сына і перадае яму банкаўскую картку. Сын здымае 1 000 долараў у Мінску, аддае грошы маці. Следства не выявіла, што сын з маці дзейнічалі ў змове. Паводле прыгавору, малады чалавек не ведаў, што здымае ў банкамаце хабар.

30 чэрвеня

Старшыня сельвыканкама па тэлефоне кажа Наталлі: на банкаўскую картку трэба пералічыць астатнія 2000 долараў. Наталля пералічвае 1000 долараў, дамовіўшыся са старшынёй, што канчатковы разлік – толькі пасля прыняцця рашэння Алёхнавіцкім сельвыканкамам аб выдзяленні зямельнага ўчастка.

6 ліпеня

Сын Алены Шумскай у Мінску здымае з карткі і перадае маці другую частку хабару – 2 795 000 рублёў.

29 ліпеня

На пасяджэнні Алёхнавіцкага сельвыканкама прымаецца рашэнне №246 “Аб выдзяленні грамадзянцы Н. зямельнага ўчастка ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, размешчанага ў аграгарадку Алёхнавічы”.

31 ліпеня

Старшыня сельвыканкама не паспявае атрымаць апошнюю 1 000 долараў хабару. Яе затрымліваюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.

У судзе Алена Шумская раскаялася, а сваю віну прызнала часткова. Пагадзілася, што атрымала ад Наталлі 2000 долараў ЗША, але адмаўляла дамоўленасць аб перадачы 3000 долараў. Аднак віну Алены пацвярджаюць таксама іншыя доказы – паказанні сведкаў, а таксама аўдыё- і відэазапісы эпізодаў злачынства, якія прадставілі аператыўныя работнікі праваахоўных органаў.

У прыватнасці, Наталля заявіла на судзе, што была ўдзельніцай аператыўнага эксперыменту пад кіраўніцтвам і кантролем работнікаў міліцыі.

Суд прызнаў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанай як абставіны, што змякчаюць яе віну, і вынес прыгавор.

Леў КРОЕР, старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Вадзімам ШУКРЫНАВЫМ.