У часе Другой сусветнай вайны Лапіцкія апынуліся ў Кабыльніку на Мядзельшчыне. Тут у 1944 годзе Расціслаў упершыню ўлучыўся ў патрыятычны рух, запачаткаваны на Віленшчыне навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі і духоўнай семінарыі. Пры арыштах падпольшчыкаў таксама быў зняволены – за перадрук і распаўсюджванне ўлётак. Як малалетка, ён атрымаў тры гады турмы, старэйшы брат Алег – дзесяць.

 Вярнуўшыся праз год па амністыі дахаты, юнак спачатку вучыўся ў Кабыльніку, а затым у Мядзельскай дзесяцігодцы. У Мядзеле Расціслаў Лапіцкі і разгарнуў працу па стварэнні новай нелегальнай арганізацыі. Актыўнымі яго памочнікамі сталі Факунда Несцяровіч з Юшкавічаў і Язэп Качарга з Качарог. Сваю пазіцыю Лапіцкі выказваў з юначым максімалізмам: «Калі ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе вораг Беларусі – спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе ворагу Беларусі – знішчы яе».

Увосень 1949 года аўдавелая маці перабралася з сынам да родзічаў у Смаргонь. На новым месцы юнак ізноў пачаў шукаць тых, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Назбіралася паўтара дзесятка аднадумцаў. Лапіцкі – рослы, прыгожы, шчодра адораны прыроднымі задаткамі, з вострым розумам і палкім характарам – быў несумнеўным іх лідэрам. Пачалі з улётак. У вёсачцы над Вяллёй уладкавалі невялікую друкарню і неўзабаве ў горадзе, нават на будынках райкама і міліцыі, забялелі расклееныя пракламацыі, і кожная скончвалася заклікам: «Смерць Сталіну!».

Высачыць патрыётаў, не абазнаных у канспірацыі, было няцяжка. Дый сам Расціслаў не хаваў сваіх перакананняў, асабліва на школьных уроках. Пад канец года яго арыштавалі. Тыднёвы допыт не вырваў прызнання, і юнак часова быў выпушчаны з вязніцы. Паводле пастановы арганізацыі ён пакінуў Смаргонь і таемна вярнуўся на Мядзельшчыну. Але і там цяжка было знайсці надзейны прытулак, бо людзьмі апанаваў страх – мядзельскіх падпольшчыкаў ужо выдаў здраднік, і чуткі пра арышты шырока разышліся па раёне. У Кабыльніку знясілены і хворы Расціслаў ізноў быў схоплены эмгэбістамі. Гэтым жа часам ужо ішлі масавыя арышты і ў Смаргоні.

На допытах юнакоў і дзяўчат катавалі бязлітасна. Хто вярнуўся жывым з канцлагераў, потым сведчыў блізкім, што іголкі пад кіпці было не самае страшнае…

15 чэрвеня 1950 года ў Маладзечне адбыўся суд над патрыётамі – пераважна вучнямі 7-10 класаў Смаргонскай і Мядзельскай школ, некаторымі навучэнцамі з Менска. Іх абвінавачвалі не толькі ў «вражеской пропаганде», але і ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Сведчанні Расціслава Лапіцкага на судзе былі прамовамі-абвінавачаннямі рэжыму. Ён гаварыў, як бальшавікі выгналі яго сям’ю зімою з хаты, як яны зневажаюць за веру ў Бога, закрываюць цэрквы і касцёлы, як прыніжаюць беларускую мову, як душаць людзей непамернымі падаткамі, даводзячы да самагубства.

Бальшыня падпольшчыкаў атрымала па 25 гадоў. Лапіцкага ж і Несцяровіча як кіраўнікоў арганізацыі прысудзілі да пакарання смерцю. Расціслаў адмовіўся прасіць памілавання. Ён з абурэннем заявіў: «Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба – можаце мяне забіваць. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!»

Алесь Сьнег – [02.09.2008] www.narach.org

Крыніца: 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мінск, 1999

 

Артыкулы:

Прысуд вілейскім актывістам пакінулі без зменаў

“Нас няма за што судзіць”

Сюдак, Малярчук і Наркевіч асуджаныя

Гісторыя з мемарыялам Лапіцкаму дайшла да суда

Атрыбуты памяці Лапіцкаму зніклі зноў

Ушанавалі памяць Расціслава Лапіцкага