“Цяпер нас мала збіраецца, – адзначае Таццяна. – З усёй паралелі, з двух класаў, чалавек 10. Раней, на працягу гадоў чатырох пасля заканчэння гімназіі, болей было. Цяпер усе раз’ехаліся: хто стаў мараком, як Кірыл Іваніцкі, хто паехаў у Амерыку, шмат хто жыве ў Мінску, але лянуецца выбрацца на вечар сустрэчы”.

З аднакласнікамі Таццяна Беланогая падтрымлівае сувязь па тэлефоне і праз сацыяльныя сеткі ў Інтэрнэце кшталту “Вконтакте”. У Маладзечне, паводле яе слоў, іх засталося зусім нямнога. “Оля Дамаева пераехала ў Жлобін, Міша і Юля Янкоўскія, брат з сястрой, жывуць у Маладзечне, Каця і Таня Борматавы – здаецца, у Мінску”, – успамінае Таццяна. Сама яна таксама засталася ў Мінску, хоць ён і не вельмі падабаецца ёй.

Пра ўсіх педагогаў гімназіі ў Таццяны засталіся добрыя ўспаміны. Але ў інтэрв’ю “РГ” яна найперш назвала настаўніц рускай мовы і літаратуры Вольгу Фёдараўну Дамаеву і Кіру Іванаўну Падалянскую, а таксама дырэктара Ірыну Расціславаўну Байтаз. “Яна вельмі любіць свой прадмет – гісторыю англійскай літаратуры, і мы гэта адчувалі, – успамінае Таццяна. – А калі бачыш людзей, якія так захопленыя сваёй работай, то хочацца быць такімі, як яны, таксама знайсці сябе, знайсці працу, якая б падабалася і прыносіла задавальненне”.

Але школу як сістэму адукацыі яна не вельмі любіць. “Хацелася б, каб школа стымулявала творчы пачатак вучняў, іх актыўнасць. Я вельмі любіла, калі наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Канстанцінаўна Шаўлюк ладзіла тэматычныя вечарыны, да якіх мы спецыяльна рыхтаваліся, гатавалі традыцыйныя стравы – такое запамінаецца. А калі заўсёды звычайная цягамоціна і дзеці цэлы дзень седзьма сядзяць… І ў гэтым не наша гімназія вінаватая – гэта сістэма адукацыі такая”, – лічыць Таццяна Беланогая.

Але гэты недахоп беларускай школы цалкам кампенсуе тое, што падчас навучання мы знаходзім людзей, блізкіх нам па духу. Менавіта ў школе Таццяна Беланогая пасябравала з Мар’янам Багданавым і Юрыем Яцыновічам, якіх лічыць найлепшымі сябрамі, якім можна ўсё даверыць і ўсё сказаць.

Святлана ЦІШКО.

Фота bielanohaja.org.

ДАВЕДКА “РГ”.

Песню Таццяны Беланогай “Белая птушка” запампаваць тут.