Марына Сліж, т. (8-01776) 769667.

“Якое яно? – пытаюся ў дзяўчыны, – якая вось-вось збіраецца выйсці замуж. “Вялікае і светлае”, – адразу ж адказвае яна. А пасля, крышку падумаўшы, дадае: “На вясну падобнае. Сонечную!”

“Што ў сваім сэрцы носіць чалавек, які любіць? – не даю супакою закаханаму юнаку. “Музыку, – смяецца ён. – Прычым яна мяняецца. Калі бяжыш на сустрэчу, радасная і гучная, а калі вяртаешся дадому – крышку сумная”.

У Лены каханне было гордае і пакутнае. Не змагла яна дараваць мужу падман і, забраўшы свае рэчы, пайшла жыць у інтэрнат. Кожны дзень яны сустракаліся на працы, кожны дзень вымушаныя былі вырашаць рабочыя пытанні.

І кожны раз даказваць навакольным, што кахання няма, што знікла яно, згарэла. “Калі заўтра яна хоць раз паглядзіць на мяне з ранейшай пяшчотай – стану на калені і буду прасіць прабачэння”, – казаў ён сабе.

“Калі ён хоць раз мне ўсміхнецца або пажартуе, значыць, не ўсё яшчэ згублена”, – думала яна. Але прыходзіла раніца, і погляд у жонкі зноў быў колкі. А ён, ловячы яе позірк, хацеў выглядаць незалежна. Таму іншым усміхаўся, з іншымі жартаваў…

Хто ведае, колькі б яшчэ доўжыліся гэтыя пакуты, калі б іх мудры начальнік не адчуў, што маладым трэба дапамагчы. Напярэдадні Дня закаханых адправіў абаіх у сталіцу на семінар. А каб фірма не “абанкруцілася”, заказаў у гасцініцы адзін нумар на дваіх. На выхадныя Ленка забрала з інтэрната свае рэчы і зноў пераехала да мужа. “Смешныя”, – падумала вахцёрка баба Люся. “Шчаслівыя”, – гледзячы на іх, разважаў вадзіцель таксі, што дапамагаў выгружаць няхітрую маёмасць.

У Вольгі каханне было грэшнае. Так сказала маці, калі даведалася, што дачка сустракаецца з жанатым мужчынам. “Кідай яго, пакуль не позна, – вучыла яна, – не забірай у дзяцей бацьку. Усё адно шчаслівай не станеш. Таму што добрая ты, мяккая. Нават калі і “вырвеш” яго з сям’і, кожны дзень пра гэта будзеш думаць і мучыцца”.

Дзяўчына ўзяла адпачынак, памяняла нумар тэлефона і з’ехала да цёткі ў іншы горад. Цэлы тыдзень яна не знаходзіла сабе месца. І не было, здавалася, сілы, якая б магла падняць яе з ложка, прымусіць апрануцца, выйсці на вуліцу.

Аднаго дня яна прачнулася і адчула, што нясцерпны боль, які ўсе гэтыя дні балюча сціскаў сэрца, усё ж адступіў.

“Перахварэла, – сказала сама сабе Вольга, – перамагла”. І ўсё б яно нічога, толькі яшчэ адно каханне – светлае і чыстае – так да яе больш і не прыйшло. 40 стукнула, а ўсё яшчэ адна. Бо ў кожным знаёмым мужчыну яна шукае яго рысы твару, яго ўсмешку, яго вочы.

“Апошні дзень у ліпені канчаецца, а я чакаю. А цябе няма”, – любіць цытаваць хлопец радкі з верша, калі хто-небудзь пытаецца, чаму да 30 дажыў, а так і не жаніўся. І паспрабуй тут здагадайся, не перасекліся ў яго яшчэ дарогі з той, за якой гатовы быў бы пайсці на край свету. Ці, як тая Вольга, у свой час перахварэў…

Марына СЛІЖ.