Падобнай тэхнікай, па словах мастачкі, у Беларусі і Расіі не валодае ніхто, таму ўсё прыходзілася і прыдумваць, і спасцігаць самой.

Зіма на хутары

Зіма на хутары

Між іншым, Леаніда па сваёй асноўнай спецыяльнасці – доктар-лабарант. 27 год яна адпрацавала ў Маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Паралельна з работай закончыла Маскоўскі народны інстытут мастацтваў.

Так другая спецыяльнасць ператварылася ў хобі. У вольную хвіліну жанчына малявала пейзажы і партрэты алеем, а калі два гады назад выйшла на пенсію, то вольнага часу стала больш, а фінансавых магчымасцяў – менш. Дарагім фарбам прыйшлося шукаць замену. Так і нарадзілася ідэя працаваць з карой сасны.

– Я вельмі люблю гэта дрэва, – расказала на выставе аўтар. – Сасна мае моцную энэргетыку, і кожны сезон кара мяняе свой колер. Летам яна – медна-залацістая, восенню – цёмна-карычневая, вясной – шараватая. Так што працэс нарыхтоўкі ідзе круглы год, і мае дамашнія з гэтым змірыліся.

Работа карпатлівая – на адну карціну ідзе каля месяца. Тэхналогія як быццам нескладаная: на лістах ДВП выконваюцца эскізы, а потым ужо клеем накладваецца асноўны матэрыял.

Калі ж не хапае патрэбных адценняў, тады “на выручку” прыходзяць пялёсткі кветак, лішайнікі, галінкі траў, ігліца той жа сасны. А ў выніку атрымліваюцца арыгінальныя партрэты, пейзажы і нават іконы.

Многія з наведнікаў падыходзяць да карцін і стараюцца дакрануцца рукамі – каб паверыць, што асеннія пейзажы і зімовыя вечары не намаляваныя, а зробленыя з такога вядомага ўсім матэрыялу, як кара. Энэргетыка ад карцін – вельмі светлая і спакойная.

За два гады Леаніда Цыплянкова стварыла 25 карцін, і гэта яе выстава – трэцяя па ліку. Магчыма, у хуткім часе ў мастачкі з’явяцца аднадумцы і калегі па творчым цэху – на выставе многія з наведнікаў цікавіліся тэхналогіяй стварэння арыгінальных твораў.

Так звычайны прыродны матэрыял, прайшоўшы праз таленавітыя рукі і душу, не толькі набывае новае жыццё, але дае радасць і самому творцу, і ўсім, хто знаёміцца з карцінамі самабытнай мастачкі з Краснага.

Святлана МАРХЕЛАВА,
вучаніца 11 класа гімназіі №10 горада Маладзечна.