Дзевяцікласніца СШ №2 Аня Панятоўская. Пад такім імем ведаюць яе знаёмыя, сябры, сваякі. А вось імя Felisha вядомае маладзечанскай моладзі. Гэта псеўданім Ані, пад ім яна запісвае свае кампазіцыі, якія з кожным днём заваёўваюць усё большую папулярнасць у маладых людзей нашага горада.

Галоўнае – патрапіць у біт

Пачалося Аніна захапленне рэп-культурай тры з паловай гады назад. А летась у маі яно перарасло ў нешта большае. Тады дзяўчына запісала сваю першую кампазіцыю пад назвай “Наш рэп”.

Здарылася гэта выпадкова. Былы аднакласнік Улад Івашкевіч прапанаваў запісаць у студыі сумесную песню. Заставалася напісаць тэкст. Ён быў гатовы за адзін дзень. Потым прыйшоў час запісу ў студыі.

“Я страшна хвалявалася. Баялася, што не атрымаецца, што не патраплю ў біт (рытм – заўвага аўтара). У біт патрапіць вельмі цяжка. Асабліва з першага разу. Галоўнае, пра што папярэдзіў мяне тады хлопец, які працуе ў студыі, каб не кідала мікрафон (смяецца). Але я патрапіла ў біт з першага разу. І гэта была мая першая перамога!”, – апісвае свае ўражанні Аня.

І сапраўды, рытм іграе вельмі важную ролю ў рэпе. Нездарма сама назва расшыфроўваецца як “рытмічная амерыканская паэзія”.

Упершыню пачуўшы запісаную песню, дзяўчына была незадаволеная. Яна патлумачыла: “Усё адбылося вельмі нечакана. Я пачула яе ў школе на перапынку. Не пазнала свой голас. Але калі вярнулася дадому, пераслухала нанова. Асэнсавала. У цішыні. І мне спадабалася. Вельмі спадабалася”.

Аня расказвае, што стварэнне песень – вельмі цікавы і складаны працэс. Першае – стварэнне тэксту. Тут ужо як натхненне прыйдзе. Часам словы нараджаюцца дома, калі слухаеш музыку, часам тэксты пішуцца нават у школе на ўроках! Потым – музыка. Звычайна запіс у студыі займае некалькі гадзін, але ў Ані першая песня была запісаная рэкордна хутка – усяго за гадзіну з паловай.

Публічнасць і першыя падарункі

Публічна Аня ўпершыню выступіла на школьнай дыскатэцы. Вельмі хвалявалася: як успрымуць яе песні? Была канкурэнцыя, у канцэрце ўдзельнічалі іншыя рэперы. Але як толькі загучала музыка, дзяўчыну ахапіла нейкае дзіўнае пачуццё, і выступіла яна ўдала.

У рэпертуары рэпершы Felisha пакуль толькі чатыры песні. Але сярод моладзі яны ўжо добра вядомыя. Даведалася Аня пра гэта, калі бегла па горадзе, кудысьці спяшаючыся. Раптам пачула сваю песню. Абярнулася. Нейкі хлопец ішоў, уключыўшы на сваім мабільным тэлефоне Аніну кампазіцыю. Было вельмі прыемна.

А потым былі першыя падарункі ад прыхільнікаў. Спявачцы падарылі плакат з надпісам: “Felisha – ты лепшая!!!”. А яшчэ быў падарунак у выглядзе надпісу на агароджы каля восьмай школы з прызнаннем у каханні.

Творчасць пачала распаўсюджвацца невядомым для Ані шляхам. Напэўна, прыхільнікі перакачваюць песні з мабільніка на мабільнік. А нядаўна знаёмыя расказалі, што знаходзілі песні Felisha ў Інтэрнэце. Як яны там з’явіліся – для самой спявачкі загадка.

Правілы і законы рэпа

Рэп – асаблівая культура, у якой існуюць свае правілы і законы. Здаровы лад жыцця – адзін з іх. Як прыклад – выступленне каманды рэпераў на канцэрце, прысвечаным Дню супраць СНІДу.

Ну, а правілы, па якіх выконваецца рэп, досыць простыя. Галоўнае – глыбокі сэнс, бездакорнае пападанне ў біт і ўласная, незвычайная манера выканання.

“Я слухаю шмат рэп-музыкі, – расказвае Аня. – І проста для задавальнення, і шукаючы што-небудзь для сябе. Імкнуся чамусьці навучыцца і выпрацаваць свой уласны стыль. Слухаю шмат музыкі ад DMX да ST1M”.

Пра планы і мары

Felisha падзялілася сваімі бліжэйшымі планамі. Па-першае, трэба выступіць з новым трэкам “Пра каханне” на школьнай дыскатэцы 14 лютага. Па-другое, запісаць пра сябе “Represent”. У перакладзе з англійскай – “уяўляць”. Гэты від песні – візітная картка кожнага рэпера.

А яшчэ Аня марыць выступіць у клубе “Магніт”. Па яе словах, сцэна клуба – для сапраўды таленавітых рэпераў. І права там выступіць на самой справе вельмі цяжка заслужыць.

І, як кожны рэпер, Felisha марыць запісаць свой альбом. Гэта было б крута!

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Аксаны ЕЛЬЯШЭВІЧ.