Прайшло ў цяжкай працы лета. Сабралі з палёў ячмень, авёс, проса, гарох. І вось назначылі дзень канчатковай уборкі жыта – дажынкі.

Па запрашэнні гаспадароў збіралася шмат жней. У большасці жалі бясплатна, дзеля таго, каб вечарам ад душы павесяліцца ў гасціннага гаспадара. Платных жней наймалі тады, калі ў адзін і той жа дзень назначаліся дажынкі ў некалькіх гаспадароў ці якому гаспадару трэба было неадкладна скончыць уборку ў гэты самы дзень. Але такое бывала рэдка.

Выходзілі на поле з усходам сонца. Галоўная, самая дасведчаная жняя размяркоўвала месцы. Казала, дзе і каму жаць. Астатнія ахвотна слухалі яе распараджэнні. Галоўную жняю называлі пачынальніцай, астатніх – памагальніцамі. Жалі павольна, не спяшаючыся. Звычайна поле на дажынкі пакідалі невялікае, каб не змарыцца і хапіла сіл на вечар.

Гадзін у адзінаццаць дня гаспадыня на поле прыносіла палудзень. Ежы, піцця – не шкадуючы. Палуднавалі гадзіны дзве, з вясёлай і шумнай гаворкай, з песнямі, жартамі, звонкім рогатам. Пасля браліся няспешна жаць зноў.

Гадзіны праз тры па абедзе гаспадары прыносілі падвячорак з халодных страў і закусак, частавалі гарэлкай. Пад вечар жнеі дружна браліся за працу, падганяючы адна другую рознымі прымаўкамі і прыказкамі, і з песнямі дажыналі жыта. Кожная са жней адкладвала па некалькі каласкоў для агульнага снапка – дажыначнага. Звязаўшы дажыначны сноп, жнеі дзяліліся: замужнія жанчыны зносілі і складалі снапы ў копы (напэўна, з дапамогай мужчын, не мог жа падвячорак без іх абысціся), дзяўчаты, сабраўшыся ў кружок, выбіралі Багіню. Выбраўшы самую, на іх погляд, прыгожую сяброўку, жнеі-дзяўчаты дажыналі пакінутую лапінку жыта, спляталі з калосся вялікі вянок, аздабляючы яго рознымі палявымі кветкамі і стужкамі. Вянок ускладалі на галаву Багіні, у рукі давалі дажыначны сноп, пры гэтым спявалі і вадзілі карагоды.

Скончыўшы працу, да дзяўчат далучаліся старэйшыя жнеі і на чале з Багіняй, з песнямі і прытанцоўваючы, усе разам адпраўляліся да гаспадарскай сядзібы. Песні, вясёлы смех не змаўкалі ўсю дарогу.

Абрады дажынак, як і зажыначныя, захавалі ў сабе старажытную магічную аснову, скіраваную на тое, каб, з аднаго боку, аддзячыць Духаў поля і ніву, якая параўноўваецца ў народных уяўленнях з жывой істотай, за плён земляробчага года: новае збожжа, новы хлеб, а з другога – зрабіць захады на будучы ўраджай: апошнія каласкі, як і пачастункі, што пакідалі разам з імі на полі, былі ахвяраваннем гэтым Духам і “ніўцы”, з дапамогай якога кожны гаспадар разлічваў на будучую плоднасць поля, яго нараджальную моц і шчодрую аддачу.

Дзядзька КАПЦЮГ, Вілейка.