Каляска ў іх пакуль што адна, таму дыхаць свежым паветрам ездзілі па чарзе. “Вы б бачылі, як яны на вуліцы добра спалі!” – радуецца за ўнукаў бабуля Рэгіна. “А як мы стаміліся апранаючы іх!” – смяецца мама, Марына.

Дзеткі нарадзіліся маленькімі. Ірынка, напрыклад, важыла ўсяго адзін кілаграм і 180 грамаў. Таму маму выпісалі з бальніцы праз тыдзень. А немаўлят пакінулі набіраць вагу.

Першымі дадому прыехалі Кірыл (ён нарадзіўся першым) і Ірынка (яна была апошняя). Карынка з Вадзімам засталіся ў Цэнтры маці і дзіцяці. Сабралася ўся сямейка разам толькі пасля Новага года. Ну і, канешне ж, дала жару.

“Яны калі плачуць, – расказвае Марына, – то адразу ўсе. Самая неспакойная ў нас Ірына, яна звычайна і “запявае”. А астатнія ўжо падхопліваюць. Нам яшчэ ў бальніцы сказалі, што ў дзяцей моцная сувязь, яны адчуваюць адно аднаго. У палаце іх жа ляжала шмат. Заплача чужы хлопчык альбо дзяўчынка, яны не зважаюць. А вось калі брацік альбо сястрычка падасць голас, галосяць учацвярых”.

Канешне ж, з дзецьмі спраўляцца цяжка. Няньчацца з імі мама, бабуля, якая пакінула добрую работу на мясакамбінаце і аформілася нянькай, і прабабуля Марыя Юльянаўна.

Да нядаўняга часу яна жыла ў вёсцы Дукойні, што ў сямі кіламетрах ад Ашмянаў. Мела карову, свіней, курэй. Ды як паглядзела, як яе дачцэ з унучкай дзетак падымаць цяжка, звяла сваю гаспадарку і перабралася ў горад. Маўляў, што можа быць важней за дзяцей.

“Мама мая такая маладзец! – кажа Рэгіна Раманаўна і не хавае слёз удзячнасці. – Марыне ж бывае трэба куды адлучыцца. У магазін, напрыклад, паліклініку. А колькі даведак мы за гэты час для розных інстанцый сабралі! Яна за дзверы, а я не ведаю, што рабіць, за што хапацца. Цяпер мы ўдзвюх, і нам не страшна”.

Жывуць яны ўсёй вялікай і дружнай сямейкай у бабулінай двухпакаёўцы. Малым аддалі зал, там стаяць два дзіцячыя ложкі, каляска, дзве канапкі. “Адразу мы думалі, што яны будуць спаць валецікам, – разважае бабуля, – ды не атрымалася, б’юцца ў сне ножкамі, будзяць адно аднаго. Таму адзін наш хлопчык абжыў калясачку. Яна двухмесная, прасторная. А Ірынку, як самую неспакойную, забірае да сябе ў спальню прабабуля”.

Адзін дзень у іх не падобны на другі. Бывае, дзеці добра спяць, гуляюць. А, бывае, не даюць дарослым спакою ні днём, ні ноччу. Таму адпачываюць яны ўрыўкамі. Заснуць немаўляты днём – і бабулі з мамай лягуць крышку падрамаць. Хто ведае, якая ноч уперадзе.

Растуць малыя хутка. У мінулы панядзелак мама з татам іх узважылі. Канешне ж, самымі дужымі аказаліся хлопцы: Кірыл ужо важыць 5 кілаграмаў 400 грамаў. Вадзім – 4 кілаграмы 300 грамаў. А дзяўчынкі – Карына і Ірына, па чатыры кілаграмы.

“Дзеці нашы не падобныя паміж сабой, – расказвае Марына. – Нешта агульнае ёсць хіба што ў дзяўчынак. Ды і па паводзінах яны розныя. Самы маладзец – Кірыл. Яго і не чуваць. Паесць і спіць сабе далей. Падобная да яго Карына. Асаблівых клопатаў не стварае. А вось Вадзімка – адразу бачна, што Ірынін брат. Такі ж неспакойны”.

Кормяць дзяцей Лукашэвічы сумесямі. Іх, як шматдзетная сям’я, атрымліваюць бясплатна. Кожнаму свая порцыя. Большыя дзеткі з’ядаюць па 140 грамаў, меншыя – па 110-120. Пачкі на дзень ім ужо не хапае. Памперсаў ідзе ў дзень прыкладна 18-20 штук. Іх купляюць на рынку оптам, так танней.

Грошы сям’і, канешне ж, даводзіцца лічыць. Растуць дзеці, а з імі і патрэбы. У аўторак збіраліся купіць яшчэ адну двухмесную каляску, каб усім разам выязджаць на вуліцу, дзесьці ў сакавіку збіраюцца адкласці грошы на адзенне. Дзеці растуць хутка. Таму адны кашулькі і паўзункі трэба замяняць другімі.

Падумваюць у сям’і Лукашэвічаў і пра пераезд у новую кватэру. Яна ў іх будзе вялікая, ажно на пяць пакояў і агульнай плошчай больш за 110 квадратных метраў. “Кватэру выдзеліў Ашмянскі райвыканкам, – расказвае Марына, – мы яе ўжо бачылі. Прыгожая, прасторная. Нічога не магу сказаць: будаўнікі пастараліся! Нам нават, у парадку выключэння, дазволілі самім выбраць шпалеры і плітку”.

Але параілася з мужам, маці і вырашылі пачакаць да вясны. Хай кватэра прасохне, прагрэецца. Ды і дзеткі да гэтага часу падрастуць”.

Не прамінулі пахваліцца Лукашэвічы і тым, што новая іх кватэра ў добрым месцы. Побач дзіцячы садок, школа. А яшчэ – што адчуваюць клопат і ўвагу мясцовых медыкаў. Дактары прыходзяць да іх дадому. Абследуюць дзетак, даюць рэкамендацыі, сочаць за тым, як яны развіваюцца і растуць.

“Канешне ж, будзе нялёгка. Не толькі фізічна, але і матэрыяльна, – кажа Рэгіна Раманаўна. – Ды мы неяк стараемся пра гэта не думаць. Хай растуць здаровенькімі, а астатняе прыкладзецца”.

“Рэгіянальная газета” будзе расказваць і далей, як растуць чацвёра блізнят у Ашмянах. А калі хто і сам хоча даведацца пра навіны з першых вуснаў ці чым дапамагчы гэтай шчаслівай сям’і, можа патэлефанаваць у Ашмяны па нумары 46-7-39. Код (801593).

Марына СЛІЖ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Папярэднія артыкулы на гэту тэму:

Сям’я Лукашэвічаў у зборы

Чацвёра ў калысцы