Заяц-русак.

Рыжая хітруха ліса.

Сойка.

Курапаткі.

На паляванні.

Снягір.

Вялікія сініцы.

Пеўнік курапаткі.

 

Белы маскіровачны халат, белыя рукавіцы, белая шапачка. У такім адзенні фотапаляўнічы становіцца нябачным для звера. Улічыўшы напрамак ветру і зліўшыся са снегам, ён можа смела спадзявацца на ўдалы “выстрал”. Асабліва калі напярэдадні падкарміў звера.

Возьмем для прыкладу шэрую курапатку. Калі зрабіць ля самай вёскі шалашык з яловых лапак і насыпаць у яго адходаў зерня, то пры ўстойлівым снежным покрыве літаральна праз тыдзень птушкі яго знойдуць.

Звычайна чарада курапатак прылятае на сняданне ў дзевяць гадзін раніцы. І сядае на зямлю прыкладна за метраў сто ад шалаша. Стары самец аглядаючыся, з кароткімі прыпынкамі, вядзе чараду да падкормкі. Падсілкоўваюцца яны асцярожна. Тым не менш, у гэты час ужо можна пачынаць фатаграфаваць. Сталуючыся, птушкі не звяртаюць увагі на бляск фотааб’ектыва і шчоўканне камеры.

Вельмі цікава зды­маць птушак ля кармушкі. Канешне ж, натуралісту-фатографу трэба загадзя падрыхтавацца да гэтага працэсу. Для аўсянак і шчыглоў назапасіць восенню кармавыя венікі з лебяды і конскага шчаўя; снегіры, дразды, сойкі з задавальненнем ласуюцца рабінай і мерзлымі яблыкамі; сінічкі не адмовяцца ад семачак, хлебных крошак і кавалачкаў несалёнага сала.

Кармушку можна ўстанавіць прама на кухонным акне. Фортачку зацягнуць матэрыяй, а ў прарэзаную адтуліну ўставіць фотаапарат са звычайным аб’ектывам. Птушкі яго зусім не баяцца.

Вельмі важна і добра, калі ў фотапаляўнічага ёсць сябры, знаёмыя, калегі, якія маюць тое ж захапленне. Удваіх і весялей, і цікавей спазнаваць новае.

Раніца. Пароша. Па палявой дарозе едзем на аўтамабілі. Бачым, што ўся яна “ўсланая” слядамі казуль. Спыняемся, на­дзя­ва­ем з сябрам маскіровачныя халаты. Праз некалькі хвілін нам прый­дзецца стаяць у адкрытым полі, узброіўшыся фотаапаратам і відэакамерай. Як і на паляванні, ідзём на нумары. А наш вадзіцель накіроўваецца ў густое кустоўе, куды хутчэй за ўсё схаваліся казулі.

Вызначаем напрамак ветру, бо звяры заўсёды стараюцца ісці супраць яго, каб пачуць небяспеку. Адходзім ад кустоў на метраў 300-500. Праз нейкі час чуем голас ва­дзіцеля Барыса. Прахо­дзяць яшчэ хвіліны тры, і з кустоў паказваюцца чатыры казулі.

Вялізнымі скачкамі яны нясуцца па пушыстым снезе. Адразу прабеглі недалёка ад Алега, які здымаў на камеру, затым накіраваліся на мяне. Нават на такой хуткасці яны змаглі заўважыць, што ў чыстым полі стаіць нейкі аб’ект у белым, і за 25 метраў статак звярнуў. Прабегшы яшчэ метраў сто, ён спыніўся, так і не зразумеўшы, што гэта было, і спакойным крокам накіраваўся да бліжэйшага лесу. Мы ж, задаволеныя і шчаслівыя вынікамі, накіраваліся далей.

Не менш цікава назіраць зімой за жыццём жывёльнага свету, асабліва пасля парошы. Іду, прыглядаюся. Ля рэчкі бачу сляды норкі. Вось яна зайшла ў ваду і выйшла на другім беразе. А ў гэтым месцы засталося толькі некалькі рыбных лускавінак і некалькі кропелек крыві на краі лёду.

А вось у густым ельніку натаптала куніца. Хутчэй за ўсё, пачула рабчыка. І сапраўды, на старой елцы ляжыць куча стракатага пер’я. Значыць, вячэра атрымалася.

А вось пайшоў заяц. Гэты хітрун не будзе ісці напрамкі да месца сваёй лёжні, а заблытае сляды так, што нявопытнаму натуралісту наўрад ці ўдасца яго знайсці.

Не так лёгка сфатаграфаваць і лісу. Слых у рыжай прайдохі адмысловы. Таму наблізіцца да яе можна, самае большае, на метраў 200. Кладзёмся на снег, ставім на снезе экран з белай матэрыі, праз проразь высоўваем фотаапарат і пачынаем, імітуючы піск мышы, прыцягваць увагу. Гэта будзе шчасцем, калі ліса адвернецца…

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

Гэтага ж аўтара:

За белымі чаплямі

Жывёлы ў зоне забруджання

Прыгажосць праз аб’ектыў

Ля прынады ў запаведніку

Пра Віктара Казлоўска:

Выстрал, што нараджае прыгажосць