Маладзечанскі раён на абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях вызначаны як адзін з самых небяспечных па верагоднасці падтаплення падчас сёлетняй паводкі.
Мясцовыя ж выра­та­валь­нікі сцвярджаюць: раён не “паплыве”, а вось затапленні асобных участкаў будуць абавязкова.

Падтопленым цалкам можа аказацца толькі садовае таварыства “Будаўнік-81”, якое знаходзіцца на мяжы Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў, па­ве­даміў галоўны спецыяліст па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый ГРАНС Андрэй Будо.

Паводле яго слоў, дачы там стаяць у старым рэчышчы Віліі. Калі Вілейска-Мінская водная сістэма пачынае масавае скідванне вады з Вілейскага вадасховішча, вада заходзіць у старое рэчышча ракі і пачынае падтопліваць садовыя ўчасткі, а дзе-нідзе і дамы.

“У раёне няма рэк, якія падчас паводкі сур’ёзна могуць паўплываць на жыццё і бяспеку людзей, падтапіць не тое, што горад, а нават вёску, – кажа Андрэй Будо. – Тая ж Уша працякае дастаткова далёка ад населеных пунктаў. Для таго, каб яна стварыла праблемы, узровень вады павінны падняцца на тры з паловай метры. Такога яшчэ не было”.

Падтаплення асобных участкаў у горадзе і раёне, па меркаванні спецыяліста, сёлета пазбегнуць будзе немагчыма. Андрэй Будо назваў участкі, вызначаныя раённай камісіяй па надзвычайных сітуацыях як найбольш небяспечныя.

Горад: вуліцы Абухава, Вілейская, Купальская, Велікасельская, Вялікі Гасцінец (каля парку), другі завулак Якуба Коласа, другі завулак Сухі.

Раён: Краснае, Дамашы, Вытрапаўшчына, Выверы, Рабінавая, Дубрава, Баяры.

Старшыня райвыканкама 18 лютага падпісаў распараджэнне “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных сітуацый, звязаных з умовамі надвор’я”. Па словах Андрэя Будо, у дакуменце на шасці лістах падрабязна апісана, якія сілы выдзяляюцца на выпадак узнікнення надзвычайных сітуацый.

Людзі і тэхніка будуць задзейнічаныя з “Камунальніка”, водаканала, электрасеткаў, меліярацыйных сістэм, “Спецбудмеханізацыі”, ДРБУ-49, ДРБУ-195. Калі не будуць спраўляцца яны, дапаможа гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях.

“Уся тэхніка правераная, запас паліва створаны. Адзіная праблема, якая нас турбуе, – бесклапотнасць саміх жыхароў горада і раёна. Каб пазбегнуць падтаплення, на сваіх падворках трэба пракапаць канаўкі для сцёку вады і не забру­джваць смеццем ліўневую каналізацыю. У адваротным выпадку, калі дні чатыры запар пратрымаецца цёплае надвор’е, адкачаць акіян вады нават мы не зможам”, – сказаў Андрэй Будо.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з архіва “РГ”.

Чытай таксама “Выратавальнікі збілі ледзяны затор на Ушы”.